Были туристы из Испании и Швеции: агроусадьба «Марусіна хата» приглашает отдохнуть от суеты

Общество Экономика и малый бизнес

На аграсядзібе “Марусіна хата” ў вёсцы Замошша ў мінулы раз мы былі зімой 2017-га – у той час Ян і Жанна Сачыўка першы год прымалі кліентаў і з аптымізмам расказвалі пра даволі ўдалы старт у гэтым бізнесе. Вядома ж, нам было цікава зноў наведацца сюды праз 4 з паловай гады і пабачыць, як абстаяць справы ва ўтульным месцы адпачынку на беразе маляўнічага возера.

У майскай квецені “Марусіна хата” выглядала яшчэ больш прывабна. А вось яе гаспадары зусім не змяніліся: усё такія ж добразычлівыя і камунікабельныя, з мноствам планаў па развіцці сядзібы і добраўпарадкаванні наваколля. А некаторыя задумы ім ужо ўдалося ператварыць у рэчаіснасць: Ян і Жанна з задавальненнем запрасілі нас у яшчэ адзін гасцявы домік, што з’явіўся побач з першай хатай – той самай, што належала калісьці мясцовай жыхарцы Марыі Бука, у памяць якой і названы турыстычны аб’ект. Другі дом для эканамічнасці ўзводзілі не з нуля, а перавезлі зруб з іншай вёскі і накрылі сучасным дахам – зараз тут ёсць усе камунальныя выгоды, але пры гэтым у афармленні пакояў захаваны аўтэнтычны стыль: сцены з бярвення, самаробныя лавачкі, фіранкі з вышыўкай і нават антыкварная шафа, якую знайшлі праз інтэрнэт.

Ж.Сачыўка.

Па колькасці заключаных летась дагавораў з турыстамі гаспадары “Марусінай хаты” разам з “Мікалаеўскім пасадам” і “Апельсінам” увайшлі ў тройку лепшых аграсядзіб раёна.

Каб трымаць у належным стане тры будынкі (ёсць яшчэ і гаспадарскі дом), а таксама вялікую прылеглую тэрыторыю, на якую, між іншым, актыўна квапіцца баршчэўнік, мужу і жонцы даводзіцца прыкладаць шмат сіл. Аднак штогод яны імкнуцца зрабіць нешта новае: абсталявалі пірс, карыстацца якім могуць усе вяскоўцы, а зараз, напрыклад, выношваюць планы па ўладкаванні ўздоўж берага возера сцяжыны для пешых прагулак. Галоўнае ж, што ад сваёй справы яны атрымліваюць і задавальненне, і стабільны прыбытак. За гэтыя гады дзякуючы граматнай рэкламнай інтэрнэт-кампаніі, прысутнасці ў міжнароднай сістэме браніравання Ян і Жанна абзавяліся колам пастаянных кліентаў з расійскіх мегаполісаў і дальняга замежжа. Гасцям настолькі падабаецца ў зацішным Замошшы, што не спыняюць іх нават супрацьэпідэмічныя бар’еры. Са здзіўленнем пачулі, што сёлета тут ужо пабывалі адпачываючыя з Іспаніі і Швецыі. Вядома ж, чакаюць на сядзібе і суайчыннікаў – для тых, хто марыць адпачыць ад мітусні, парыбачыць, пагуляць па лесе, лепшага месца і не ўявіць.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *