Фольклорный коллектив «Спадчына» не даст забыть древние обряды

Культура

Пераступіўшы ў пятніцу парог хола раённага цэнтра культуры і народнай творчасці, мы быццам трапілі ў машыну часу, якая ў імгненне перанесла на стагоддзе назад. А можа і на некалькі: этнографы сцвярджаюць, што старажытны гульнявы абрад “Жаніцьба Цярэшкі”, які ладзілі ў гэты дзень удзельнікі дзіцячага ўзорнага фальклорнага калектыву “Спадчына”, адзначалі на Поўначы Беларусі яшчэ з часоў Полацкага княства.

Спраўлялі Цярэшку на Раство, стары Новы год і Вадохрышча: у гэтыя святочныя дні забаранялася працаваць, таму час можна было аддаць на гульбішчы. Прызначалася забава для нежанатай моладзі і ў розных рэгіёнах мела свае асаблівасці. Ушацкія ж гледачы ўбачылі рэканструкцыю абраду, які ладзілі калісьці ў Матырынскім наваколлі. “Цярэшку ў нас звычайна жанілі два дні: у першы будучыя пары танцавалі, гулялі, прыглядаліся адзін да аднаго (гэту частку мы зараз і паказваем), а назаўтра сабіралі застолле: дзяўчаты гатавалі і прыносілі святочныя стравы, хлопцы – напоі, а пасля гэтага жартоўнага вяселля даволі часта спраўлялі і сапраўдныя, – расказвае кіраўнік “Спадчыны”, захавальніца мясцовых традыцый Галіна Сяргееўна Рудзёнак.


Між тым вясёлае дзейства захапіла ўсіх прысутных: вядучыя імпрэзы – Бацька і Маці (Ірына Клачок і Яўген Зуеў) з жартамі і прыгаворкамі пачалі складаць пары, якія тут жа “замацаваліся” ў танцах. “Какетка”, “Падыспань”, “Кракавяк” – гледачам усядзець на месцы было вельмі складана, вось і Васіль Антонавіч Стрыжонак, забыўшыся пра гады, падхапіў партнёршу і выдаў некалькі заліхвацкіх “каленцаў”. Юнакі і дзяўчаты тым часам завялі вясёлую гульню ручаёк, падчас якой спрабавалі дагнаць адзін аднаго. Завяршыўся ж абрад традыцыйнай “Лявоніхай”. А ўявіць святочны стол матырынскай “Цярэшкі” дапамог Народны клуб “Прысмакі”. “Паспрабуйце абрадавыя стравы нашых продкаў: дамашнія каўбаскі, бліны з начынкай, хрушчы!” – запрашала кіраўнік клуба Таццяна Сісковіч.

“Як вы не блытаецеся ў гэтым марафоне танцаў? Я нават і назвы ўсе не запомніла, а вы ні разу не збіліся”, – запыталася пазней ва ўдзельнікаў “Спадчыны” Улада Чабатара і Ангеліны Шалонькі. “Як жа іх можна зблытаць – музыка зусім розная! – усміхнуліся мае субяседнікі. – Да таго ж мы ў гурце ўжо старажылы, кожны рух на памяць ведаем!”. Дзяўчына прыйшла ў “Спадчыну” ў другім класе, з пачатковай школы танцуе і 17-гадовы Улад. Зараз хлопец вучыцца ў Полацкім ліцэі, аднак родны калектыў не пакінуў – прыязджае на рэпетыцыі, удзельнічае ў выступленнях, конкурсах.

У плане апошніх, дарэчы, прайшоўшы год стаў для “Спадчыны” вельмі паспяховым: дастаткова прыгадаць трапленне ў тройку лепшых дзіцячых фальклорных калектываў вобласці і першае месца пары Анастасіі Макрыдзінай і Кірыла Шалыгі ў прэстыжным конкурсе “Ад прашчураў да зор”. “Насця – не проста лідар “Спадчыны”, яна – мая правая рука: дапамагае вучыць маленькіх удзельнікаў, – расказвае Г.Рудзёнак. Сама ж дзяўчына прызнаецца, што не ўяўляе жыцця без рэпетыцый і канцэртаў, а фальклорныя танцы дапамаглі стаць больш артыстычнай, грацыёзнай. Імкнецца развіваць вакальныя здольнасці, хапае часу і на вучобу – у школе яна выдатніца. Вось такія цудоўныя юныя артысты запускаюць для нас “машыну часу”, радуюць сваім майстэрствам і не даюць страціць каштоўную спадчыну продкаў.

Наталля БАГДАНОВІЧ.

Дарэчы

  • Напрыканцы снежня “Спадчына” ўзяла ўдзел у здымках сюжэта для праекта Белтэлерадыёкампаніі “Наперад у мінулае”: ушацкі калектыў паказаў абрад першага дня вяселля ў доме маладой. Перадача хутка выйдзе ў эфір на канале “Беларусь 3”.


Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *