Ушачская спортивная школа!

Cпорт

Пастаянныя заняткі спортам дапамагаюць падтрымліваць сябе ў выдатнай фізічнай форме, з карысцю праводзіць час. Многія ведаюць пра поспехі нашых ушацкіх спартсменаў у розных відах спорту, усе яны навучэнцы дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы. Як выхоўваюць спартсменаў і як удаецца ў такі няпросты час трымаць высокую марку, мы папрасілі расказаць дырэктара ДЮСШ Ігара Уладзіміравіча КЛІМАШЭЎСКАГА.

– У цяперашні час у спартыўнай школе працуе 5 аддзяленняў – армрэстлінгу, дзюдо, самба, настольнага тэнісу, футболу. Агульная колькасць навучэнцаў складае 305 чалавек, з іх 200 у гарпасёлку, 105 – на раёне. Найбольшая ж колькасць дзяцей займаецца футболам. Галоўная мэта ўсіх заняткаў не толькі заняць дзяцей на пэўны час, а зрабіць так, каб гэта прынесла карысць.
– А ўсе жадаючыя могуць займацца ў спартыўнай школе?
– Акрамя жадання патрэбны і адпаведны стан здароўя. Калі ж няма абмежаванняў, то паспрабаваць можа кожны. Калі ў ранейшыя гады дзейнічаў прынцып адбору – выбіралі лепшых і здольных, то цяпер хутчэй дзейнічае прынцып набору – каб запоўніць групы, прымаюцца ўсе жадаючыя заняцца пэўным відам спорту. Звязана гэта са змяншэннем колькасці насельніцтва раёна і адпаведна дзяцей. Ды і многія дзеці сёння аддаюць перавагу камп’ютарным гульням, а не заняткам спортам.
– Не раз імёны нашых спартсменаў гучалі на розных спаборніцтвах, ці звязалі яны сваё далейшае жыццё са спортам?
– Па кожным відзе спорту, магчымасць займацца якім ёсць ва Ушачах, можна назваць імёны, якія ведаюць не толькі ў нашым раёне. Узяць хаця б апошнія тры гады. Неаднаразовая чэмпіёнка свету і Еўропы па самба Анастасія Ляшкова і майстар спорту па дзюдо Валерыя Джураева – выхаванкі нашай школы (першы трэнер В.Кіліна) – уваходзяць у нацыянальную каманду па дзюдо і самба. В.Джураева цяпер яшчэ і студэнтка вучылішча алімпійскага рэзерву. Ураджэнка нашага раёна і выхаванка школы Таццяна Логінава (трэнер В.Лук’яненка) гуляе за футбольную каманду “Бабруйчанка” і ўваходзіць у нацыянальную каманду па футболе, з’яўляецца лідарам рэспублікі па забітых мячах сярод жанчын. У гэтым годзе каманда стала пераможцай у вышэйшай лізе.
Ёсць такія прыклады ў армрэстлінгу. Чэмпіён свету і Еўропы, майстар спорту Аляксандр Лабань з’яўляецца студэнтам факультэта фізічнай культуры і спорту Віцебскага дзяржуніверсітэта, уваходзіць у нацыянальную зборную па армрэстлінгу. Кандыдат у майстры спорту Дзмітрый Гардзіёнак вучыцца ва ўніверсітэце фізічнай культуры і спорту. Канечне, гэта далёка не ўсе нашы выхаванцы, якія прысвяцілі сваё жыццё спорту. Прыемна ўсведамляць, што іх старт быў у нашай школе.
– Але ж, як і ў любой сферы, пэўна, ёсць некаторыя праблемы…
– Хоць спорту ў краіне ўдзяляецца шмат увагі, у нашым рэгіёне абстаноўка не вельмі радуе. У першую чаргу гэта слабая матэрыяльная база. У невялікім памяшканні ДЮСШ мала месца для заняткаў і трэніровак, не хапае сродкаў для набыцця спартыўнага інвентару. Секцыя па футболе самая шматлікая, аднак зноў жа будучым футбалістам няма дзе паўнацэнна трэніравацца. Не заўсёды атрымліваецца праводзіць трэніроўкі ў зале Ушацкай школы, а на стадыёне пад адкрытым небам ужо не падыходзячы час. Праводзім трэніроўкі ў спартыўнай зале лясгаса, але зноў жа праблема – цяпер там няма ацяплення і замест вывучэння прыёмаў трэба клапаціцца аб тым, каб толькі навучэнцы не замерзлі. Ды і трэба сказаць, што ў раён лясгаса складана дабірацца, тым больш у цёмны час.
Для таго, каб удзельнічаць у розных спаборніцтвах, патрэбны немалыя фінансавыя сродкі. Не ўсе гатовы зразумець і прыйсці на дапамогу, але шукаем выйсце з розных сітуацый, знаходзім спонсараў.
– Ці атрымаюць развіццё новыя віды спорту ў бліжэйшы час?
– У канцы мінулага тыдня адкрыўся трэнажорны зал у памяшканні былога шахматна-шашачнага клуба. Ужо ёсць шмат жадаючых займацца там. Ну а развіваць канкрэтны від спорту пакуль няма магчымасці. Рашыць гэту праблему і прыцягнуць людзей розных узростаў да здаровага ладу жыцця магло б будаўніцтва спартыўнага комплексу. Аднак гэта пакуль толькі ў планах і надзеях. Спадзяёмся, што ў будучым магчымасцей для заняткаў спортам як у дзяцей, так і ў дарослых будзе больш.
Гутарыла В.ПОЛАЗАВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *