Дружный коллектив «Мясной лавки» рад каждому покупателю

Экономика и малый бизнес

Хоць і забіты маразільнік мясам дамашняй гадоўлі, ды і ішла ў “Мясную лаўку” УП “Гандлёвы дом” ЗАТ “Віцебскаграпрадукт” выключна з журналісцкім заданнем, пакідала яе ўсё ж з поўным пакетам. Зірнуўшы на вітрыну, нават у пост не ўтрымаешся, каб не купіць мясістых рэбрышкаў, мармуровай свініны ў ідэальным разрубе. Ды і Таццяна Анатольеўна Ягадка і Алена Васільеўна Тарашкевіч, ведаючы, што нячасты ў іх госць, наперабой прапаноўвалі паспытаць пячоначныя каўбаскі, хлеб на кляновым лісце ды шматлікія далікатэсы “Славянскага Велеса”. А падаючы чэк, Таццяна дадала: “Заходзьце да нас часцей”. Гэтую фразу на развітанне тут гавораць кожнаму.

Ну а рэдакцыя ўжо не адзін раз прымала падзякі ад чытачоў у адрас калектыву гэтага магазіна. Нядаўна аб гэтым папрасіў А.С.Хамянок, што і стала нагодай візіту ў гандлёвую кропку. І хоць расчыняе дзверы яна ў 9 гадзін раніцы, у восем на рабочым месцы была не толькі загадчыца Алена Васільеўна Брэнько, але прадаўцы і грузчык Аляксей Васільевіч Булаўка. У яго працоўны час так і распачынаецца, бо раніцай штодня дастаўляюць тавар, ну а жанчыны наўмысна прыходзяць раней, каб зрабіць выкладку, расставіць цэннікі, падрыхтавацца да сустрэчы пакупнікоў.

А.Тарашкевіч, А.Брэнько, Т.Ягадка.

– Мне вельмі пашанцавала з калектывам, – гаворыць А.В.Брэнько. – Перад адкрыццём перадалі папку з прозвішчамі прэтэндэнтаў. Зразумела, брала таго, каго ведала. Таццяна Ягадка наогул была маёй правай рукой, калі распачыналі, як і Наталля Васільеўна Віннік. Лену Тарашкевіч пераманілі ад прыватнікаў. Калі павялічыліся аб’ёмы і дазволілі ўзяць чацвёртага прадаўца, запрасілі Вераніку Генадзьеўну Дуброўскую. Яна ў нас самая маладая, сёлета 40 гадоў, наогул жа калектыў лічы што равеснікаў, гэта таксама збліжае. Дарэчы, у нас у гэтым годзе тры юбілеі. Заўсёды віншуем адзін аднаго. Шчыра скажу, калі б зараз нехта звольніўся, было б вельмі шкада, паколькі жывём адной сям’ёй: усе зацікаўлены, каб магазін быў прывабным, ды і ўласнымі справамі абавязкова дзелімся. Ведаем усё пра дзяцей і ўнукаў.

Вельмі дапамагае гэта сямейнасць у рабоце. Хоць і існуе падзел на аддзелы, дзяўчаты разам мыюць вітрыны і залу, раскладаюць прадукцыю, калі ёсць пакупнікі, можа дапамагаць і А.Булаўка, любы затрымаецца звыш часу. Ну а загадчыца нярэдка і падмяняе прадаўцоў. На каранавірус перахварэлі амаль ўсе, аднак Алена Васільеўна дадае: “Пашчасціла”. Дзіўна гучыць гэта слова, ды А.Брэнько тлумачыць: “Добра, што не разам, вельмі хваляваліся, каб не давялося зачыніць магазін. А так хоць і цяжка было, аднак падмянялі адна адну і справіліся”.

Па-сямейнаму ставяцца тут і да пакупнікоў. Прывезлі неяк раніцай родныя бабулю, пакінулі выбіраць тавар, а самі паехалі ў бальніцу, дзе і затрымаліся. Ёй стул вынеслі і нават падсілкавацца прапанавалі ў абед, час да якога і правяла ў магазіне. Калі без сына ў краму з’яўляецца яшчэ адна пакупніца, Аляксей абавязкова падносіць да машыны сумкі, як і 16-кілаграмовыя ўпакоўкі корму для жывёлы, што бяруць дачнікі. Расіяне, пакідаючы санаторый, грунтоўна затаварваюцца свінінай, якую па іх просьбе папярэдне памяшчаюць у камеру глыбокай замарозкі. Пастаянных пакупнікоў за тры гады тут зашмат, у іх ліку і санаторый “Лясныя азёры”, і спявак У.Скаражонак, і ўшацкія работнікі трох прадпрыемстваў ЗАТ “Віцебскаграпрадукт”, што працуюць на тэрыторыі раёна.

А.Булаўка.

Свініна і кураціна, паўфабрыкаты, каўбасы паступаюць з уласных комплексаў холдынгу, таму і цэны адпаведна самыя нізкія. Хаця канкурэнтаў тут таксама манітораць, і калі ў каго танней, кіраўніцтва ідзе на зніжэнне цаны. Прыслухоўваецца і да іншых прапаноў. Прасілі пакупнікі, каб можна было разлічвацца карткай “Халва” – укаранілі, абяцаюць увесці і ўласныя скідачныя. Пастаянна працуюць акцыі: месячныя, напрыклад, на кураціну, і трохдзённыя, пераважна да свят. Перад 8 сакавіка дзверы магазіна зачынілі ў палове восьмай, калі ў зале было 22 чалавекі, якіх абслугоўвалі да дзевяці гадзін.

Хоць папулярнасць крамы была наканавана – як гандлёвай кропцы вытворцы без пасрэднікаў – калектыў зрабіў нямала, каб замацаваць яе. Вывучалі попыт, паступова пашыралі асартымент, разам абмяркоўваюць чаго і колькі заказаць. І зараз, ведаючы нават дні выдачы зарплат і пенсій, стараюцца, каб лепей быў запас, чым не хапіла. Хоць тут пастаянна людзі, і бяруць не адно найменне тавару, абслугоўваюць хутка, сустракаюць і праводзяць з усмешкай. І адзіная заўвага, што робіць загадчыца прадаўцам – не бегаць, а хадзіць па зале. Падабралі пад густы ўшачан і пастаўшчыкоў бакалеі, малочкі, напіткаў. Бо пакупнік, што прыйшоў за шашлыком, купляе і спадарожны тавар, той жа вугаль. І калі выручка тры гады таму ў месяц складала 60 тысяч рублёў, то зараз павялічылася ўдвая, а мяса, па словах А.Брэнько, заказваюць усё больш. Ну а пра любоў да гандлёвай кропкі сведчаць не толькі добрыя словы, але і ўчынкі пакупнікоў, якія, у прыватнасці, прыносяць насенне кветак для клумб “Мясной лаўкі”.

Вольга КАРАЛЕНКА.

  • Толькі ў гэтай гандлёвай кропцы ўшачане за месяц набываюць 9 тон свініны і паўфабрыкатаў з яе, больш 8 тон мяса курыцы.
  • Крокамер на тэлефоне прадаўца “намотвае” за змену лічбу 6 тысяч.


Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *