Ученики школы искусств уже за первые полгода получили первые дипломы

Культура Образование и молодежь Общество

Да добрага хутка прывыкаеш. Адно паўгоддзе адвучыліся нашы дзеці ў новым будынку школы мастацтваў, а здаецца, што прасторныя холы, светлыя калідоры і класы ўжо даўно з’яўляюцца звыклым інтэр’ерам іх заняткаў. А на сценах апошніх, прынамсі, ужо з’явіліся і свежанькія дыпломы – за перамогі ў шэрагу музычных конкурсаў.

“Нельга, канечне, у станоўчым ключы прыгадваць пандэмію, аднак менавіта яна падштурхнула да больш шырокага распаўсюджвання завочных творчых конкурсаў. У адрозненне ад вакалістаў, якія і дагэтуль часта спаборнічалі па відэазапісах, у інструменталістаў такі фармат папулярным не быў. Але апошнім часам і ў нашай сферы з’явілася нямала “завочных” прапаноў”, – разважаюць педагогі аддзялення народных інструментаў Галіна Хвошч і Ірына Коршун. Юныя музыканты ахвотна імі скарысталіся: толькі за першы месяц зімы яны ўзялі ўдзел у трох дыстанцыйных конкурсах і заваявалі цэлы россып узнагарод.

Паспяховы старт задаў фестываль-конкурс дзіцячай творчасці “Крыштальная сняжынка” – і калі першае месца юнага цымбаліста Паўла Шайтара папоўніла ўжо багатую скарбонку яго ўзнагарод, то для балалаечніка Дзяніса Лаюшкі дыплом лаўрэата ІІ ступені стаў дэбютным трафеем. Адзначыла іх выканаўчае майстэрства і журы праекта “МузыкалкаЛіда”, узнагародзіўшы абодвух дыпломамі лаўрэатаў ІІ ступені. Дзяніс жа “разжыўся” і яшчэ адной узнагародай – ІІІ месцам конкурса “Навагодні феерверк”. Поспехі літаральна акрылілі хлопчыка. А як прыемна яму было чытаць на канале YouTube пад сваім конкурсным відэа каментарыі кшталту: “Ад душы паслухала! Вельмі прыгожа, дзякуй табе вялікі, разумнічак!” Канечне, парадаваліся за сына і бацькі. “Калісьці да мяне на ўрокі хадзіла мама Дзяніса Вольга Іванаўна, зараз сямейную музычную эстафету ўдала падхапіў Дзяніс!” – кажа Г.Хвошч.

На двух апошніх прыгаданых творчых спаборніцтвах вызначыўся і яшчэ адзін выхаванец Галіны Уладзіміраўны Аляксей Броўка: на яго рахунку званне дыпламанта І ступені і лаўрэата ІІ. Сёлета хлопец ужо заканчвае навучанне ў школе мастацтваў, але гэта быў яго першы конкурсны вопыт. Аляксей – чалавек шматгранны: ён не толькі іграе на балалайцы і гітары, а і паспяхова займаецца скалалажаннем. Паўдзельнічала ў гэтых праектах і трыа цымбалістаў у складзе Ульяны Хвошч, Аліны Зарубы і Мікіты Крыжэўскага. Іх “Белавежская пушча” стала хітом усіх апошніх канцэртаў, што ладзіліся на новай сцэне школы мастацтваў. Спадабаўся нумар і журы конкурсаў: ушачане атрымалі два дыпломы лаўрэатаў ІІ ступені.

Нельга не адзначыць вялікі ўклад у падрыхтоўку нумароў канцэртмайстраў Святланы Раманаўны Валовай і Людмілы Васільеўны Сляцкай. Што і казаць, пачатак зімы ў нашых юных цымбалістаў і балалаечнікаў аказаўся плённым. Але стартаваў новы год – і ён абавязкова прынясе нямала творчых поспехаў.

Наталля БАГДАНОВІЧ.

Дарэчы

  • Выступленні Д.Лаюшкі і А.Броўкі можна паглядзець у групе “Патрыёта” “ВКонтакте”.
  • “Удзел у конкурсах дазволіў і нам, і вучням ацаніць свае магчымасці: як аказалася, мы выглядаем вельмі дастойна! – адзначаюць педагогі. – Для дзяцей гэта добры стымул яшчэ больш старанна асвойваць інструмент”.


Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *