Поддержать разумную инициативу. Личный прием граждан в Ушачах провёл председатель Палаты представителей Национального собрания Республики Беларусь Владимир Андрейченко

Общество

Чарговы асабісты прыём грамадзян і прадстаўнікоў юрыдычных асоб, які 5 лістапада праводзіў ва Ушачах старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, дэпутат ад Докшыцкай выбарчай акругі №22 Уладзімір Паўлавіч Андрэйчанка, быў адметны тым, што амаль усе пытанні, з якімі звярталіся людзі да спікера парламента, насілі калектыўны характар і закраналі розныя пытанні жыццядзейнасці многіх грамадзян.

Так, механік участка “Ушачы” аўтатранспартнага прадпрыемства №6 г. Наваполацк Раман Рудзёнак і вадзіцель аўтобуса Сяргей Ярмош у чарговы раз агучылі просьбу аб асфальтаванні сямі кіламетраў аўтадарогі Ушачы-Бабынічы. Яе стан не задавальняе аўтамабілістаў – нягледзячы на перыядычнае грэйдзіраванне, палатно хутка прыходзіць у непрыдатнасць – рух на дарозе ажыўлены. Пытанне заяўнікі ўздымалі як ад імя дзясяткаў жыхароў вёсак Матырына і Строкты, якія дабіраюцца на працу ў райцэнтр на асабістых аўтамабілях, так і з пункту гледжання прафесіяналаў – аўтобусы прадпрыемства кожны дзень здзяйсняюць па прыгаданай гравійцы пасажырскія рэйсы. Дырэктар Ушацкага ДРБУ-105 Аляксандр Уладзіміравіч Пячкоўскі растлумачыў, што капітальны рамонт названай трасы быў уключаны ў праект Дзяржаўнай праграмы па развіцці аўтадарог у Рэспубліцы Беларусь на 2017-2020 гады, але ў сувязі з карэкціроўкай планаў работы не праводзіліся. Старшыня Ушацкага райвыканкама Уладзімір Генадзьевіч Аўдошка адзначыў, што праблема ўладам вядомая, накіравана хадайніцтва аб уключэнні дадзенай аўтадарогі ў дзяржпраграму на бліжэйшы час. У сувязі з гэтым У.П.Андрэйчанка даручыў дырэктару КУП «Віцебскаблдарбуд» У.С.Мацвееву ў 2021-2022 гадах вырашыць пытанне з асфальтаваннем участка.

Пенсіянерка Марыя Верташонак на прыёме прадстаўляла жыхароў вуліцы Полацкай і аднайменнага завулка – каля 30 індывідуальных домаўладанняў, гаспадары якіх прасілі аказаць садзейнічанне ў будаўніцтве каналізацыйных сетак у іх мікрараёне. Іх даўжыня арыенціровачна складае кіламетр, кошт, без дазвольнай дакументацыі і праектных работ, – амаль 120 тысяч рублёў. Грамадзянам растлумачана, што згодна з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 22 снежня 2018 года №488 будаўніцтва сетак ажыццяўляецца ўладальнікамі жылых дамоў за кошт уласных сродкаў. Зразумела, што на аднаго гаспадара сума выходзіць немаленькая, але ўказ прадугледжвае паэтапнае пакрыццё паслуг эксплуатуючай арганізацыі на працягу года пры ўмове першапачатковага ўзносу не менш за 10 працэнтаў платы за далучэнне.

Жыхары 4-х кватэрнага дома №31 па вуліцы Савецкая ў г.п. Ушачы мараць аб капітальным рамонце будынка 1958 года пабудовы. Дом быў узведзены сіламі ПМК-66 і знаходзіўся на балансе прадпрыемства. У 1997-ым пры перадачы жыллёвага фонду ва УП ЖКГ Ушацкага раёна гэты будынак не трапіў у спіс, а дагавор на тэхабслугоўванне з камунальнай службай жыхары заключылі толькі ў верасні бягучага года. Намеснік старшыні райвыканкама Андрэй Вітальевіч Галяковіч паведаміў, што існуе зацверджаны графік капітальнага рамонту жылфонду, дзе ў бліжэйшай перспектыве Савецкая, 31 не значыцца – туды ўключаны аб’екты, жыхары якіх дзесяцігоддзямі выплачвалі грошы на капрамонт. Неабходныя ж работы па падрыхтоўцы названага дома да халадоў і яго ўтрыманні ў належным стане УП ЖКГ Ушацкага раёна выканае за кошт бягучага рамонту, а жыхарам неабходна запасціся цярпеннем і чакаць чаргі на капітальны.

Павелічэння плошчы зямельнага ўчастка, прадастаўленага для абслугоўвання касцёла святога Лаўрэна, або аб’яднання двух памежных хочуць прыхаджане, якія плануюць сваімі сіламі выканаць добраўпарадкаванне тэрыторыі і прылеглых да касцёла старадаўніх каталіцкіх могілак. У.П.Андрэйчанка даручыў кіраўніцтву раёна разабрацца ў сітуацыі і, калі ёсць законныя механізмы вырашэння пытання, дапамагчы вернікам. «Добрую справу задумалі, трэба падтрымаць ініцыятыву», – адзначыў Уладзімір Паўлавіч.

Паступілі таксама пытанні, якія тычацца пагашэння запазычанасці ў разліках паміж юрыдычнымі асобамі – заяўніку прапанавана вырашаць праблему ў судовым парадку. У цэлым па ўсіх зваротах дадзены адказы і тлумачэнні, даручэнні кіраўніцтву райвыканкама і арганізацый па кампетэнцыі.

А вось ушачанка Марыя Ярмош прыйшла на прыём не з просьбай. Ад імя жыхароў вуліц Авангардная і капітана Хрыпача яна выказала словы падзякі У.П.Андрэйчанку за садзейнічанне ў вырашэнні пытання па асфальтаванні гэтых вуліц у бягучым годзе. Да яе слоў ахвотна далучыліся б сотні жыхароў нашага райцэнтра – дзякуючы дапамозе дэпутата сёлета ва Ушачах у асфальт апрануліся 12 вуліц!

Па выніках прыёму У.П.Андрэйчанка станоўча ацаніў дзейнасць мясцовых органаў улады па рабоце са зваротамі грамадзян, у вырашэнні тых праблем, з якімі людзі прыходзілі да яго падчас папярэдніх візітаў – па словах дэпутата, яны працэнтаў на 90 выкананы.

Дзмітрый Раманоўскі.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *