Ушачская средняя школа получила новую компьютерную технику

Образование и молодежь

Камп’ютарная тэхніка на суму звыш 1 мільёна рублёў паступіла нядаўна ў школы Віцебскай вобласці. Гэта стала магчымым дзякуючы рэалізацыі рэспубліканскай праграмы Міністэрства адукацыі па тэхнічным аснашчэнні навучальных устаноў.

Сярод шчасліўчыкаў, як патлумачыла начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама М.В.Варава, – найперш тыя школы, дзе развіццю інфармацыйных кампетэнцый педагогаў, вучняў надаецца асаблівая ўвага, дзе такое абсталяванне актыўна выкарыстоўваецца для падрыхтоўкі і правядзення ўрокаў. Да іх ліку адносіцца і Ушацкая сярэдняя школа, куды было накіравана 13 сучасных камп’ютараў.

– Яны ўжо ўстаноўлены ва аўдыторыях замежных моў, дзе дагэтуль была больш “марудная” тэхніка, цяпер адпаведныя работы ідуць у пачатковых класах, – расказвае дырэктар навучальнай установы В.І.Клімашэўскі. – Зрабіць працэс выкладання максімальна плённым, а заняткі – цікавымі дапаможа падключаны тут інтэрнэт. Удакладню: беспрычынна праводзіць час на перапынках у сусветнай павуціне школьнікі не змогуць: камп’ютары запаролены, сочаць за гэтым і прызначаныя ў класах дзяжурныя.

Не першы год актыўна выкарыстоўвае інфармацыйныя тэхналогіі ў рабоце настаўнік англійскай мовы Таццяна Плікат. Яны дазваляюць не толькі праслухоўваць матэрыял, што важна пры вывучэнні прадмета, але і прымаць удзел у завочных падарожжах па свеце, наладжваць зносіны з носьбітамі замежнай мовы.

Хоць і прыбавілася зараз спраў у інжынера-праграміста школы Максіма Кашко, станоўчых эмоцый малады чалавек не хавае:

– Прыемна, як кажуць, здаваць аб’ект “пад ключ”. Так, напрыклад, у малодшых школьнікаў камп’ютарнай тэхнікі дагэтуль увогуле не было, зараз жа тут не толькі новенькія маніторы, сістэмныя блокі, але і ўся неабходная “перыферыя”: клавіятуры, мышкі, калонкі і іншае.

Няма сумненняў, што такая мадэрнізацыя паўплывае на навучальны працэс. Ужо зараз вучні з цікавасцю ідуць на заняткі, застаюцца працаваць пасля іх.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *