Фестиваль экстремальных видов спорта «Extreme Прорыв» прошел в Ушачах

Cпорт

Фестываль экстрэмальных відаў спорту “Экстрым-Прарыў”, які прайшоў на Ушаччыне ў трэці раз, ужо можна лічыць брэндам нашага раёна. А паколькі ў мінулыя гады спартсмены і гледачы праявілі да яго вялікую цікавасць, сёлета было вырашана сур’ёзна пашырыць фармат. 1-2 ліпеня адразу ў некалькіх месцах гарпасёлка і раёна было прадстаўлена 10 відаў спорту, у якіх спаборнічала амаль 400 экстрэмалаў. Па падліках арганізатараў, за два дні лакацыі фестывалю наведала каля 8 тысяч чалавек.

Сяргей Садоўскі, старшыня Ушацкага райвыканкама: “У нашай краіне шмат увагі надаецца папулярызацыі здаровага ладу жыцця, выхаванню новага пакалення спартсменаў, а экстрэмальныя віды спорту выклікаюць у моладзі асаблівую цікавасць”.

Высокія хуткасці і адрэналін

Адной з цэнтральных пляцовак фестывалю стаў фізкультурна-аздараўленчы комплекс “Юнацтва-Ушачы” – перад ім у суботу сабралася спартыўная аўта- і мотатэхніка. Некалькі дзясяткаў матацыклаў, квадрацыклаў, пазадарожнікаў плюс ралійныя аўтамабілі – усё гэта можна было разгледзець, памацаць і нават сфатаграфавацца за рулём. Карысталіся такой магчымасцю прадстаўнікі самага рознага ўзросту – як кажуць, “і піянеры, і пенсіянеры”.

З раніцы непадалёк праходзіў картынг-слалам, а калі дакладней – ІІ этап чэмпіянату і першынства Беларусі па названай дысцыпліне. Гэтыя захапляльныя спаборніцтвы праводзяцца сярод дзяцей і дарослых (самы юны ўдзельнік ушацкіх гонак яшчэ не ходзіць у школу) і ўяўляюць сабой парныя заезды па пазначанай фішкамі паралельнай трасе. Здавалася б, нічога складанага, але каб паказаць годны вынік, трэба і картам выдатна валодаць, і траекторыі на высокай хуткасці правільна выбудоўваць.

Вялікую колькасць гледачоў сабрала спецыяльна падрыхтаваная траса з натуральнымі і штучнымі перашкодамі. Апошнія рыхтавалі загадзя – не адзін дзень мясцовыя жыхары з захапленнем сачылі за “ўзвядзеннем” з бярвення, дошак, колаў ад вялікагрузаў розных горак ды трамплінаў, ну а самыя смелыя “апрабоўвалі” іх пешшу ці на веласіпедах. Удавалася гэта, праўда, мала каму, таму ўбачанае тут у суботу ўражвала. Распачалі экстрым-праграму спаборніцтвы па эндура – дысцыпліне мота- і веласпорту, якая прадугледжвае агрэсіўны стыль праходжання бездарожжа. Такія старты Ушачы прынялі ўпершыню. “Відовішча не для слабанервовых!” – назіраючы за ліхімі манеўрамі, драматычнымі падзеннямі, казалі некаторыя. І ўсё ж пакідаць глядацкую зону, якая зручна размясцілася на схілах да вадаёмаў насупраць спарткомплексу, ніхто не спяшаўся. Наперадзе чакалі не менш эмацыянальныя заезды ўдзельнікаў Кубка Беларусі па трофі-рэйдзе. Гледачы атрымалі ўнікальную магчымасць паназіраць, як бяруць “пешым ходам” перашкоды квадрацыклісты, як “пераплываюць” саджалкі экіпажы на пазадарожніках. Дарэчы, для трафістаў гэта было толькі размінкай: асноўная частка спаборніцтваў прайшла ў нядзелю ўжо ў рэальных умовах лясоў і балот. Працягнулі свае “разборкі” і іншыя аўта-экстрэмалы.

Віктар Кулініч, ушачанін: “Я даўні аўтааматар, таму прапусціць такое відовішча проста не мог! Уражаны, як ліха спраўляюцца з пастаўленай задачай спартсмены, сярод іх, дарэчы, бачыў і жанчын. Напэўна, змог бы таксама даць жару на трасе. У паўсядзённым жа жыцці ліхацтваў сабе не дазваляю: працую вадзіцелем школьнага аўтобуса”.

Вулічны баявік і цюнінг-студыя

Адначасова са спартыўнымі на фестывалі працавалі тэматычныя лакацыі, у тым ліку разлічаныя на самых юных гледачоў. Для іх, напрыклад, адкрылі своеасаблівую цюнінг-студыю – пад музычнае суправаджэнне, якое забяспечвала “прашытае” гукаўзмацняльнай апаратурай аўто, малыя пакідалі на другім яркія малюнкі, аўтографы, віншаванні. Правяралі сябе на інтэрактыўным астраўку бяспекі, падрыхтаваным супрацоўнікамі РАНС. Разам з роставай фігурай вавёркі са знакамітага мультфільма “Ледніковы перыяд” падтрымлівалі юных картынгістаў.

Максім Іваньковіч, 11-гадовы жыхар Наваполацка: “На фестываль прыехаў з бацькамі і іх сябрамі. Мару стаць выратавальнікам, таму з цікавасцю сачыў за “пажарным красфітам” гэтых спецыялістаў на плошчы, залез у кабіну спецтэхнікі ля “Юнацтва” і нават скокнуў з імправізаванай вышкі – вядома, са страхоўкай.

Паказальныя выступленні на цэнтральнай плошчы г.п.Ушачы правялі ў суботу прадстаўнікі райаддзелаў па надзвычайных сітуацыях і ўнутраных спраў. Па легендзе два злачынцы абрабавалі дом і, каб замесці сляды, здзейснілі падпал. Аўтамабіль рэйдавай групы, які праязджаў паблізу, напалохаў мужчын – адзін з іх у спешцы праліў на сябе гаручую вадкасць, успыхнула адзенне, другі пусціўся наўцёкі. Выратавальнікі пачалі тушыць дом і самога падпальшчыка, другога затрымалі праваахоўнікі.

Ралі – гэта святое!

У праграме двух папярэдніх фестываляў яўна на хапала аўтаралі, якое даўно прапісалася на Ушаччыне. У гэты раз “хібу” выправілі: самыя хуткія пілоты краіны сабраліся на другі этап чэмпіянату Беларусі-2023 па ралі-спрынце. Трэба сказаць, што інтрыга тут была невялікай, бо ў стартавым лісце значыўся “Mitsubishi” Сяргея Вязовіча. Праўда, у якасці штурмана з лепшым гоншчыкам краіны ўпершыню ехала жонка, што давала сапернікам прывідную надзею… Прынамсі, са сваёй роляй Марыя справілася выдатна: сямейны экіпаж прывёз бліжэйшаму праследавацелю амаль дзве хвіліны! Дарэчы, гэтыя заезды сталі для Сяргея апошняй трэніроўкай перад стартам міжнароднага ралі-рэйду “Шаўковы шлях”, і прама з Ушач ён паехаў даганяць сваю каманду “МАЗ-СПОРТаўта”, якая адпраўлялася ў Расію.

Любоў Гарнак, жыхарка Кубліч: “Унукі, якія гасцююць у мяне на канікулах, не маглі дачакацца суботы! Ралі для нас – святое, кідаем усю работу і спяшаемся на глядацкую пляцоўку”.

Мы ж мусім падкрэсліць, што дзякуючы гэтаму віду праграмы аўдыторыя фестывалю прырасла і гледачамі з глыбінкі – падалося, што на ўскрайку Кубліч, дзе траса робіць відовішчны віраж, сабралася добрая палова жыхароў аграгарадка і навакольных вёсак.

Кульбіты над Вечаллем

Ну а самай масавай і стракатай стала лакацыя на возеры Вечалле. Ніводны “Экстрым-Прарыў” не абыходзіцца без вейкборда. Больш за тое, менавіта этапы Кубка Беларусі па гэтым відзе (а яны ладзяцца ва Ушачах ужо 10 год) сталі своеасаблівым падмуркам будучага фестывалю спартсменаў-экстрэмалаў, а заснавальнік школы ўшацкага вейкбордзінгу і гаспадар водна-аднаўленчага цэнтра Сяргей Фамін унёс немалую лепту ў ажыццяўленне праекта. Відовішчным атрымаўся і сёлетні этап, на які сабраліся райдары з розных куткоў краіны. Наша ж цікавасць да гэтага віду ўзмацнялася ўдзелам ушачан, і іх выступленні былі дастойнымі: Дзмітрый Журко заваяваў “бронзу” ў заліку аматараў, Ілья Бабаедаў быў лепшым сярод спартсменаў, што спаборнічалі ў дадатковай катэгорыі, а ў галоўным мужчынскім фінале Кірыл Дзямко (лепяльчанін, якога мы лічым сваім, бо азы вейкборда ён спасцігаў ва Ушачах пад кіраўніцтвам Дзмітрыя Долгага) і Антон Латышаў сталі 4-м і 5-м адпаведна.

Дзмітрый Шаўчэнка, ушацкі вейкбардзіст: “Памятаю, як здабыў для нашай каманды першую буйную ўзнагароду – гэта была “бронза” ў класе прафесіяналаў на браслаўскім фестывалі. Зараз жа спецыяльна прыехаў з Санкт-Пецярбурга, каб падтрымаць сяброў і “Экстрым-Прарыў”. Наша братэрства моцнае, і тое, што былых вейкбардзістаў не бывае – гэта не проста словы!”

Хвалі Вечалля рассякалі таксама катэры і водныя матацыклы. Дарэчы, бясплатна пракаціцца на іх, а яшчэ атрымаць у падарунак майкі і кепкі з фестывальнай сімволікай, абанементы на наведванне спарткомплексу і іншыя прызы змаглі пераможцы розыгрышу па білетах, якія па досыць сімвалічным кошце сёлета трэба было набыць для праходу на лакацыю пляжа.

Пляж набыў сілавы антураж

Хвалю эмоцый выклікаў у гледачоў і турнір па сілавым экстрыме, які сабраў на вечальскім пляжы каля дзясятка беларускіх і расійскіх волатаў. Пракруціць вакол восі 300-кілаграмовую “карусель конана”, перанесці на 20 метраў “калодзеж”, які дастаўлялі на старт дыстанцыі аж шасцёра работнікаў спарткомплексу, утрымаць квадрацыкл, паставіць на бочкі цяжкія камяні – нават глядзець на гэтыя выпрабаванні жудасна! А волаты спраўляліся з імі ліха і нязмушана. “Спецыяльна прыехалі, каб пахварэць за Сашу Лабаня!” – агучылі нам думку соцень ушацкіх гледачоў Ала і Уладзімір Андрыковічы. А неаднаразовы пераможца прафесійных спаборніцтваў вальшчыкаў лесу Міхаіл Карабань шчыра прызнаўся, што гэты спорт – не для яго, аднак у відовішчнасці сілавому экстрыму не адмовіш. Што датычыцца Аляксандра, то землякоў ён не расчараваў, атрымаўшы чарговую бліскучую перамогу.

Прыемным сюрпрызам стаў прыезд на фестываль чэмпіёна свету па сілавых відах спорту, уладальніка сямі міравых дасягненняў, чатыры з якіх занесены ў сусветную кнігу рэкордаў Гінеса, Сяргея Заслаўскага. На вачах у гледачоў беларускі асілак устанавіў яшчэ адзін рэкорд – у практыкаванні “жым гір 24 ​​кг, седзячы на ​​лаве без апоры ног”.

Сяргей Заслаўскі, спартсмен і грамадскі дзеяч: “Напярэдадні Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь і 79-й гадавіны вызвалення нашай краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў я хачу прысвяціць свой рэкорд ушацкім партызанам, якія здзейснілі легендарны прарыў”.

Агонь, вада і медныя трубы

Усё пералічанае і вельмі шмат чаго іншага было ў вячэрніх праграмах. Шматлікія атракцыёны і фуд-корты, вогненнае і лазернае шоу, канцэрты пад адкрытым небам, на якіх ушачан радавалі хітамі беларускія гурты “Timesquare (кавербэнд)” і “Sunroad-21” (у арсенале апошняй якраз і былі прыгаданыя вышэй трубы)… А некаторыя гледачы патрапілі пад душ з шампанскага і газіроўкі, які ў экстрэмалаў (у адпаведнасці з узростам) з’яўляецца абавязковым атрыбутам святкавання спартыўных перамог.

Усёй грамадой

Цырымоніі ўзнагароджання, дарэчы, атрымаліся ўзнёслымі і досыць працяглымі – ушанаваць жа трэба было больш сотні ўдзельнікаў! Частку гэтай прыемнай місіі ўзяў на сябе старшыня Ушацкага раённага выканаўчага камітэта Сяргей Сяргеевіч Садоўскі. Дарэчы, наш райвыканкам з’яўляецца заснавальнікам фестывалю, а асноўныя арганізатарскія абавязкі ўскладзены на сектар спорту і турызму, які ўзначальвае Сяргей Іванавіч Ціханёнак. “Правядзенню мерапрыемства папярэднічала каласальная падрыхтоўчая работа, і вялікі дзякуй хочацца сказаць арганізатарам па розных відах спорту і ўвогуле ўсім, хто быў у ёй задзейнічаны. Нічога б не атрымалася без дапамогі прадстаўнікоў сілавых структур, камунальнікаў, дарожнікаў, лясгасаўцаў, аўтатранспартнікаў, медыкаў, кааператараў. Напэўна, не ўсё ўдалося зрабіць бездакорна, але мы набіраемся вопыту і пастараемся ў наступны раз улічыць заўвагі”, – падводзіць вынікі С.Ціханёнак.

Немагчыма ладзіць маштабныя фэсты без спонсарскай дапамогі, і такую функцыю ўзялі на сябе сетка магазінаў “Аўто1”, “Белаграпрамбанк”, кампаніі “Рэд Бул”, “Вектар А”, “Сканлінк”, кафэ “Камігамі”, фудтракі “Golden Food” і іншыя.

“Экстрым-Прарыў” стаў незабыўнай летняй прыгодай для тысяч людзей. Ён заваяваў сваё месца пад фестывальным сонцам і, безумоўна, дазволіць больш поўна рэалізаваць вялізны турыстычны патэнцыял сінявокай Ушаччыны.

Аляксандр і Нона Штуро, госці з Дуброўна: “Некалькі год таму на адпачынку ў “Лясных азёрах” пазнаёміліся з ушацкім лесаводам Пятром Качаном і з таго часу сябруем сем’ямі. Менавіта ён запрасіў нас на “Экстрым-Прарыў”. Ад фестывалю мы ў захапленні! Як і ад вашай Ушаччыны, якая проста створана для таго, каб прымаць турыстаў. Ужо зараз чакаем чацвёртага “Экстрыму”!”

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ,
Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *