На Ушаччине уже можно записаться на вакцинацию от коронавируса

Здравоохранение

 

Ва Ушацкім раёне паступова змяншаецца колькасць хворых на COVID-19. А гэта ў сваю чаргу дазваляе цэнтральнай райбальніцы вярнуцца да прывычнага рэжыму работы. Як расказала намеснік галоўнага ўрача па медыцынскім абслугоўванні насельніцтва Н.В.Дрозд, у тэрапеўтычным аддзяленні ўжо праведзена неабходная апрацоўка – пацыентаў з каранавірусам цяпер тут няма. Для тых, хто мае патрэбу ў шпіталізацыі, хапае месцаў у “інфекцыі”.

На слыху ў многіх – вакцынацыя ад каранавіруса расійскім прэпаратам “Стутнік V”, якая праводзіцца зараз у буйных гарадах Віцебшчыны і хутка распачнецца на Ушаччыне. Па словах Наталіі Васільеўны, на першым этапе прышчэпку зробяць медыкам, педагогам, прадстаўнікам сацслужбы, якія працуюць ва ўстановах з кругласутачным знаходжаннем грамадзян, ну а пасля ўсім жадаючым. Дарэчы, ужо зараз жыхары раёна могуць запісацца на вакцынацыю ў рэгістратуры паліклінікі (тэлефон 5-21-57), ва ўчастковых тэрапеўтаў (5-08-45, 5-75-13) ці ў мясцовых бальніцах сястрынскага догляду, фельчарска-акушэрскіх пунктах. Паколькі прэпарат двухкампанентны, прышчэпку правядуць двойчы з інтэрвалам у тры тыдні. Платы за гэта брацца не будзе.

– Нагадаю, што ніякіх лекаў ад COVID-19 дагэтуль не прыдумана, таму ўсім раю сур’ёзна падумаць аб прафілактыцы захворвання, – кажа Н.В.Дрозд. – І лепшым памочнікам у гэтым пытанні павінна стаць вакцынацыя. Ужо праз 21 дзень пасля другой прышчэпкі фарміруецца ўстойлівы імунітэт. Масавая ж імунізацыя дазволіць абараніць нават тых, каму ўвядзенне прэпарата супрацьпаказана па стане здароўя (гіперадчувальнасць да яго кампанентаў, цяжкія алергічныя рэакцыі ў анамнэзе, вострыя інфекцыйныя і неінфекцыйныя захворванні, цяжарнасць і перыяд груднога кармлення, узрост да 18 гадоў, пярвічны імунадэфіцыт, злаякасныя захворванні крыві і новаўтварэнні). Заразіцца каранавірусам непасрэдна ад вакцыны немагчыма!

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *