Армия закалила и пошла на пользу. Как ушачанин Евгений Касяк проявил себя на службе и получил предложение остаться работать в Вооружённых Силах

Образование и молодежь

Толькі тры тыдні, яе Яўген Касяк павесіў у шафу кіцель з пагонамі старшага сяржанта і зараз адпачывае, задумваецца над самым галоўным – далейшай прафесіяй. А пашырыць выбар дазволіла ў тым ліку і армія, адкуль паступіла прапанова на службу па кантракце.

Жэню загартоўка пайшла на карысць ва ўсіх сэнсах. Кідаецца ў вочы ўзмужнеласць, бо добра памятаю, якім хударлявым праводзілі яго паўтара года таму. А зараз плячысты статны юнак трапна адказвае на пытанні, віртуозна абыходзячы рассакрэчванне службовых нюансаў. І накачаць мышцы, падцягвацца, хутка бегаць аказалася лягчэй, чым навучыцца кіраваць падначаленымі, а ў кантралёра, намесніка камандзіра ўзвода аховы – на такой пасадзе заканчваў службу ва ўнутраных войсках у асобнай стралковай роце, што ахоўвае зняволеных – іх было пад пяцьдзесят.

“Колькі трэба было адціснуцца ад падлогі за “правіннасць”? – правакую Жэню пытаннем. – Якім чынам выхоўваў дысцыпліну ў равеснікаў?

– Ну што вы, гэта старыя метады, навошта, каб салдат ненавідзеў злога сяржанта. У нас калектыўная адказнасць. Калі нехта адзін не заправіў ложак, значыць уся казарма будзе рабіць гэта з паўгадзіну. Дрэнна прыбралі – генеральная ўборка. Ну а калі і адціскацца на плацы, дык таксама разам. Прычым, не мая знаходка, сам праз гэта праходзіў, добра вучыць.

Упэўнены ў сабе, з пачуццём гумару, ён зазначае, што таксама ледзь не страціў прытомнасць падчас першай фізпадрыхтоўкі. Муштравалі сур’ёзна, мёдам яго службу не назавеш, можна сказаць, усё як у савецкай арміі. Іспытамі былі не толькі заняткі, але нават і дзень нараджэння, падчас якога ўвесь узвод дарыў імянінніку сваё сметанковае масла. Яўгену пашчасціла, ён аказаўся ў нарадзе, таму з’еў толькі крыху больш 200 грамаў, калі іншыя “частаваліся” паўтара кілаграмамі. На ежу наогул не скардзіцца, усяго хапала, хаця кашы не будзе заказваць дома яшчэ доўга. Не было ў Яўгена і яго саслужыўцаў і “халявы” са звальненнямі, якія апошнім часам па выхадных сталі нормай у розных ваенных часцях краіны. “У нас асаблівыя ўмовы, нават у форме ніколі не выходзілі, толькі ў цывільнай вопратцы, ну а сітуацыя з каранавірусам наогул закрыла выхады”. Хаця дома за паўтара года Жэня быў неаднойчы, а апошні раз у жніўні нават на 20 сутак. Менавіта такім чынам адзначалі стараннага ваеннаслужачага. Асабістыя падзякі кіраўніцтва, здымкі ля сцяга часці, пяць заахвочванняў, два значкі за выдатную службу і, канечне, хуткі рост. Званне малодшага сяржанта ён атрымаў адразу пасля вучэбкі, а праз 5 месяцаў і сяржанта. У самым пачатку паступалі прапановы папоўніць і рады войскаў спецыяльнага прызначэння. І хоць Яўген адмовіўся, удзельнічаць у адпрацоўках аперацый са спецзброяй даводзілася неаднойчы. Ён выдатна асвоіў стральбу з аўтамата, па якой у яго трывалая “пяцёрка” па старой сістэме адзнак. Вось прымяняць, дзякуй Богу, не давялося ні яму, ні саслужыўцам за ўвесь час праходжання службы.

“Не ўцякаюць ад нас, ды гэта і немагчыма, за папярэднія гады ўлічылі ўсе промахі і ўзмацнілі ахову тэрыторыі калоніі. Некалькі сцен, абавязкова перакапаны ўчастак звонку. Патруль кінолагаў з сабакамі. Ну а ўнутры – вышкі, на якіх і нёс каравул. Сто дзён і начэй правёў на кропцы, дзе пры табе толькі стул, тэрмас з кавай і зброя”. Здзіўляюся, што невысока – усяго 4 метры, а Жэня тлумачыць, што агляд участка ў кожнага ў нарадзе выдатны, а асвятленне ноччу – хоць іголкі збірай. Толькі вельмі напружана, праз тры гадзіны каравул мяняецца, ну а калі ты трапіў на абход іншых паставых, то тады губляецца і час на адпачынак паміж вартай. Заснеш – гаўптвахта, хаця што гэта такое, на сабе юнак не зведаў, іншых – адпраўляў, калі ў апошні час як намеснік кантралёра ўзвода кантраляваў службу падначаленых. Уражанні ад арміі засталіся станоўчыя і нават яркія: у складзе патрульнай роты ён прымаў удзел у ІІ Еўрапейскіх гульнях. Не магла не зазначыць рост Яўгена і я. З кемлівага юнака, які сціпла расказваў пра сваіх гераічных продкаў, ён ператварыўся ў псіхолага, чалавека, які ўпэўнена выкладае свой погляд і разбіраецца ў людзях.

Вольга Караленка.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *