Интересные семейные темы обсудили за «круглым столом» представители общественных объединений Ушаччины

Общество

Ці патрэбны парам шлюбны дагавор? На якія льготы могуць разлічваць сем’і? Як пазбегнуць дамашняга насілля? Гэтыя і іншыя пытанні абмяркоўвалі падчас “круглага стала” “Беларуская сям’я ўчора, сёння, заўтра” прадстаўніцы грамадскіх арганізацый Ушаччыны на базе раённай бібліятэкі. Арганізатарам мерапрыемства выступіла раённае аб’яднанне прафсаюзаў сумесна з раённай арганізацыяй Беларускага саюза жанчын.

Калі звярнуцца да статыстыкі, то, як адзначыла начальнік аддзела загса А.М.Малашчанка, леташні год стаў рэкордным за ўсю гісторыю раёна ў плане зусім невялікай колькасці заключаных шлюбаў – іх зарэгістравана ўсяго 56. Паўплываў на гэты паказчык не толькі высакосны год, а і складаная эпідэміялагічная сітуацыя. А вось, напрыклад, па архіўных звестках у 1961-м на Ушаччыне было заключана ажно 346 шлюбаў. У мінулым годзе аддзелу загса давялося скасаваць 9 шлюбаў, самым кароткім з іх аказаўся тэрмінам у 1,4 года, а працяглым – 32 гады. Як вядома, загс скасоўвае шлюбы ў выпадку адсутнасці дзяцей, маёмасных спрэчак. А каб пазбегнуць нечаканых момантаў, можна яшчэ на старце сямейнага жыцця заключыць шлюбны дагавор – аб асноўных яго палажэннях прысутным расказала натарыус Ж.Л.Каваленка. Многія, напрыклад, не ведалі, што ў яго можна ўносіць змяненні, а аформіць і пасля вяселля. На такі крок беларусы ідуць усё часцей, за год у натарыусаў падпісалі шлюбны дагавор больш трох тысяч беларускіх пар. Зацікавіла прысутных і інфармацыя аб медыяцыі – дасудовым урэгуляванні спрэчак з удзелам трэцяй асобы, не зацікаўленай у канфлікце.

Начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама С.П.Васілеўская спынілася на розных відах падтрымкі, якія дзяржава аказвае мнагадзетным сем’ям. Напрыклад, сямейны капітал за мінулы год назначаны 25 сем’ям, зараз яго памер складае 22500 рублёў.

Здароўе чалавека на 20% залежыць ад экалагічных фактараў, яшчэ на 20 – ад спадчыннасці, 10 – ад узроўню медыцыны і на 50 вызначаецца ладам яго жыцця. Такія даныя сусветнай арганізацыі аховы здароўя прывяла намеснік галоўнага ўрача па медыцынскім абслугоўванні насельніцтва Н.В.Дрозд. Для фарміравання здаровай асобы вельмі важна атмасфера ў сям’і. Між тым, некаторыя бацькі не саромеюцца курыць перад дзецьмі, ужываць спіртное. Умацаванню здароўя паспрыяе сумеснае правядзенне вольнага часу на прыродзе, у басейне і інш. Таксама Наталія Васільеўна нагадала, што здароўе дзіцяці закладваецца яшчэ пры ўнутрыўтробным развіцці і заклікала будучых бацькоў весці здаровы лад жыцця.

На жаль, мае месца такая праблема, як дамашняе насілле. З пачатку года судом Ушацкага раёна разгледжана 61 такая адміністрацыйная справа, што ад агульнай колькасці складае 48%, большасць правапарушэнняў было здзейснена ў стане алкагольнага ап’янення. І часта нерашучасць, залежнасць ад агрэсара прыводзіць да сумных наступстваў. Стажор судзі суда Ушацкага раёна Т.П.Хрыпач падкрэсліла, што хоць насілле – сямейная праблема, але ў такіх выпадках трэба прыбягаць да прававой дапамогі, а таксама адпаведных службаў.

“Няма нічога цудоўней, чым моцная сям’я, а для любой жанчыны найлепшая роля – мамы”, – падводзячы вынік сустрэчы, зазначыла старшыня раённай арганізацыі Беларускага саюза жанчын А.В.Пашковіч. Ну а ўсе ўдзельніцы “круглага стала” адзначылі, што мерапрыемства было цікавым і інфармацыйна карысным.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *