Весна пришла — велосипедисты на дороге. Напоминаем некоторые правила

Профилактика и безопасность

З наступленнем вясны на дарогах вобласці павялічылася колькасць аварый з удзелам веласіпедыстаў. Прычым, як паказвае практыка, віноўнікамі большасці з іх становяцца самі велааматары. Пра тое, якія правілы ім трэба захоўваць, расказвае начальнік аддзялення ДАІ Ушацкага райаддзела міліцыі М.Л.ГАЎРЫЛЮК:

– Навічкам варта ведаць, што ў пешаходных і жылых зонах, па тратуарах, веласіпедных ці пешаходным дарожках можна ездзіць у любым узросце, а вось выязджаць на дарогу без суправаджэння паўналетняга дазваляецца толькі з 14 гадоў. Калі веласіпеднай дарожкі няма, трэба выбраць для руху абочыну ці тратуар і паклапаціцца пра тое, каб не стварыць перашкоду, небяспеку для пешаходаў. Пры адсутнасці названых элементаў дарогі ці немагчымасці рухацца па іх дапускаецца язда па праезнай частцы не далей за 1 метр ад яе правага краю (большая адлегласць магчыма толькі для аб’езду перашкоды).

Калі веласіпедыст мяркуе здзейсніць манеўр, ён павінен выкарыстаць адну з сістэм знакаў рукамі. Пры жаданні спыніцца трэба падняць уверх адну руку, пры павароце – выцягнуць яе ў бок павароту.

Пры перасячэнні праезнай часткі і пешаходнага пераходу веласіпедыст павінен спешыцца і весці транспартны сродак побач. Гэтае правіла дазваляе вадзіцелю аўтамабіля мець большы запас часу на ацэнку дарожнай сітуацыі.

Варта сачыць за спраўнасцю, абсталяванасцю веласіпеда. У яго павінны быць у нармальным стане тармазы, рулявое кіраванне і гукавы сігнал – званок ці гудок. Таксама павінна быць устаноўлена люстэрка задняга бачання. Ездзіць у цёмны час сутак ці ў туман можна, але на транспартным сродку павінны гарэць ліхтары белага колеру – спераду і чырвонага – ззаду. Калі светлавыя прыборы не працуюць, трэба спешыцца і весці веласіпед побач.

Нельга ездзіць у алкагольным ці наркатычным ап’яненні. Забаронены таксама перавозка людзей (за выключэннем дзяцей да сямі гадоў на дадатковым спецыяльна абсталяваным сядзенні), рух без рук на рулі ці ног на педалях.

За парушэнне Правілаў веласіпедыст панясе адміністрацыйную адказнасць. Калі быў у цвярозым стане – рызыкуе атрымаць штраф да 3 базавых велічынь, у нецвярозым – да 5. Стварэнне аварыйнай абстаноўкі караецца штрафам да 8 базавых, пакіданне месца здарэння, прычыненне ўдзель­ніку дарожнага руху лёгкіх траўм – да 20.

Падрыхтавала Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *