Быть здоровым — престижно. Как с 2020 года реализуется проект «Ушачи — здоровый город»

Здравоохранение

З 2020 года ў нашым раёне рэалізуецца прафілактычны праект “Ушачы – здаровы горад”. Пра тое, што ўдалося зрабіць у яго рамках, наша гутарка з галоўным урачом цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Паўлам Аляксандравічам САЎЧАНКАМ:

– Нагадайце, на што накіраваны праект?

– Яго асноўная мэта – зрабіць здароўе насельніцтва адным з прыярытэтаў мясцовай палітыкі, павысіць фізічны і псіхалагічны камфорт, сацыяльны дабрабыт людзей. Усе павінны усвядоміць, што быць здаровым – прэстыжна, што трэба імкнуцца да адмаўлення ад самаразбуральных паводзін.

– Праз якія мерапрыемствы вырашаюцца гэтыя задачы?

– Формы работы розныя – ад лекцый да тэматычных выстаў. Цэнтр гігіены і эпідэміялогіі, цэнтральная райбальніца сумесна з прадпрыемствамі і арганізацыямі, грамадскімі аб’яднаннямі Ушаччыны праводзяць прафілактычныя акцыі, выставы, тэматычныя паказы відэафільмаў і ролікаў, конкурсы і іншае. Палюбіліся многім заняткі “Школы здароўя” па пытаннях прафілактыкі неінфекцыйных захворванняў (летась іх праведзена 136), а таксама акцыя “Лічбы здароўя: артэрыяльны ціск”, якая праводзілася медработнікамі ў цэнтральнай аптэцы і аддзяленні паштовай сувязі (5). Медработнікамі і спецыялістамі цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмай распрацаваны тэматычныя буклеты і памяткі – выпушчана 5190 экземпляраў. Пандэмія не прымусіла нас цалкам адмовіцца і ад спартыўна-масавых мерапрыемстваў – летась ва Ушацкім раёне іх праведзена 32, удзел прынялі 1108 чалавек.

– Значная работа па фарміраванні здаровага ладу жыцця традыцыйна праводзіцца ў навучальных установах…

– Так. Ва ўсіх арганізавана своечасовае праходжанне навучэнцамі медыцынскага агляду, на пастаяннай аснове праводзяцца фізкультхвілінкі, рухомыя перапынкі, гімнастыка для вачэй. У кабінетах для вучняў малодшых класаў адведзены асобныя месцы для захоўвання прылад па працоўным навучанні, выяўленчым мастацтве, кніг для дадатковага чытання. Ва Ушацкай школе ў працэсе навучання актыўна выкарыстоўваюцца канторкі, ажыццяўляецца кантроль за ўзроўнем асветленасці ў кабінетах, класах, выкарыстаннем святлоахоўных прылад. З лютага ў фае гэтай альма-матэр устаноўлены тэлевізар, з дапамогай якога дэманструюцца прафілактычныя відэафільмы і ролікі па прапагандзе здаровага ладу жыцця.

– Многае зроблена за год і на вуліцах раёна.

– Так. На Віцебскай, Ленінскай, Савецкай у гарпасёлку праведзена ўладкаванне прыдамавых тэрыторый: тратуараў, пешаходных дарожак, спартыўных і дзіцячых гульнявых пляцовак. Займаліся камунальнікі і азеляненнем тэрыторый населеных пунктаў – дрэвы, кусты, туі высаджаны на плошчы 0,3 гектара. Устаноўлены і адрамантаваны 20 кантэйнераў для збору адходаў. У скверы па вуліцы Ленінскай высечаны аварыйныя дрэвы, хмызняковая расліннасць. Усяго ж ва Ушачах праведзена абрэзка кроны 160 дрэў і 240 кустоў.

У рамках рэалізацыі праекта абсталяваны з’езды з тратуараў на праезную частку па вуліцы Ленінскай, на пешаходных пераходах на скрыжаванні Савецкай і Ленінскай. Элементы безбар’ернага асяроддзя з’явіліся ў адным з дамоў па вуліцы Садовай, дзе пражываюць два інваліды першай і другой груп, – у ходзе работ выраўнена дарожнае пакрыццё перад уваходам у пад’езд, уладкаваны пандус і поручань, адрамантаваны ганак.

Працягваецца абсталяванне адмысловай веладарожкі на вуліцы №5 у гарпасёлку. У зонах адпачынку грамадзян ля возера Вечалле і на рацэ Ушача напачатку купальнага сезона паклапаціліся пра годнае добраўпарадкаванне. Спецыялістамі цэнтра адабрана 28 проб вады для аналізу якасці па мікрабіялагічных і санітарна-хімічных паказчыках.

– Рэалізацыя праекта працягваецца?

– Безумоўна. “Здаровы горад” – той, які пастаянна імкнецца паляпшаць самаадчуванне і якасць жыцця насельніцтва, які стварае для жыхароў чыстае, бяспечнае асяроддзе. І я ўпэўнены, што ва Ушач ёсць усе перадумовы, каб атрымаць такі высокі статус.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *