Коронавирус — не помеха! Как предприятию «Форестгандаль» удалось увеличить объём экспорта в прошлом году?

Экономика и малый бизнес

Катаклізмы 2020-га сталі сур’ёзным выпрабаваннем для невялікіх прыватных вытворчасцяў і дадалі мінусаў у лічбы гадавых фінансава-гаспадарчых справаздач. Асабліва пацярпелі ад закрыцця межаў і іншых наступстваў новай пандэмічнай рэальнасці прадпрыемствы, арыентаваныя на экспарт прадукцыі. Таму, калі тэлефанавалі дырэктару ТАА “Форэстгандаль” І.В.Полазаву, дапускалі, што настрой у яго будзе не надта радасны і наш візіт у цэх таварыства адкладзецца “да лепшых часоў”. Аднак Ігар Віктаравіч не змяніў уласцівай яму спрыяльнасці ў стасунках з прэсай. Ды і вынікі года назваў супярэчлівымі, але ніяк не адмоўнымі.

Не толькі не зменшыўся, а і прыкметна ўзрос аб’ём экспарту: калі ў 2019 за мяжу было пастаўлена прадукцыі на 33,6 тысячы еўра, то ў 2020 – 85,5! І гэта не зважаючы на каранавірусны прастой: па словах дырэктара, першая палова года была фактычна “мёртвай”, на гэты перыяд прыйшлося толькі 10 тысяч еўра. Аднак потым удалося аднавіць і нарасціць пастаўкі – да ўжо звыклых Аўстрыі, Іспаніі, Германіі апошнім часам дадалася Літва: менавіта да суседзяў 30 снежня накіравалася апошняя леташняя партыя тавару, а адгрузка наступнай плануецца на сярэдзіну лютага. Гэты кліент каштоўны яшчэ і тым, што гатовы купляць бярозавыя кошыкі, тады як астатнія заказваюць выключна з асіны, бо яна белая па колеры.

Ігар Віктаравіч не хавае, што пасля прыняцця на самым высокім дзяржаўным узроўні рашэнняў аб паступовым пераходзе на экалагічную тару чакаў больш істотных зрухаў у плане зацікаўленасці прадукцыяй “Форэстгандля” айчынных заказчыкаў. Пакуль жа можна канстатаваць, што крыху больш кошыкаў стаў браць пастаянны кліент ушачан “Мінскхлебпрам”, а мінулым летам дагавор аб пастаўках заключылі дзве прыватныя сталічныя кандытарскія кампаніі: на іх нашы вытворцы вельмі спадзяюцца – мяркуецца, што ў будучым аб’ём іх заказаў можа скласці да 300 тысяч адзінак прадукцыі ў год, а гэта, прынамсі, амаль двухмесячная загрузка ўшацкага прадпрыемства.

Зрэшты, слова “супярэчлівы” ў характарыстыцы года падразумявае і наяўнасць мінусаў. Па выніках 12 месяцаў прыбытак ад гаспадарчай дзейнасці “Форэстгандля” аказаўся невялікім – каля 13 тысяч рублёў. А паколькі прадпрыемства працуе па папярэдняй аплаце, істотным адмоўным фактарам сталі змены курсу валюты, якія прынеслі “мінус”. Такім чынам атрымалася, што завяршылі год са стратамі. Паўплывала на гэта і павелічэнне выдаткаў. Так, напрыклад, па большым кошце давялося купляць сыравіну – адпаведна заканадаўству, драўніну “Форэстгандаль” вымушаны набываць праз таргі, у выніку яна абыходзіцца даражэй: на апошніх, напрыклад, пры стартавым кошце кубаметра асіны 62 рублі набылі яе ў выніку па 105. А калі б закуплялі непасрэдна ў лясгасе (гэта прадпрыемства мае магчымасць напрамую рэалізоўваць штомесяц да 100 кубаметраў драўніны), цана б засталася на ўзроўні біржавай каціроўкі (адпавядала стартавай). “Працуем над гэтым пытаннем”, – характарызуе перспектыву дырэктар таварыства.

А яшчэ Ігар Віктаравіч канстатуе, што ў апошнія два гады скарацілася цякучасць кадраў. Дагэтуль, напрыклад, былі праблемы па станочніках, зараз жа склаўся прадукцыйны тандэм: Уладзімір Якубовіч і Павел Крацёнак (на здымку). “Гэта ключавы ўчастак вытворчасці, які можа застопарыць увесь працэс, – адзначае Ігар Віктаравіч. – Лушчэнне драўніны – спецыфічная аперацыя, якая патрабуе не толькі спрыту і дакладнасці, а і тэарэтычных ведаў!” Усім гэтым валодаюць работнікі. І калі за плячамі Уладзіміра Аляксандравіча ўжо вялікі вопыт, то Павел тут толькі другі год. “Прафесію станочніка атрымаў на сваім першым месцы працы – у ААТ “Ушачы”, дзе мы праходзілі навучанне непасрэдна на вытворчасці. Калі ж цэх спыніў работу, перайшоў на “Форэстгандаль” – прыстасаваўся хутка, ужо праз тыдзень асвоіў новыя абавязкі”, – расказвае малады работнік, не адрываючыся ад тэхналагічнага працэсу, падчас якога разумныя станкі на вачах ператвараюць кавалак тоўстага ствала ў палоскі таўшчынёй у некалькі міліметраў.

Загатоўкі адпраўляюцца ў цэх, дзе майструюць кошыкі. Накіроўваемся туды і мы. “Ведаю, што пра наша прадпрыемства ў гарпасёлку гавораць рознае: у цэху “лядоўня”, працаваць цяжка, плацяць мала…”, – але ж распускаюць такія чуткі як правіла неруплівыя работнікі і парушальнікі працоўнай дысцыпліны”, – разважае па дарозе дырэктар. Што датычыцца холаду ў вытворчым памяшканні – гэта перабольшванне: у цэху, канечне, не як у кватэры, але топіцца печка, людзі працуюць у звычайнай вопратцы. Сярод работніц маюцца лідары, хто спраўляецца з нормай і, адпаведна, атрымлівае каля 600 рублёў заробку. Сярэдняя ж зарплата па выніках дзевяці леташніх месяцаў складала тут 470 рублёў, гадавая лічба будзе крыху большай, тады як у 2019 у сярэднім работнікі атрымлівалі 390. Заробкі, канечне, не астранамічныя, аднак стабільныя. Таму ёсць у цэху старажылы. “Працую тут каля 10 год. Гэты кошык ужо магу вырабіць з заплюшчанымі вачыма”, – не адрываючыся ад пляцення, расказвае Вольга Арлоўская (на здымку). Не на горшым рахунку і дзве так званыя “абавязаныя асобы” – адна на прадпрыемстве ўжо некалькі год, другая прыйшла не так даўно, але мае добрыя шансы вярнуць дзіця, а пастаяннае месца працы павінна гэтаму паспрыяць. Але здараюцца і зрывы – у лістападзе адміністрацыя вымушана была разлічыць жанчыну, якая ўстроіла сама сабе паўтарамесячны водпуск – шкада было губляць умелую работніцу, але на такую колькасць прагулаў вочы не заплюшчыш.

Увогуле, менавіта ў кадравым фактары адміністрацыя бачыць важны рэзерв паляпшэння паказчыкаў дзейнасці. Па ўсіх меркаваннях, заказы на экалагічную ўпакоўку будуць – галоўнае, каб было каму іх выконваць. І, вядома ж, хочацца спадзявацца, што ў надышоўшым годзе каранавірус дасць палёгку і вытворцам, і спажыўцам.

Наталля БАГДАНОВІЧ.

Факт

  • У 2020 годзе на прадпрыемстве выпушчана каля 1,1 мільёна адзінак вырабаў – на 20 працэнтаў больш, чым пазалетась. І гэта прытым, што колькасць работнікаў засталася нязменнай, а на працягу чатырох месяцаў яны выраблялі новы від прадукцыі: нямецкія кліенты заказалі прадаўгаватую ёмістасць для ўпакоўкі клубніц і грыбоў, працэс вырабу якой значна даўжэйшы – дзённая норма на зборшчыка па гэтым кошыку ўсяго 200 штук, у чатыры разы менш, чым на самым масавым.


Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *