В Ушачах прошёл районный смотр-конкурс «Танцевальная весна»

Культура

У мінулую сераду сцэна раённага цэнтра культуры і народнай творчасці пераўтварылася ў сапраўдную танцпляцоўку: свае харэаграфічныя здольнасці ў рамках традыцыйнага раённага агляду-конкурсу “Танцавальная вясна” тут дэманстравалі 10 калектываў.

“Ананас”.

Творчае спаборніцтва праходзіла па трох намінацыях: народна-сцэнічны, бытавы і эстрадны танец. Прычым, колькасць нумароў у кожнай з іх не абмяжоўвалася – члены журы мелі магчымасць убачыць усе грані таленту юных танцораў, ацаніць іх патэнцыял.

Былі сярод удзельнікаў як навічкі, так і тыя, хто не раз выступаў на вялікай сцэне. Да ліку апошніх адносіцца дзіцячы ўзорны калектыў “Спадчына” Матырынскага сельскага клуба (кіраўнік – Г.Рудзёнак). На працягу апошніх гадоў у яго скарбонцы нямала перамог на розных фальклорных конкурсах. “Танцавальная вясна” не стала выключэннем – нягледзячы на канкурэнцыю, якую юнакам і дзяўчатам склалі члены гурткоў бытавога танца “Нарэчаньку” (В.Лягчыліна) з той жа ўстановы і “Месячык” з Глыбачанскага СДК (В.Міхаль), яны ўпэўнена атрымалі чарговую перамогу ў “быце”.

«Нарэчаньку».

Калектывы “Маладзёжны квартал” і “Карнавал”, а таксама дуэт у складзе Ангеліны Арцямёнак і Кацярыны Фядосенка з раённага цэнтра культуры і народнай творчасці (усіх падрыхтавала Д.Пенкальская) аднолькава добра выступілі як з народна-сцэнічнымі танцамі, так і з сучаснымі эстраднымі. Найбольш жа ўдалымі для танцораў з “Карнавала” атрымаліся першыя, пацверджанне таму – перамога ў адпаведнай намінацыі.

Надзвычай бойка ішла барацьба за “золата” ў “эстрадзе” – было прадстаўлена ажно дзевяць яркіх нумароў. Да слёз кранулі гледачоў шчымлівыя выступленні “Маці” і “Жураўлі” навучэнцаў дзіцячай школы мастацтваў (Н.Корнева). Пад дынамічныя рытмы рускіх хітоў двойчы “разрывалі сцэну” ўдзельнікі калектыву “Капрыз” раённага цэнтра дзяцей і моладзі (В.Пугачова). Эффектна пераўвасобілася ў цыганку на сцэне прадстаўніца Вялікадолецкага СДК Лілія Смаляк. Не шкадавалі гледачы апладысментаў і для самых маленькіх канкурсантаў – калектыву “Ананас” раённага фізкультурна-спартыўнага клуба (Ю.Казак). І хоць, канечне, былі ў харэаграфіі пэўныя недакладнасці, палаючыя вочкі малых, іх старанне ўсё ж узялі верх – менавіта “ананасікам” прысуджана першае месца.

«Карнавал».

– Атрымала сёння вялікае задавальненне ад усіх выступленняў, конкурс прайшоў на адным дыханні, – адзначыла, падводзячы вынікі, старшыня журы, намеснік старшыні райвыканкама А.В.Пашковіч. – Дзякуй за талент, волю да перамогі, развіцця і росту вам!

Ніхто з канкурсантаў не застаўся ў гэты дзень без узнагарод і гучных апладысментаў.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *