Автономный пожарный извещатель — надёжный способ защитить себя от беды, спасти жизнь и имущество

Профилактика и безопасность

Нявыключаны камп’ютар стаў прычынай пажару лютаўскай ноччу ў адной з кватэр Полацка. У гэты момант мужчына з трыма дзецьмі (8, 5 і 4 гады) спалі. Усе яны маглі ўжо не прачнуцца, калі б не аўтаномны пажарны апавяшчальнік, гук якога разбудзіў сям’ю і яна выбралася з ужо моцна задымленага памяшкання… Падобных прыкладаў можна прывесці шмат – толькі ў 2020-м годзе ў краіне дзякуючы прыбору выратавана 65 чалавек, у тым ліку 21 дзіця.

Парушыць нават самы моцны сон

Як бы скептычна не адносіліся некаторыя да аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў, гэта ўсё роўна надзейны спосаб абараніць сябе ад бяды, выратаваць жыццё і маёмасць. Апавяшчальнік рэагуе на любое задымленне і падае моцны гукавы сігнал. Гэта мы праверылі з інспектарам сектара прапаганды і ўзаемадзеяння з грамадскасцю РАНС К.І.Карзянок, правёўшы невялікі эксперымент: запальваем свечку сярэдняга памеру і затушваем, падносім прыбор – і ён праз некалькі секунд пачынае вельмі непрыемна пішчаць. “Калі на прафілактычных акцыях дэманструем гэта ўшачанам, усе просяць хутчэй яго выключыць – кажуць, што закладвае вушы. Сігнал здольны разбудзіць чалавека, які спіць, і заглушыць гукі любой бытавой тэхнікі. Прыбор абсалютна просты ў эксплуатацыі – дастаткова раз у год мяняць батарэйку. Калі прыйдзе пара гэта рабіць, апавяшчальнік пачне падказваць вам перыядычным кароткім сігналам”, – адзначае Крысціна Ігараўна.

Абавязак ці рэкамендацыя?

Устаноўка прыбора носіць рэкамендацыйны характар. Ёсць і выпадкі-выключэнні. Напрыклад, калі сям’я трапіла ў спіс тых, хто знаходзіцца ў сацыяльна-небяспечным становішчы. Зняць з уліку такую сям’ю ў выпадку выпраўлення можна будзе толькі пры наяўнасці ў домаўладанні пажарнага апавяшчальніка. А вось для  ўсіх узводзімых цяпер прыватных дамоў і кватэр гэта прадугледжана планам будаўніцтва. І жыхары не маюць права яго дэманціраваць – за гэта можна атрымаць штраф.

На кухні прыбору не месца

Дзе ўстанавіць прыбор? Не рэкамендуецца на кухні – выпарэнні ад ежы, што гатуецца на пліце, хутка выводзяць датчык са строю. Лепш за ўсё размясціць у спальні і абавязкова ў дзіцячым пакоі. Аптымальная кропка – у цэнтральнай частцы столі з невялікім змяшчэннем у бок вакна ці дзвярэй, дзе адбываецца рух паветраных патокаў. Многія зараз скажуць, маўляў, у мяне нацяжная столь і прыбор мне недарэчы. Дапускаецца ўстаноўка апавяшчальніка на сцяне на адлегласці ад столі ад 10 да 30 сантыметраў. Мацуецца апавяшчальнік да паверхні вельмі проста, з дапамогай шрубаў. Яшчэ больш надзейны варыянт – устаноўка прыбора з вывадам святлогукавога прыстасавання на фасад дома ці лесвічную пляцоўку. Калі сігнал не пачуе яго гаспадар, то пачуюць прахожыя, суседзі.

Дзе купіць?

Аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі можна купіць ва ўсіх магазінах Ушацкага філіяла аблспажыўтаварыства, якія рэалізуюць нехарчовыя тавары. Напрыклад, у “Тэхнаміры” прыбор каштуе 16.69, а ў “Гаспадары” – 16.95 адразу з батарэйкай. Прадаюцца таксама ва ўсіх сельскіх магазінах і аўтакрамах, іх кошт можа крыху адрознівацца ў залежнасці ад завозу. Напрыклад, у Вялікіх Дольцах цана на прыбор – 12.92. Таксама набыць апавяшчальнік прапануюць і ва ўсіх паштовых аддзяленнях па цане 9.46. “Е-дастаўка” прадае прыбор за 11.68, а ў “ОМА” яго цана вагаецца ад 12.30 да 13.87.

Супастаўляць кошт аўтаномнага пажарнага апавяшчальніка з цаной чалавечага жыцця не мае сэнсу. І адказ на пытанне, ці трэба яго набываць, адназначны.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *