2 августа — День десантников и сил специальных операций

Общество

Ты глядзі мне, Каваленка,

ці На якой секундзе раскрываецца купал

Разглядаю каляровы фотаздымак з сямейнага архіва Пятра Фёдаравіча Каваленкі. На арэлях сядзяць два мужчыны ў цяльняшках. Кідаецца ў вочы не сівізна, а юнацкія ўсмешкі – шчасце на тварах. “Гэта мой армейскі таварыш Пётр Ліпскі з Мазыра два гады таму прыязджаў акурат на Дзень дэсантніка. Паўвека сябруем. А нядаўна ў сацсетках пазнаходзіў хлопцаў, з якімі адначасова ў казарме жылі”.

Што такое некалькі год на вялікім жыццёвым адрэзку, напоўненым мноствам падзей? Адна дваццатая ці нават трыццатая частка. Чаму ж час службы ў арміі не толькі не сціраецца з памяці, а застаецца самым яркім адрэзкам ва ўсіх мужчын, што маюць ваенны білет. “Як перадаць гэта словамі?” – неаднойчы паўторыць старэйшы дэсантнік раёна, спрабуючы патлумачыць свае адчуванні ў небе… без парашута, ці што такое “цяжка” для загартаванага вясковага хлопца.

У лепельскім ваенкамаце (Ушацкі раён у 1964 годзе, калі ён прызываўся, быў скасаваны) пры дзесяцідзённым адборы трапіў у войскі, дзе ўсе з выдатным здароўем – ВМФ ці ПДВ. Хоць худы быў, як шчэпка, аднак мацнейшага ў вёсцы Пятніцы не адшукаць. Без праблем здаў усе нарматывы і прайшоў “цэнтрыфугу” – праверку вестыбулярнага апарату. Хацеў на мора, аднак выпала – неба. І пасля знаёмства з парашутам і пробнага скачка ў Віцебску трапіў у Пскоўскую 106-ю гвардзейскую паветрана-дэсантную дывізію.

“Ці страшна было скакаць у бездань першы раз?” – пытаюся ў Пятра Фёдаравіча. “Канечне, – не строячы з сябе героя, адказвае дэсантнік. – Я і самалёта ў вочы не бачыў. Хаця ведалі, што нічога не здарыцца – гэта быў скачок з прымусовым раскрыццём купала. Ужо пазней нас “выкідвалі” з вялікага АН-12. Уявіце, 60 чалавек павінны былі прызямліцца на загаданым адрэзку, калі самалёт сцішаў хуткасць з 800 да 450 кіламетраў у гадзіну. Мы не ішлі, а беглі па праходзе і скакалі ў вялізны праём 9 на 4 метры. Некалькі секунд затрымкі… і ты ўжо не ў тым квадраце. Аднойчы так і атрымалася на возеры ў Карэліі. Замест яго пачатку аказаліся ў канцы і кіламетраў пяць па метровым снезе цягнулі на сабе да базы парашуты. Адчуванні ж ад палёту неверагодныя”.

На каверзнае пытанне, на якой секундзе раскрываецца купал парашута, дэсантнікі Каваленкі адкужуць па-рознаму. На 1005-й – скажа Пётр Фёдаравіч (яны прамаўлялі ад 1001 да 1005), на 505-й – адкажа ўнук Андрэй, бо маладзейшае пакаленне вучылі лічыць ад 501 да 505. Насамрэч праходзіла аднолькавых 5 секунд.

Звычайна самалёты з дэсантам ідуць па адным. А падчас маштабных вучэнняў “Днепр” у 1967 годзе яны ляцелі тройкамі. Напэўна, была крыху парушана адлегласць, таму адбыўся інцыдэнт. Прапаршчык у вольным падзенні прабіў купал парашута Пятра Ліпскага – практычна сядзеў у яго на руках, закрыўшы доступ да кальца з запасным парашутам. Заблытаныя ў тканіну, яны ляцелі ўніз, спрабуючы перарэзаць стропы. Пётр усё ж раскрыў парашут у некалькіх секундах да зямлі. Гэта змякчыла ўдар, аднак пазваночнік усё ж паламаў. Доўга ляжаў у шпіталі. За правільныя рашучыя дзеянні ў экстрэмальнай сітуацыі, выратаваныя жыцці ўзнагароджаны Ордэнам мужнасці. Вось што такое дэсант.

На рахунку Пятра Каваленкі 37 скачкоў. Нямнога? Калі ўлічыць, што ён зарадчык самаходнай устаноўкі, то дастаткова. Ва ўсялякім выпадку для атрымання нагруднага знака “Парашутыст-выдатнік” хапіла б і дзесяці, два з якіх – начныя, аднак толькі пры бездакорным праходжанні баявой і палітычнай падрыхтоўкі. У яго акрамя гэтай адзнакі яшчэ і “Гвардыя парашутыст”, “Выдатнік Савецкай Арміі”, “Воін-спартсмен”. Кемлівы юнак з усім спраўляўся. На спаборніцтвах адстойваў гонар брыгады ў марафоне на 40 кіламетраў, пры інспектарскіх праверках цягнуў на сабе таго ж сябра, каб уклаліся ў тэрмін. Ну а камандзір аддзялення даручаў запраўку парашута толькі яму, пры гэтым заўсёды дадаваў: “Ты глядзі мне, Каваленка”.

“Быццам бы ён праверыў, калі б я што зрабіў не так, – смяецца Пётр Фёдаравіч. – Заваяваны аўтарытэт вызваліў мяне і ад 10 сутак “губы”, на якую быў прыгавораны. (Мы стаялі ў лесе ў палатачным гарадку, і я вечарам пакінуў яго, каб праведаць таго ж Ліпскага). Аднак з камандзіра самаходнай устаноўкі быў разжалаваны ў зарадчыкі”.

Па сумяшчальніцтве Пётр Фёдаравіч выконваў і функцыі пісарчука – меў каліграфічны почырк. Ім выведзены ўсе надпісы ў дэмбельскім альбоме: трэніровачныя скачкі на спецыяльных “трэнажорах”, самалёт, укладка парашута. Дарэчы, армейскія здымкі не ўмяшчаюцца ў адзін альбом. Яны дабаўляліся і ў 21-м веку, паколькі таксама дэсантнікі сын Павел і ўнук Андрэй. У першага і спецыялізацыя такая ж – камандзір БМД. Толькі відазмянілася машына дэсанту. Як і многае іншае. Намнога меншы тэрмін службы. Калі Пётр Фёдаравіч правёў у арміі 3 гады, то аднавясковец Валерый Лабань ужо два, а ўнук наогул паўтара. Ды і форма была зусім не такой. Толькі пагоны блакітныя: ні цяльняшак, ні берэтаў. Хаця для фота Пётр Фёдаравіч выйшаў у ім. “Сынава форма, велікаватая. А вось значкі-ўзнагароды ў нас практычна аднолькавыя”.

Толькі ў кожнага свае незабыўныя ўспаміны пра іх атрыманне, як і наогул пра армію. І свае таварышы, якія абавязкова будуць тэлефанаваць 2 жніўня з розных куткоў былога Саюза.

Вольга КАРАЛЕНКА.

Заўсёды быць на вышыні!

Дзень 2 жніўня мы, былыя дэсантнікі, заўсёды чакаем з нецярпеннем, бо гэта нагода сабрацца разам, прыгадаць незабыўныя армейскія будні і ў чарговы раз упэўніцца, што крылатая гвардыя – гэта на ўсё жыццё! Існуе дэсантная суполка і ў нашым раёне: у гэты панядзелак цяльняшкі і блакітныя берэты – дарагія сэрцу сімвалы армейскай маладосці – апрануць многія ўшачане.

Для кожнага з нас армія стала школай жыцця, загартавала фізічна і маральна, навучыла не пасаваць перад цяжкасцямі. Памятаю, наколькі памужнелым і больш упэўненым у сабе вярнуўся я са службы, якую, дарэчы, праходзіў у легендарнай Тульскай паветрана-дэсантнай дывізіі, што пачынала сваю гісторыю яшчэ ў гады Вялікай Айчыннай. Дэсантная загартоўка дапамагала ў працы, дазваляла дастойна праяўляць сябе ў экстрэмальных сітуацыях – быў, напрыклад, выпадак, калі падчас рэйду з супрацоўнікамі міліцыі мне ўдалося затрымаць на вуліцы двух злачынцаў, якія толькі што здзейснілі крадзеж. Праз гады пранеслі мы правілы, засвоеныя ў часы службы: трэба жыць сумленна, не губляць свайго гонару, шанаваць сяброўства і, канечне, дапамагаць тым, хто ў бядзе. Час няўмольны, і многіх сяброў ужо няма з намі – аднак мы памятаем кожнага.
Напярэдадні свята хачу праз газету павіншаваць усіх ушачан, чый лёс звязаны з паветрана-дэсантнымі войскамі, і пажадаць нашаму брацтву трымаць пазіцыі і заўсёды быць на вышыні!

Васіль КАЗЬЯНІН.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *