Всегда ли при коронавирусе пропадает обоняние, чем поддержать организм во время пандемии? Актуальные вопросы задали медикам участники вебинара, который прошёл в районной библиотеке

Здравоохранение

Сучасныя рэаліі прымушаюць шукаць новыя формы адукацыйнай, асветніцкай, культурна-масавай работы. Вэбінар (анлайн-сустрэча, нарада ці занятак праз інтэрнэт) належыць якраз да такіх. Напрыканцы мінулага тыдня гэты фармат зносін пратэсціравалі супрацоўнікі раённай бібліятэкі: на сустрэчу да іх праз тэлемост завітала вельмі цікавая і запатрабаваная зараз субяседніца – загадчык інфекцыйнага аддзялення ЦРБ Вольга Пятроўна Ярмош. Не пакідаючы працоўнага месца, яна вылучыла ў шчыльным графіку паўгадзіны, каб адказаць на пытанні бібліятэкараў, а таксама чытачоў “Патрыёта”, бо мы, вядома ж, скарысталіся зручнай нагодай, каб іх агучыць.

Зараз людзей найбольш цікавіць каранавірусная тэма. Але ж не варта выпускаць з-пад увагі і іншыя небяспечныя хваробы. На пачатак снежня прыпадае Дзень барацьбы са СНІДам. Як у нас абстаяць справы з “чумой ХХ века”?

– На цяперашні час у Беларусі зарэгістравана каля 30 тысяч выпадкаў ВІЧ, за 10 месяцаў гэтага года выяўлена 1222 новых – у 1,4 раза менш, чым за адпаведны леташні перыяд. Ва Ушацкім раёне на дыспансэрным уліку 5 чалавек. Усе яны атрымліваюць бясплатную антырэтравірусную тэрапію, што робіць іх жыццё практычна паўнацэнным. Пры пастаянным прыёме прэпаратаў канцэнтрацыя віруса становіцца невызначальнай – пацыент фактычна не можа перадаць яго іншым людзям. Таму, калі ёсць падазрэнне на заражэнне, абавязкова варта зрабіць тэст – гэта проста, хутка і ананімна. Сёлета, дарэчы, новых выпадкаў ВІЧ у раёне не выяўлена.

Напэўна, наяўнасць ВІЧ, віруснага гепатыту з’яўляецца абцяжарваючым фактарам для хворых на COVID-19?

– Мяркуецца, што так, але пакуль сярод пацыентаў нашага аддзялення людзей з названымі дыягназамі не было. А вось хворыя з павышаным цукрам, лішняй вагой, анкалагічнымі, сардэчна-сасудзістымі праблемамі дакладна з’яўляюцца зручнай мішэнню для каранавіруса.

Як ахарактарызуеце каранавірусную абстаноўку ў раёне?

– Як напружаную, але кантралюемую. Па маіх асабістых адчуваннях, мы выходзім на плато і больш-менш стабілізуемся. Увогуле, другая хваля, якая на Ушаччыне стартавала з пачаткам восені, стала больш складанай. Некаторыя пацыенты хварэюць паўторна: прычым, як правіла, калі першы раз хвароба праходзіла ў цяжкай форме, то другі – у больш лёгкай і наадварот. Павялічылася колькасць кіслародазалежных пацыентаў.

У гэтай сувязі, напэўна, вельмі своечасовым стала аснашчэнне нашага інфекцыйнага аддзялення кіслароднымі кропкамі?

– Безумоўна! Сёння, напрыклад, з 12 наяўных кропак у нас занятыя 6. Кіслародатэрапія разам з прон-пазіцыяй (ляжаннем на жываце) і прыёмам сімптаматычных прэпаратаў з’яўляюцца асноўнымі складнікамі лячэння стацыянарных хворых.

Ці заўсёды хворыя на каранавірус страчваюць адчуванне смаку і паху?

– Па нашых меркаваннях, гэты сімптом назіраецца прыкладна ў 80 працэнтаў хворых. Таму нават калі яго няма, быць цалкам упэўненым у адсутнасці хваробы нельга.

Ці з’яўляецца сродкам прафілактыкі ўжыванне алкаголю ў невялікіх дозах?

– Я б гэта ніяк не рэкамендавала! Параю лепш вітаміны і біядабаўкі – напрыклад, “Антыаксікапс” з цынкам. Нялішнімі будуць і народныя антывірусныя сродкі – лімон, мёд, маліна.

Мая жонка перанесла каранавірус, а я чамусьці не захварэў. Як так?

– Напэўна, у Вас добры імунітэт. Магчыма, у арганізм трапіла нязначная колькасць віруса і захворванне не развілася. Бывае, што заражаецца ўся сям’я, а нехта адзін застаецца здаровы. Колькі людзей – столькі гісторый.

Дык усё ж ці трэба здароваму чалавеку насіць маску?

– Варта хаця б таму, што гэта своеасаблівы бар’ер, які затрымае пырскі, калі побач з вамі хворы чалавек кашляе ці чхае. А галоўнае – старанна мыйце рукі, бо перадаецца вірус і праз кантакты, страўнікава-кішачны тракт.

Зараз распаўсюдзілася меркаванне, што вірусы змагаюцца адзін з адным за тэрыторыю ў арганізме. Напрыклад, герпес, які пастаянна цыркулюе ў ім, можа павялічыць выпрацоўку інтэрферонаў, што стане заслонай для пранікнення “знешніх”. Такім чынам, у тых, хто пакутуе ад герпесу, больш шансаў не захварэць на каранавірус. Што думаеце на гэты конт?

– Пакуль гэта толькі гіпотэза. Але сярод пацыентаў нашага аддзялення нярэдка бачым і тых, у каго высыпае герпес.

– Ведаем, што ўвесь гэты час Вам вельмі няпроста. Напэўна, нават нармальна выспацца немагчыма?

– Дзякуй за клопат, але гэта перабольшванне! Напачатку сапраўды было надзвычай складана. Зараз жа лягчэй, бо калегі ўжо добра арыентуюцца ў каранавіруснай тэме і пры неабходнасці могуць падстрахаваць. Увогуле мы ўсе з кожным днём становімся больш вопытнымі і дасведчанымі.

Напрыканцы ж тэлемосту усе прысутныя ў бібліятэцы ўзняліся і апладысментамі падзякавалі Вользе Пятроўне і яе калегам за самаадданую працу. Гэтага не было ў сцэнарыі вэбінару, але так людзі выказалі адносіны да медыкаў, якія штодня працуюць у “чырвонай зоне”, здзяйсняючы сапраўдны прафесійны подзвіг.

Падрыхтавала Наталля БАГДАНОВІЧ.

Дарэчы

  • Ідэю правядзення вэбінару яго арганізатар і вядучая Галіна Пятроўна Талстая прывезла з курсаў, прысвечаных інавацыям у рабоце бібліятэк. Наладзіць жа тэлемост дапамаглі інжынеры-праграмісты бібліятэкі і райбальніцы Канстанцін Уладзіслававіч Філіпчык і Вячаслаў Міхайлавіч Праннік.


Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *