Санаторная группа

Общество

Сярод сапраўдных каштоўнасцей жыцця санаторнай групы на першым месцы, безумоўна, знаходзіцца здароўе. Гэту ісціну добра разумее педагагічны калектыў сада. Выхавацелі Надзея Васільеўна Чарняускас і Наталля Дзмітрыеўна Арэхва, а таксама памочнік выхавацеля Ніна Аркадзьеўна Савіна сваю работу будуюць такім чынам, каб дзіця (а іх зараз у групе 14) не засталося без увагі, каб былі ўлічаны асаблівасці і інтарэсы кожнага выхаванца. Добрай традыцыяй тут сталі паходы ў лес, спартыўныя святы і вясёлыя спартландыі, у якіх рухомыя і няўрымслівыя дзеці з ахвотай прымаюць удзел. “Наша здароўе знаходзіцца ў нашых руках, таму клапаціцца аб ім трэба з маленства,” – гаворыць медсястра, інструктар па лячэбнай фізкультуры Тамара Дзмітрыеўна Барадзёнак, якая кантралюе арганізацыю аздараўленчых мерапрыемстваў у групе, праводзіць з дзецьмі адпаведныя працэдуры.З цікавасцю і захапленнем расказвалі дзеці пра сваё жыццё ў групе, дзяліліся ўражаннямі. Успаміналі, як летам бегалі па вуліцы басанож, мачылі ножкі, ручкі. Тамара Дзмітрыеўна патлумачыла, што рабілася гэта для прафілактыкі плоскаступнёвасці і арганізацыі загартоўвання выхаванцаў. Дэманстравалі дзеці свае веды лекавых траў і садавіны, з якіх ім гатуюць фітачай, а таксама карысных для здароўя раслін і агародніны. Падабаецца дзецям масаж спіны і вачэй, а таксама выкананне разнастайных аздараўленчых практыкаванняў, якія заўсёды праводзяцца ў форме гульні. Т.Д.Барадзёнак расказала, што рэгулярна з дзецьмі праводзіцца комплекс практыкаванняў, накіраваных на папярэджанне плоскаступнёвасці, прафілактыку скаліёзу, нармалізацыю выправы, умацаванне мышцаў вочнага яблыку і іншае. Арганізавана тут чатырохразовае харчаванне, прычым, дзеці штодзень атрымліваюць сокі і садавіну. Вячэра выхаванцаў уяўляе сабой не толькі булачку з чаем, а паўнавартасны комплекс. Вынікі зладжанай работы калектыву відавочныя: у гэтай групе, нягледзячы на тое, што звычайна прыводзяць сюды дзетак з аслабленым імунітэтам, схільных да частых хваробаў, паказчык па захворваннях адзін з ніжэйшых у раёне. Такі клопат пра здароўе з маленства дапамагае выхаванцам хутчэй адаптавацца да школы і паспяхова вучыцца.

Бацькі, якія аднойчы прывялі сваё дзіця ў санаторную групу дзіцячага сада №26, і не думаюць пра тое, каб забраць ці перавесці яго ў іншую ўстанову. Наадварот, прыводзяць сюды сваіх малодшых дзетак, раяць іншым.

Напэўна, самай высокай адзнакай работы калектыву санаторнай групы з’яўляюцца шчаслівыя вочкі выхаванцаў і цёплыя водгукі бацькоў.

К.КАВАЛЕЎСКАЯ.

На здымку:

калектыў і выхаванцы санаторнай групы.

 

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *