Единый день информирования на предприятиях Ушаччины был посвящён теме транспортного комплекса страны

Общество

Адзіны дзень інфармавання, што прайшоў у чацвер на прадпрыемствах раёна, прысвячаўся тэме транспартнага комплексу Рэспублікі Беларусь, стану і перспектывам яго развіцця. Намеснік старшыні райвыканкама А.В.Пашковіч, галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі І.В.Бельская і начальнік РАНС І.В.Кошкін сустрэліся з калектывамі Вялікадолецкага лясніцтва і Вялікадолецкай школы.

На сённяшні дзень у Беларусі развіты чыгуначны, паветраны, водны транспарт, аднак лідзіруючую пазіцыю па аб’ёме перавозак пасажыраў і грузаў займае аўтамабільны. У 2019 годзе ім перавезена 161,7 млн тон грузаў і 1186,5 млн пасажыраў. На 1 студзеня 2020 года зарэгістравана каля 4,4 млн адзінак аўта-, мотатэхнікі і прычэпаў да яе (з іх 88,1% – у асабістым карыстанні грамадзян). Значная частка сродкаў з рэспубліканскага дарожнага фонду выдаткоўваецца на ўтрыманне, бягучы рамонт, будаўніцтва і рэканструкцыю аўтамабільных дарог. Сёлета плануецца рэалізаваць самы маштабны праект – рэканструкцыю трасы М-7 Мінск-Ашмяны-мяжа Літоўскай Рэспублікі. Працягнуцца работы на трасе М3 Мінск-Віцебск, у прыватнасці, завяршэнне рэканструкцыі так званага абыходу Плешчаніц. Таксама вядуцца падрыхтоўчыя работы па рэалізацыі інвестпраекта па рэканструкцыі дарогі Р-46 Лепель-Полацк-мяжа Расіі (пралягае праз наш раён) з прыцягненнем крэдытных сродкаў Азіяцкага банка інфраструктурных інвестыцый.

Дарожнай тэмы датычылася і адно з пытанняў, якое агучылі работнікі Вялікадолецкага лясніцтва, у прыватнасці, калі ў належны стан будзе прыведзена дарога на Казімірова, Новае Жыццё. Алена Васільеўна зазначыла, што праблема гэта вядомая і трымаецца на кантролі, як толькі ўсталюецца спрыяльнае надвор’е, дарога будзе прагрэйдзіравана.

Традыцыйна падчас дня інфармавання былі абмеркаваны і справы ў раёне. Так, сёлета на Ушаччыне будзе перарэзана чырвоная стужка не на адным новым аб’екце. У гэтым годзе адчыніць дзверы для сваіх навучэнцаў дзіцячая школа мастацтваў у гарпасёлку, з фінансаваннем будаўніцтва якой дапамог наш дэпутат у Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу У.П.Андрэйчанка. Больш 20 рабочых месцаў будзе створана на новым свінакомплексе ў Слабадзе – рэканструкцыю фермы хутка завершыць ЗАТ “Віцебскаграпрадукт”. Актыўна вядзецца ва Ушачах узвядзенне двух новых магазінаў, на 2020-ы запланавана і здача яшчэ аднаго 40-кватэрнага жылога дома. Таксама сёлета закончыцца апошні этап рамонту райбальніцы – ужо распачаты работы на другім паверсе паліклінікі. А вось у калектыве школы было агучана пытанне наконт якасці хлеба, на што А.В.Пашковіч паведаміла, што зараз на хлебазаводзе ідзе абкатка новай нямецкай печы, якая дазволіць не толькі значна палепшыць якасць прадукцыі, а і парадаваць ушачан навінкамі.

Спынілася Алена Васільеўна і на дэмаграфічнай сітуацыі ў раёне. Так, па афіцыйных даных на Ушаччыне зараз пражывае 12778 чалавек, з якіх амаль 6 тысяч – у гарпасёлку. Летась у раёне нарадзілася 119 малышоў, у той час як памерла 311 чалавек, прычым ад знешніх прычын (атручванне алкаголем, гібель на пажарах, падчас ДТЗ і інш.) 28 чалавек. На першы погляд, лічба невялікая, аднак для нашага невялікага раёна даволі высокая. Як зазначыў І.В.Кошкін часцей за ўсё на пажарах гінуць мужчыны старэй 40 гадоў і пенсіянеры, а самай распаўсюджанай прычынай такіх здарэнняў з’яўляюцца неасцярожнае абыходжанне з агнём пры курэнні ў стане алкагольнага ап’янення. Прычым, у многіх выпадках людзі гінуць не ад таго, што згарэлі зажыва, а ад атручвання прадуктамі гарэння.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *