Молодой специалист Елизавета Больц уверена, что программист — профессия творческая!

Образование и молодежь

Гэтая абаяльная дзяўчына на “ты” з камп’ютарнымі тэхналогіямі і год таму ўлілася ў калектыў фізкультурна-аздараўленчага комплексу “Юнацтва-Ушачы” ў якасці інжынера-праграміста. За кароткі час Лізавета Больц змагла праявіць сябе з лепшага боку, калегі цэняць яе за творчы падыход да работы, стараннасць і добразычлівасць. Таму не дзіўна, што сёлета яна сярод лепшых прадстаўнікоў працоўнай моладзі раёна была вылучана на маладзёжную дошку гонару.

Да дакладных навук ураджэнку Наваполацка цягнула яшчэ з малодшых класаў, вучылася ў гімназіі з фізіка-матэматычным ухілам. Лізавета марыла атрымліваць вышэйшую адукацыю ў сталіцы і стаць настаўнікам матэматыкі. Пасля заканчэння школы паступіла ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт на механіка-матэматычны факультэт. “Спецыяльнасць “навукова-вытворчая дзейнасць” дазваляла працаваць у розных сферах, а вось каб стаць канкрэтна настаўнікам, трэба было вучыцца яшчэ і ў магістратуры, але я ўжо на апошнім курсе шукала месца працы ва Ушацкім раёне – на радзіме свайго абранніка. Пасада інжынера-праграміста аказалася якраз у спарткомплексе, так я і размеркавалася на Ушаччыну, дзе дагэтуль была ўсяго пару разоў”, – расказвае Л.Больц.

З першых дзён маладая дзяўчына з энтузіязмам акунулася ў работу. Яна адказвае за суправаджэнне інтэрнэт-сайта, які, зрэшты, за апошні год дзякуючы ёй прыкметна відазмяніўся і стаў больш зручным і прывабным, а таксама за вядзенне груп установы ў сацыяльных сетках, размяшчэнне інфармацыі аб комплексе на сайце vetliva.by. Акрамя гэтага, Лізавета займаецца і мэнэджментам, распрацоўвае афішы, буклеты не толькі пра “Юнацтва-Ушачы”, а, напрыклад, пра інвестыцыйныя прапановы па будаўніцтве інтэрната для спартсменаў і лыжаролернай трасы. “Калі нехта падумае, што мая работа сумная, аднатыпная – той памыляецца! Яна цікавая і творчая. Напрыклад, пры распрацоўцы буклетаў эксперыментую, раблю некалькі варыянтаў афармлення і выношу іх на суд калег. Развіваю свае навыкі і нават асвоіла працэс 3D-візуалізацыі для мадэліравання”, – з захапленнем расказвае пра работу малады спецыяліст і з не меншай радасцю – пра калектыў, у якім ёй камфортна працаваць, які цёпла яе сустрэў і дапамог адаптавацца на першым працоўным месцы.

У вольны час дзяўчына захапляецца чытаннем кніг, любіць хадзіць у паходы. Да слова, са сваім мужам Раманам, які працуе ў раёне электрычных сетак, яна пазнаёмілася якраз падчас падарожжа са знаёмымі на ўшацкае Вечалле.

У той час, як некаторыя маладыя спецыялісты пасля старту ў глыбінцы імкнуцца на радзіму ці шукаюць больш прывабныя перспектывы ў вялікіх гарадах, ­Л.Больц, ні на секунду не задумваючыся, зазначае, што ўжо моцна палюбіла Ушаччыну і не прамяняе яе на іншыя месцы. І дадае, што праявіць сябе, раскрыць свае таленты можна і ў маленькім спакойным горадзе!

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *