Василию Камовичу из Глыбочки удалось выловить щуку весом в 7 килограмм!

Калейдоскоп

Вось такога шчупака выцягнуў у выхадныя на Рукшанскім возеры жыхар аграгарадка Глыбачка Васіль Аляксеевіч Камовіч. Узважыць трафей адразу не атрымалася, бо ён не ўмясціўся на напольных вагах у магазіне – часткова ляжаў на падлозе. Калі ж падняў на бязмене – рыска дасягнула 7-кілаграмовай адзнакі.

Хоць і праводзіць работнік жыллёва-камунальнай гаспадаркі на азёрах усе выхадныя, такая ўдача падвярнулася ўпершыню. У суботу, напрыклад, гэта былі тры шчупакі па 2,5 і 0,8 кілаграма, а таксама плоткі, акуні.

Гіганта ж зачапіў на жарліцу. Як член таварыства паляўнічых і рыбаловаў, ставіць іх дзесяць. Ды і лунку адразу зрабіў 35-міліметровую, так што шчупак пралез у яе без дадатковага пашырэння ў лёдзе. А вось пацягацца з ім давялося ажно 20 хвілін – рыбіна разматала ўсю 20-метровую лёску і канечне, супраціўлялася. Выцягваў яе Васіль Аляксеевіч з палонкі рукамі.

Мяркую, якое возера раёна стане самым ажыўленым месцам рыбнай лоўлі на гэтыя выхадныя, казаць не трэба. Многія ўжо пытаюцца ў В.Камовіча пра “хлебныя” месцы. Хаця сам ён робіць лункі ў розных кропках вадаёма і нават калі не клюе, цярпліва сядзіць да цёмнага. Невядома, дзе і калі цябе чакае твой шчупак.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *