Медики Ушачского района на состоявшихся учениях проодемонстрировали высокий уровень противодействия распространению инфекционных заболеваний

Здравоохранение

У службу хуткай дапамогі патэлефанавала маладая жанчына — у яе высокая тэмпература, галаўны боль і моцная слабасць. Дыспетчар удакладняе, ці не наведвала яна ў апошні час краіны Афрыкі. Так і ёсць, грамадзянка нядаўна вярнулася з Ліберыі. Тут жа да яе дамоў выязджае брыгада медыкаў у спецыяльным адзенні — непранікальных касцюмах, пальчатках, бахілах і ачках, вадзіцель «хуткай» таксама экіпіраваны. Пасля падрабязнага апытання і аказання неабходнай дапамогі грамадзянцы прымаецца рашэнне аб яе шпіталізацыі — падазрэнне на ліхаманку Эбола. Да машыны жанчыну, бледную і знямоглую, дастаўляюць на насілках. Тым часам да прыёму хворай ужо рыхтуюцца ва Ушацкай ЦРБ: урачы і медперсанал інфекцыйнага аддзялення апранаюць спецадзенне, праводзяць іншыя мерапрыемствы, тэрыторыю ачапляюць супрацоўнікі міліцыі.

На шчасце, усё гэта не па-сапраўднаму: вучэнні па рэагаванні службаў на магчымы завоз ліхаманкі Эбола ў нашу краіну праходзяць зараз ва ўсіх рэгіёнах. Да іх прыцягнуты ўсе структуры, якія будуць задзейнічаны ў выпадку рэальнай пагрозы.

— З-за таго, што інфекцыя адносіцца да асабліва небяспечных, з’яўляецца цэлы шэраг асаблівасцяў, — тлумачыць галоўны ўрач Ушацкай ЦРБ М.М.Каспіровіч. — Мэтай вучэнняў з’яўляецца праверка міжведамаснага ўзаемадзеяння, ацэнка гатоўнасці медыкаў да дыягностыкі і супрацьэпідэмічных мерапрыемстваў на кожным этапе. У тым ліку гэта пытанні, звязаныя з апрацоўкай, дэзінфекцыяй.

А медыкі, трэба сказаць, гатовы. Ніякіх сур’ёзных збояў і памылак выяўлена не было. Тым больш што ў спецыялістаў «хуткай дапамогі» падобныя трэніроўкі па асабліва небяспечных інфекцыях ужо ўвайшлі ў практыку. Акрамя трэніровачных вучэнняў, рэгіянальнае ўпраўленне аховы здароўя сумесна з іншымі ведамствамі праводзіць розныя мерапрыемствы па падрыхтоўцы да магчымага завозу ліхаманкі, у тым ліку семінары для медработнікаў. Так што калі вірус прасочыцца на тэрыторыю краіны і, у прыватнасці, Ушацкага раёна, аказаць патрэбную дапамогу пацыентам і не дапусціць распаўсюджвання інфекцыі будзе цалкам вырашальнай задачай.

К.КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *