В Ушачской детской школе искусств прошёл первый музыкальный концерт

Культура Общество

Марозны студзеньскі вечар – самы час для “Зімовай музычнай фантазіі”. На канцэрт з такой назвай запрасілі ўшачан выхаванцы і педагогі Ушацкай дзіцячай школы мастацтваў.

“Гэта была першая спецыяльна падрыхтаваная вялікая праграма на нашай новай сцэне з удасканаленым светлавым і гукавым аздабленнем, і мы пастараліся зрабіць яе яркай і запамінальнай, прадставіць дзяцей розных аддзяленняў, каб гледачы, сярод якіх было шмат бацькоў выхаванцаў, атрымалі асалоду ад прагляду”, – адзначае адзін з арганізатараў і вядучая імпрэзы Галіна Хвошч.

Сярод выканаўцаў, якія выходзілі на сцэну, былі як ужо ўпэўненыя ў сабе і загартаваныя конкурснымі спробамі, так і зусім юныя музыканты. Цёпла сустракалі гледачы дэбют дуэта піяністаў у складзе Златы Коршун і Жэні Дуніка. Знайшлі “творчы кансэнсус” баяністы Глеб Кісель і Ілья Крахотка, гарманічна гучалі разам акардыён Веры Булаўкі і домра Ксюшы Хамёнак (на здымку). Ужо даволі дасканалым майстэрствам парадавалі сёлетнія выпускніцы аддзялення фартэпіяна Вераніка Гракава і Ксенія Крахотка. Як заўсёды, запаліў залу Узорны аркестр народных інструментаў, а харысты ў гэты дзень не толькі бралі ноты, а і актыўна прытанцоўвалі – пасля аднайменнага нумара ніхто ў зале не сумняваўся, што “Дзеці любяць джаз”! Ну а сапраўдны танцавальны клас паказалі “прафесіяналы” з харэаграфічнага аддзялення, юныя ж вакалісты традыцыйна ўнеслі ў музычную палітру эстрадныя фарбы.

А вось як выказала свае ўражанні глядачка Вольга Хамянок: “За ўсе гады, што ў школе мастацтваў вучыцца мой сын Іван Драгун, не прапусціла, здаецца, ніводнай падобнай імпрэзы – і штораз пакідаю залу ва ўзнёслым настроі. Канцэрт вылучаўся прыгожай зімовай атмасферай: гэта і аздабленне сцэны, і бялюткія танцуючыя анёлы, і бліскучая (у прымым і пераносным сэнсе) вядучая. А яшчэ шчырасцю юных выканаўцаў, якія вельмі стараліся паказаць свае, магчыма, пакуль яшчэ і сціплыя поспехі ў асваенні інструмента, танца ці вакалу. Але вопыт выступлення на “вялікай сцэне” важны для дзяцей не менш, чым відовішчнасць і маштаб самога нумара. Вось якраз ад выкладчыкаў школы мастацтваў я заўсёды чакаю арыгінальнасці і бляску – і яны не падвялі!”

Такім чынам, першы канцэрт новай “музыкалкі” стаў удалай “спробай пяра”, і мы з нецярпеннем будзем чакаць наступных – напэўна, ужо вясенніх шоу!

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *