Новое поколение юных снайперов. Ушачские стрелки удачно выступили на Олимпийских днях молодёжи в Витебске

Cпорт

Як мы ўжо расказвалі, адразу некалькі лепшых выхаванцаў стралковага аддзялення Ушацкай ДЮСШ сталі сёлета навучэнцамі Белдзярж­універ­сі­тэта фізічнай культуры. Аднак, адправіўшы ў далейшы шлях сваіх галоўных зорак, наша “кузня снайперскіх кадраў” зусім не паблякла і з пачатку новага навучальнага года зноў у штатным рэжыме штампуе медалі на розных спаборніцтвах.

Лідарскія функцыі ўзялі на сябе кандыдат у майстры спорту Дар’я Мацвеенка, разраднікі Аляксандр Галяковіч, Уладзіслаў Шыхель, Антон Булаўка. Менавіта гэтая група ўжо вопытных стралкоў прадставіла нядаўна нашу спартшколу на Алімпійскіх днях моладзі, што праходзілі ў Віцебску. Кампанію ж ім склала чацвёрка навічкоў: Ілья Быкаў, Алена Бука, а таксама Марыя і Аляксандра Мацвеенкі ўпершыню адправіліся на падобныя спаборніцтвы. Цікава, што ў гэты раз наша зборная больш чым на трэць складалася з прадстаўнікоў адной сям’і. І прыемна паведаміць, што сястрычкі выступілі вельмі годна. Дар’я ўпэўнена выйграла спаборніцтвы ў стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі з 10 метраў, набраўшы 378 балаў – гэта вышэй за нарматыў кандыдата ў майстры спорту. На рахунку нашага лідара яшчэ адно “золата”, а таксама срэбра. А Маша паклала ў сямейную скарбонку свой першы бронзавы медаль. Трыма другімі месцамі адзначыўся Саша Галяковіч.

Гэтыя трафеі сталі стымулам для іншых навучэнцаў, а іх пад кіраўніцтвам вопытнага спецыяліста Пятра Юльянавіча Варатынскага зараз займаецца больш двух дзясяткаў. На трэніроўкі дзеці ходзяць з задавальненнем. Так, напрыклад, 10-гадовую Віку Байцову настаўнік называе адной з будучых надзей: дзяўчынка прыйшла на стральбу па прыкладзе старэйшага брата Уладзіслава і займаецца ўжо трэці год. Спадзяецца, што на наступныя спаборніцтвы адбярэцца ў склад каманды, а для гэтага гатова і на канікулах прыязджаць на трэніроўкі з Лутава Сяльца. Не так даўно пераехала ў наш раён і пасялілася ў Строктах сям’я Насці Свідзінскай, і дзяўчына адзначае, што наведванне спартыўнай школы для яе не толькі захапляльны занятак, а і магчымасць наладжваць кантакты з аднагодкамі. З задавальненнем спяшаецца ў цір Паша Станкевіч: снайперскія здольнасці ў хлопчыка, напэўна, ад дзядулі – заўзятага паляўнічага, а няўрымслівая Лена Бука паспявае хадзіць і на дзюдо, і на стральбу, бо не можа рашыць, што ёй больш па душы, а добрыя вынікі паказвае ў абодвух відах спорту.

Вось такое яно, новае пакаленне нашых юных снайпераў, якому давядзецца працягваць і памнажаць славу ўшацкай школы кулявой стральбы.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *