Как юные ушачане занимаются в отделении плавания ДЮСШ и показывают свои первые успехи

Cпорт

У спартыўных рубрыках “Патрыёта” дасягненні плыўцоў фігурыруюць пакуль не надта часта, што і нядзіўна, бо гэты від у нас культывуюць не так даўно, ды і канкурэнцыя ў ім надзвычайная. І тым больш значным і прыемным стаў залаты медаль выхаванца аддзялення плавання Ушацкай ДЮСШ Аляксея Салодкіна, заваяваны ім нядаўна на ІІІ адкрытым кубку спартыўнага клуба “Белы мядзведзь”, чарговы этап якога праходзіў у Мінску на базе Белдзяржуніверсітэта фізічнай культуры.

Гэты поспех стаў добрай падставай, каб наведаць трэніроўку юных плыўцоў і бліжэй пазнаёміцца з трыумфатарам, яго сябрамі па аддзяленні і трэнерам Вікторыяй Первянёнак, якая і прывяла хлопчыка да першай адметнай перамогі. Аляксей – трэцякласнік, а ў плаванне прыйшоў, як толькі ў 2017-м адкрыўся спартыўны комплекс і аб’явілі набор у адпаведную групу. Такім чынам, у свае 8 год ён з’яўляецца “старажылам” аддзялення. З усіх стыляў хлопчыку найбольш падабаецца брас, што, аднак, не перашкодзіла яму на мінскіх спаборніцтвах выйграць 50 метраў на спіне. “Пастараўся правільна раскласці сілы па дыстанцыі. У сярэдзіне вырваўся ўперад, і хоць на фінішы сапернікі вельмі хацелі мяне дагнаць, але я ўтрымаўся, апярэдзіўшы іх на пару сотых секунды”, – распавядае Лёша. Расказвае таксама, што на “золата” не спадзяваўся і меў на мэце проста паказаць добры вынік, каб парадаваць каманду, трэнера і сваіх блізкіх. У хлопчыка, дарэчы, у сталічным басейне былі персанальныя балельшчыкі – цёця і сямігадовы дваюрадны брат, які таксама займаецца плаваннем. Канечне, парадаваліся за сына і бацькі: хоць іх прафесіі не звязаны са спортам (папа працуе ў дарожнай сферы, а мама займаецца вытворчасцю хлеба), але захапленне хлопчыка яны цалкам падтрымліваюць. Аляксей з задавальненнем прадэманстраваў іх падарунак за перамогу – якасныя плавальныя акуляры, трэніравацца ў якіх стала больш камфортна.

“Бачна, што Лёша – захоплены і мэтанакіраваны юны спартсмен. А ці шмат пачынаючых плыўцоў з цягам часу адсейваюцца?” – цікавімся ў В.Первянёнак. “Такія, канечне, ёсць. Калі адкрылася аддзяленне, назіраўся сапраўдны плавальны бум. Летась у нас спрабавалі свае сілы больш за 50 дзяцей, на сённяшні ж дзень займаюцца 34. Спачатку запісваем іх у групы пачатковай падрыхтоўкі, што прыходзяць у басейн 3 разы ў тыдзень, потым пераводзім у вучэбна-трэніровачныя, якія займаюцца штодня. Хоць плаванне – адзін з самых карысных для арганізму відаў спорту, але ёсць такія, хто не вытрымлівае даволі інтэнсіўных і манатонных трэніровак ці, напрыклад, з-за недастатковага імунітэту пачынае прастуджвацца. Так што застаюцца самыя стойкія”.

На пытанне, у якім узросце варта пачынаць займацца плаваннем, Вікторыя Аляксееўна тлумачыць, што лепш, канечне, раней, аднак яна сама, напрыклад, прыйшла ў басейн у чацвёртым класе – захацела мець прыгожую фігуру. Спорт так спадабаўся, што хутка перайшла ў спецклас, а потым трапіла ў вучылішча алімпійскага рэзерву, выканала нарматыў кандыдата ў майстры спорту. Адметна, што на працягу 10 год яе трэнерам быў Ігар Капыценка, які з’яўляецца галоўным арганізатарам кубка СК “Белы мядзведзь” і, напэўна, з цікавасцю сочыць за поспехамі вучняў былой выхаванкі. А яны сваю Вікторыю Аляксееўну любяць і стараюцца не падвесці. Зрэшты, сімпатыя гэта ўзаемная: адпрацаваўшы ў нашай ДЮСШ прызначаныя маладому спецыялісту два гады, дзяўчына засталася тут, хоць пры жаданні змагла б уладкавацца і ў родным Полацку. Не парваў сувязі з нашым райцэнтрам і малады трэнер Уладзіслаў Бабкін, разам з якім яны пачыналі развіваць ва Ушачах плаванне: ён тройчы ў тыдзень прыязджае з горада, каб праводзіць трэніроўкі, суправаджае дзяцей і на спаборніцтвах.

“У нас шмат перспектыўных дзетак!” – сцвярджае В.Первянёнак і з пяшчотай расказвае пра сваіх выхаванцаў. Так, напрыклад, першы поспех прыйшоў нядаўна да Івана Чумакова, які на спаборніцтвах у Пінску выканаў нарматыў ІІІ дарослага разраду на дыстанцыі 50 метраў вольным стылем. “А бачыце на дарожцы худзенькую дзяўчынку ў ружовай шапачцы? Гэта Мар’яна Заруба, вельмі шустрая і вынослівая, думаю, хутка таксама будзе прыносіць нам медалі…” Да слова, ужо ў гэтым месяцы юныя плыўцы плануюць адправіцца на наступны этап прыгаданага вышэй кубка, ну а нам застаецца пажадаць, каб гэты прэстыжны від спорту развіваўся ва Ушачах паспяхова, а яго прадстаўнікі не сыходзілі з газетных старонак.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



1 комментарий по теме “Как юные ушачане занимаются в отделении плавания ДЮСШ и показывают свои первые успехи

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *