Май аб’яўлены ў Беларусі месяцам аграэкатурызму. Гэты напрамак плённа дзейнічае ў нашай краіне на працягу амаль 20 год – з моманту прыняцця адпаведнага указа Прэзідэнта, заклаўшага прававую аснову для яго развіцця. Зараз у Беларусі зарэгістравана 1368 аграэкасядзіб, 174 з якіх – на тэрыторыі нашай вобласці. Што да Ушацкага раёна, то ён у ліку лідараў рэгіёну: зараз свае паслугі турыстам прапануюць 10 адпаведных аб’ектаў.
Адзін з іх адкрыўся зусім нядаўна: гаспадары сядзібы “Мядзведжая сіла” зарэгістравалі яе толькі месяц таму. Размешчаны новы аб’ект у маляўнічым Замошшы, што на Вялікадалеччыне. Участак на беразе цудоўнага возера Святлана і Аляксей набылі праз аўкцыён яшчэ ў 2012 годзе, паступова ўзвялі дом і лазню, а паколькі самі пастаянна жылі ў Санкт-Пецярбургу, будавалі іх найперш для сваіх блізкіх (мужчына родам з Вялікіх Долец). Але з цягам часу прыйшлі да высновы, што ў зацішнай утульнай вёсцы адчуваюць сябе больш камфортна, чым у мегаполісе, і вырашылі сюды перасяліцца. Адначасова нарадзілася ідэя адкрыць аграэкасядзібу. Хоць абое не мелі дагэтуль практыкі работы ў турыстычнай галіне (праца Аляксея была звязана са сферай аховы, а яго жонкі – з індустрыяй прыгажосці), але смела ўзяліся за новую справу.
Для гасцей тут ужо ёсць усё неабходнае, адначасова на прасторнай сядзібе могуць прыняць да 10 чалавек. Абсталявалі два прычалы, добраўпарадкоўваюць тэрыторыю – у гэтым напрамку шмат планаў. Да таго ж мяркуюць пабудаваць яшчэ адзін дом.
“Чаму абралі такую назву? Мядзведзь у нашым успрыманні ўвасабляе не толькі фізічную моц, а і сілу духа, характару, прыгажосці. Увогуле лічым яго сваёй татэмнай жывёлай, – зазначае Святлана. – У Замошшы нам вельмі падабаецца! Зямля тут сапраўды запаведная і жыватворная – у нашых уладаннях нават крынічка ёсць з крыштальна чыстай вадой. Мяркую, што і турыстаў, якія вырашаць у нас адпачыць, гэтая атмасфера ўразіць”.
Гаспадары толькі пачынаюць сваю дзейнасць, але кліенты ўжо браніруюць даты на летнія месяцы. Мы ж зычым новаму аб’екту хутчэй заваяваць папулярнасць і пазней раскажам, як прайшоў яго першы турыстычны сезон.
“Турыстам, якія да нас прыедуць, будзем расказваць пра гісторыю гэтых мясцін, гераічнае мінулае Ушаччыны, параім пабываць на “Прарыве”, у музеі народнай славы. Дарэчы, у яго фондах ёсць звесткі і пра майго дзядулю Мікалая Іванавіча Гомана, героя дзвюх войнаў. Наша сям’я ганарыцца сваім продкам і свята захоўвае памяць аб ім”, – падзяліўся з намі Аляксей.
Наталля БАГДАНОВІЧ.