Полиграфия тогда и теперь

Общество

Сёння вы трымаеце ў руках ”Патрыёт” такім, якім ён бы мог быць пастаянна, каб дазваляла тэхнічная база Наваполацкай друкарні. Колер, несумненна, надае газеце свой каларыт, яе прыемна не толькі чытаць, а нават проста бачыць.Для такога скачка ў паліграфіі па гістарычных мерках спатрэбілася зусім нямнога часу. Раней многія дзесяцігоддзі ў радкі ўручную складваліся літара да літары, затым на змену ручному набору прыйшлі лінатыпы, якія ўжо адлівалі радкі. Зноў жа ўручную яны пераносіліся на гранкі, дзе складваліся ў артыкулы і размяшчаліся згодна з макетам нумара. Затым звярстаныя палосы пераносіліся на талер друкавальнай машыны. Сёння ўсё інакш – набор робіцца на камп’ютары прама ў рэдакцыі, на ім там жа і вярстаюцца палосы, якія затым па электроннай пошце перадаюцца ў друкарню, дзе яны адразу ж выводзяцца на празрыстую плёнку, а на ўчастку падрыхтоўкі і вырабу афсетных форм пераносяцца на металічныя пласціны. Якраз гэтым у Наваполацкай друкарні займаецца В.В.Зарубіцкая (на здымку).

Палавіна справы зроблена – засталося друкаванне. Вернемся ў былыя гады выдання “Патрыёта”. Папярэдне наразалася папера адпаведнага фармату з рулона і затым ліст за лістом падаваліся ў машыну. Прычым, кожны нумар газеты праходзіў праз яе двойчы, па разваротах, напрыклад, першая і чацвёртая паласа друкаваліся першымі, а затым ліст паперы пераварочваўся і на адваротным баку друкаваліся другая і трэцяя старонкі. Пры гэтым на друк сённяшняга тыражу затрацілі б недзе каля шасці гадзін. Ну, а калі патрэбна было нешта выдзеліць іншым колерам, то гэты час памнажаўся ўдвая.

У сучасных умовах на друкаванне патрэбна ўсяго некалькі дзесяткаў хвілін, незалежна ад колькасці каляровых элементаў, або нават такога нумара, які вы трымаеце ў руках.

Друкар А.М.Лазаронак замацоўвае афсетныя формы ў машыне, рэгулюе падачу фарбы, фармат і з рулона паперы пачынаецца друкаванне, газета адразу ж і рэжацца, і складваецца па экзэмплярах. І вось першы нумар чарговага выдання ў руках друкара (на здымку), засталося праверыць, ці ўсё ў парадку – друк асноўнага тыражу пачынаецца. Заўтра газету атрымаюць чытачы.

Р.КАРПАЎ

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *