За год магазин игрушек «Пуся» обрёл большую популярность среди ушачан

Общество Экономика и малый бизнес

Людзі, дзяцінства якіх прыпала на савецкія гады, напэўна памятаюць папулярную ў той час песеньку, у якой тры сяброўкі Оля, Маша і Танюшка вызначалі самы лепшы дом Масквы. Складанасцей у іх гэта не выклікала – безумоўнае першынство атрымаў “Дом цацкі”. Мяняюцца часы і захапленні, але дзеці заўсёды застаюцца дзецьмі. І калі ў сучасных ушацкіх малышоў запытацца пра лепшае месца ў пасёлку, многія, канечне, назавуць магазін “Пуся”.

Гэта маленькае царства цацак стварыла ў райцэнтры год таму сямейная пара наваполацкіх прадпрымальнікаў Анатоль і Юлія Паўлавы. Адкрываць гандлёвую кропку ў невялікім пасёлку даволі рызыкоўна, таму гараджане скрупулёзна пралічылі ўсе нюансы. Паколькі спецыялізаванага магазінчыка па продажы цацак і гульняў ва Ушачах не было, “Пуся” ўдала заняла гэтую нішу. На хуткую раскрутку паўплывала размяшчэнне лічы што на цэнтральным скрыжаванні пасёлка, а такія важныя фактары, як шырокі асартымент пры даволі даступных цэнах, праца без выхадных і ветлівасць прадаўцоў, зрабілі краму вядомай і прывабнай.


Многія скажуць, што цацкі, у адрозненне ад ежы і адзення – рэч не самая важная. Але так лічаць не ўсе. Сярод пастаянных кліентаў “Пусі” ёсць, напрыклад, бабулі, якія гатовы палову пенсіі аддаць на падарункі любімым унукам. Ёсць сем’і, што абавязкова зазірнуць у гэтую краму пасля кожнай зарплаты. А адна матуля, у якой, відаць, невялікія даходы, бярэ цацкі для сваіх дзетак “у крэдыт”, а пазней абавязкова разлічваецца: вось і напярэдадні Новага года, ёй, вядома ж, не адмовілі ў набыцці падарункаў.

Увогуле думаецца, што большасць ушацкіх малышоў знайшлі сёлета пад ёлачкай цацкі менавіта з гэтай крамы. Прынамсі, купляюць тут прэзенты і для дарослых: напрыклад, алмазныя карціны. А падчас калядных святаў сяброў “Пусі” чакаў прыемны сюрпрыз. Анатоль і Юлія вырашылі зрабіць бясплатныя падарункі чатыром удзельнікам групы магазіна, створанай у сацыяльнай сетцы “ВКонтакте”. Шчасліўчыкаў вызначыў розыгрыш – цікава, што два першыя месцы дасталіся пакупнікам з іншых гарадоў: за папулярнай зараз навінкай – 3D-ручкай людзі прыбылі з Полацка, а за суперпрызам – санкамі павінны прыехаць аж з Шумілінскага раёна. Пашчасціла і ўшачанам: Кацярына Майсяёнак якраз шукала падарунак да дня нараджэння пляменніка, а таму з задавальненнем выбрала на паліцах машынку на радыёкіраванні, а Крысціна Коршун парадавала дачку Паліну выйгранай музычнай калонкай. “Вельмі любім гэты магазінчык! – расказвае маладая мама. – Калі заходзім сюды, дачушку ад паліц проста не адцягнуць!”


Ну а гаспадары крамы, у сваю чаргу, прызнаюцца ў любові да ўшачан – кажуць, што за год настолькі прывыклі да нашага гарпасёлка, што нават захацелі сюды перасяліцца. Праўда, для ажыццяўлення намераў пакуль не стае фінансаў, але думаецца, што гэта праблема для маладой сямейнай пары, захопленай сваёй справай, цалкам вырашальная. Мы ж, канечне, будзем толькі рады, калі Юля і Анатоль стануць нашымі землякамі, а “Пуся” яшчэ больш умацуе свае пазіцыі ў рэйтынгу самых прывабных месцаў.

Наталля БАГДАНОВІЧ.

Меркаванне

  • Гаспадары ўважліва ставяцца да якасці тавараў: так, мяккія цацкі тут толькі беларускай вытворчасці, ды і ўвогуле сярод пастаўшчыкоў – выключна надзейныя фірмы. “Стараемся працавать літаральна з кожным пакупніком: калі на паліцах не аказваецца патрэбнай рэчы – запісваем пажаданні, тэлефоны і прывозім заказаны тавар”, – расказвае Юлія Паўлава.


Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *