На летней спартакиаде в ФОК «Юность-Ушачи» за чемпионское звание боролись представители 18 лесхозов Витебщины

Cпорт

Мерапрыемства, што праходзіла ў мінулую пятніцу ў спарткомплексе “Юнацтва-Ушачы”, яго ўдзельнікі з усмешкай называлі “маленькай алімпіядай”. Аднак калі Токіа толькі рыхтавалася да пачатку Гульняў, прадстаўнікі 18 лясгасаў Віцебшчыны – некалькі соцень чалавек – ужо змагаліся за чэмпіёнскае званне ў міні-футболе, валейболе, настольным тэнісе, плаванні, гіравым спорце, легкаатлетычным кросе, стральбе з пнеўматычнай зброі.

Каманда Ушацкага лясгаса.

Адкрыў абласную летнюю спартакіяду работнікаў лясной гаспадаркі генеральны дырэктар Віцебскага дзяржаўнага вытворчага лесагаспадарчага аб’яднання Юрый Заблоцкі. Ён адзначыў, што падобныя мерапрыемствы спрыяюць умацаванню карпаратыўнага духу, з’яўляюцца этапам падрыхтоўкі да рэспубліканскіх спаборніцтваў. Станоўчых эмоцый, плённых зносін і ўзаемадапамогі, без якіх немагчымы поспех, пажадаў старшыня абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў лесу і прыродакарыстання Уладзімір Савік. Ну а дух ушацкай каманды ўзнімаў дырэктар нашага лясгаса Сяргей Даніловіч, які таксама сябруе са спортам.

Свісток – і ўдзельнікі спаборніцтваў разышліся па пляцоўках. Дарэчы, у тое, што гэта не прафесійныя спартсмены, а работнікі лясгасаў – інжынеры, вадзіцелі, леснікі, вальшчыкі лесу, верылася з цяжкасцю: настолькі выдатныя вынікі яны дэманстравалі! Не адно месца на пераможным п’едэстале “заслупавалі” сабе і нашы землякі. Так, “золата” ў стральбе сярод прадстаўніц прыгожай паловы дасталася Вікторыі Собаль. Улічваючы ж пяты вынік у гэтым відзе сярод мужчын, ва ўшачан – агульнае першае месца. “Срэбра” ў настольным тэнісе дасталася Андрэю Дзмітрыеву, “бронза” – у камандным заліку. У плаванні ў гэты дзень адзначыўся Аляксандр Калбасаў – ва ўзроставай групе да 35 гадоў ён стаў трэцім. Не падвялі і асілкі: у катэгорыі звыш 90 кг “срэбра” – у Аляксея Апёнка, такі ж вынік – у каманды. Ну і ў самых, напэўна, відовішчных відах – валейболе і міні-футболе – ушачане выклаліся па максімуме, заваяваўшы “брунзу” і “золата” адпаведна.

Па выніках усіх этапаў спартакіяды ў каманды Ушацкага лясгаса – пачэснае другое месца. Абышлі гаспадароў шумілінцы, крыху адсталі – аршанцы, аднак эмоцый ад гэтага менш не стала: гонар роднага прадпрыемства абаронены, чаканні балельшчыкаў, якіх было нямала, апраўданы.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.

І.Ардынскі.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *