В Плинской школе снова звенел звонок

Калейдоскоп

Колькі была на святах, на самых розных, а на такім – ніколі. Настолькі сямейным, цёплым яно атрымалася. Ніхто не хацеў разыходзіцца, не адзін раз прасілі падагнаць транспарт крыху пазней. Нават сустрэлі світанак”, – Вера Васільеўна Дрозд з прыдыханнем расказвала пра вечар сустрэчы сваіх аднакласнікаў, які сама ж і арганізоўвала. Усе мы родам з дзяцінства – і заўсёды з настальгіяй вяртаемся ў яго.

Пастраенне ля школы. Вера Дрозд, якую ўсе памятаюць як Веру Гушчу, чытае свой верш, прысвечаны роднай школе. Апладысменты. Урачыстая лінейка. Традыцыйныя кветкі да помніка загінуўшым землякам. Выступленне былых настаўнікаў. І нават школьны званок. У прадбачлівай В.Дрозд – раяль у кустах – з’яўляюцца банцікі, што мацуюцца на стрыжку Валянціны Мяніцкай з Віцебска, і званочак дзяцінства са стужкай, ганаровае права “агучыць” мерапрыемства дадзена Яўгену Хамёнку з Наваполацка. Як 41 год таму, ідуць дарослыя дзеці калонай па двое, узяўшыся за рукі. Вясёлыя, на хвіліну становяцца напружанымі. “Няўжо не атрымаецца зазірнуць у класы?” Пакрыўджаная закрыццём школа не адразу адчыніла дзверы. І вось яны ўжо рассыпаліся па калідорах.

З цяжарам пераступаў парог Валерый Літвін, які шмат год быў тут загадчыкам гаспадаркі і многае зроблена яго рукамі. “Тут займаліся старэйшыя, а мы, малыя, імкнуліся трапіць у правае крыло, каб нас заўважылі”, – смяецца Наталля Ярмош. Хлопцы ж аднаўляюць у памяці, дзе быў кабінет пачатковай ваеннай падрыхтоўкі, якую вёў Іван Мікалаевіч Харашкевіч. Неаднаразовымі пераможцамі раённых турзлётаў і конкурсаў строю і песні выходзілі, да апошняга кожны год новую форму шылі.

А вось з размяшчэннем фоталабараторыі ніякіх праблем. “Тут Уладзімір Віктаравіч Бабянок вёў гурток, на які я праязджала з Баяршчыны”, – кажа Ганна Паршонак з Полацка. Прыгадаўшы аднаго з любімых настаўнікаў фізкультуры, успамінаюць, як з ім і гісторыкам Анатолем Восіпавічам Атрашкевічам хадзілі ў паходы з начоўкай. А вось лыжныя падарожжы на вялікія дыстанцыі любілі не ўсе. “Мы тады прыбягалі да повара В.А.Хамёнак і прасілі цёцю Валю пакінуць нас у якасці памочнікаў па кухні”, – зазначае Антаніна Ланцунцэвіч з Загуззя.

Яны скончылі школу ў 1980-м. У двух выпускных класах Плінскай сярэдняй тады вучылася 38 дзяцей. Цікава, што ў дзявяты прымалі як у ліцэй – толькі з высокім балам атэстата, і селішчанцы, што не трапілі ў спіс, збіраліся ехаць ва Ушацкую, але адкрылі дадатковы клас. Гэты факт прыгадалі невыпадкова. Не ўсе пазналі равесніцу, што крыху спазнілася і крычала “хвасту” калоны пачакаць. Галіна Прашковіч вучылася толькі ў Селішчы, аднак прыехала з Глыбоччыны, каб пабачыць сваіх. Упершыню за сорак адзін год аднакласнікі ўбачылі і Уладзіміра Лабёнка з Наваполацка, Вольгу Філімонаву з Браслава. Апошні раз сустракаліся на дваццацігоддзе пасля заканчэння.

Усё навявала ўспаміны. Прыгадалі сваю першую настаўніцу Зінаіду Захараўну Дзялюкіну, добрага дырэктара Аліну Фёдараўну Пашуту, якая ніколі не павышала голасу, нават калі і выклікала “на дыван”, такога ж тактоўнага фізіка Мікалая Нікіфаравіча Асташонка, які, аднак умеў “паддзець” вострым слоўцам, філолага Марыю Кірылаўну Урбан. Як падчас практыкі імкнуліся дагадзіць біёлагу Галіне Серафімаўне Мірановіч, каб потым на лінейцы быць адзначаным яе падарункам – кніжкамі. Як на ўсіх святах стаялі ў ганаровым каравуле на “Прарыве”, а выпускны баль праходзіў пад жывыя гукі мясцовага ансамбля “Ліра”. Адзін з удзельнікаў вакальнага калектыву Сяргей Захаравіч Яскевіч і ў гэты дзень быў са сваімі вучнямі, 49 гадоў прысвяціў ён Плінскай школе. “А зусім не мяняецца”, – зазначалі былыя вучні. Прыехаў з Ушач і іх класны кіраўнік Віктар Пятровіч Турло. Дарэчы, з класнымі ім шчасціла, былі гэта ў старэйшых класах выключна мужчыны: таксама выкладчык нямецкай мовы Яўген Сцяпанавіч Гарановіч і У.В. Бабянок.

Канечне, Вера Васільеўна прыдумала шмат конкурсаў, гульняў, звязаных са школай. На вуліцы ў вячэрняй прахалодзе спявалі песні дзяцінства пад баянны акампанемент С.З.Яскевіча. Зусім непрыкметна ў пастаянных “а памятаеш” падкраўся світанак. Як некалі на выпускным, разыходзіліся з першымі промнямі сонца, каб сустрэцца зноў. У тым ліку і з тымі, хто не даехаў і ўжо шкадуе аб гэтым.

В.Дрозд дзякуе ўсім аднакласнікам і іх родным, хто дапамог у сустрэчы, а асабліва Васілю Шчэрбіку і Антаніне Пашута за падтрымку ў арганізацыі свята.

Вольга Караленка.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *