В Ушачской и Ореховской школах проходили мероприятия по финансовой грамотности

Образование и молодежь

З 22 па 28 сакавіка ва ўсім свеце праходзіў Тыдзень фінансавай граматнасці, слоган якога сёлета – “Беражы сябе, беражы свае грошы”. У кожнай установе адукацыі адбыліся мерапрыемствы, накіраваныя на фарміраванне фінансавай дасведчанасці маладога пакалення, а ва Ушацкай і Арэхаўскай школах перад вучнямі выступілі спецыялісты цэнтра банкаўскіх паслуг ААТ «Белаграпрамбанк» М.П.Ганчаронак і прадстаўніцтва Белдзяржстраха А.П.Северына.

Гаворка ішла пра лічбавыя фінансавыя прадукты і сэрвісы, якія паступова выцясняюць традыцыйныя і вельмі дапамагаюць зберагчы час і сябе ва ўмовах пандэміі. Распаўсюджаны з іх інтэрнэт- і мабільны банкінг – тэхналогіі, што дазваляюць кліенту атрымаць доступ да сваіх рахункаў і здзяйсняць аперацыі ў любы час у першым выпадку праз сайт, у другім – з дапамогай прыкладанняў для смартфонаў і планшэтаў.

А.Северына з вучнямі Арэхаўскай школы.

Дзякуючы развіццю бескантактавых тэхналогій у апошнія гады замест картак усё часцей выкарыстоўваюцца разнастайныя гаджэты: смартфоны, гадзіннікі, спецыяльныя кольцы, бранзалеты. Каб у якасці карткі служыў смартфон, ён павінен быць абсталяваны NFC-модулем.

Набірае абароты і біяметрыя. Найбольш папулярныя пяць тыпаў даных: адбітак пальца, выява асобы, голас, радужная абалонка вачэй, малюнак далоні і пальца. Пры гэтым яны могуць быць дадатковым фактарам пацвярджэння асобы чалавека разам з унікальнымі кодамі і паролямі, стандартнымі дакументамі.

Можна зрабіць аплату і праз QR-код. Вонкава гэта квадратны штрых-код, які складаецца з чорных кропак і прабелаў. У гарадах так набываюць квіткі ў транспарце, у нас ва Ушачах – ласункі ў “Чайнай лаўцы”. Кампаніі, а ў некаторых краінах і ўласна людзі, выкарыстоўваюць іх для захоўвання і распаўсюджання самай рознай інфармацыі: тэкста, адраса ў інтэрнэце, кантактных даных. Функцыю аплаты з дапамогай QR-кодаў актыўна ўкараняюць у свае мабільныя прыкладанні і банкі Беларусі.

Электронныя грошы не патрабуюць адкрыцця асобнага банкаўскага рахунку, а захоўваюцца ў спецыяльных электронных кашальках. Стварыць такі можна анлайн або пры звароце ў аддзяленне банка, а каб у ім з’явілася нейкая сума – яго можна папоўніць рэальнымі грашыма, напрыклад, з карткі праз інтэрнэт-банкінг або банкамат, у касе банка або на пошце, пераводам з іншага электроннага кашалька. Імі можна аплачваць тавары ці паслугі ў інтэрнэце і ў афлайн-крамах, якія прымаюць такі від.

Чым больш вы дасведчаны ў фінансавым плане – тым менш шансаў вас ашукаць. Ну а галоўнае, каб гэтага не здарылася – не перадавайце нікому канфідэнцыяльных звестак з вашых плацёжных карт, не захоўваце коды разам з імі.

Вольга СЕВЕРЫНА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *