На стадионе Ушачской средней школы «кипит» работа. Что изменится?

Общество

Гул цяжкой тэхнікі, горы пяску, звыш дзясятка спецыялістаў будаўнічай галіны на пляцоўцы – увага жыхароў райцэнтра прыкавана зараз да стадыёна Ушацкай сярэдняй школы, дзе кіпяць справы па яго тэхнічным пераўвасабленні. Версій, што канкрэтна зменіцца, ходзіць нямала. Расставіць усе кропкі над “і” мы папрасілі дырэктара ўпраўлення капітальнага будаўніцтва Ушацкага раёна (гэта служба курыруе ход работ) А.С.Лосева.

– Ужо ў канцы верасня – пачатку кастрычніка (менавіта на гэты перыяд запланаваны ўвод) стадыён не пазнаеце! – запэўнівае Аляксандр Сяргеевіч. – З’явяцца тут сучасныя валейбольная і баскетбольная пляцоўкі, бегавая дарожка са штучным пакрыццём. Зараз якраз рыхтуецца пад іх аснова, паралельна робяцца лесвіца ад будынка школы, пандус для маламабільнай катэгорыі грамадзян. Парадуюць вучняў ды і проста ўшачан два сучасныя спарткомплексы, новыя лабірынт, бервяно, ценевы навес для пераапранання. Па перыметры стадыёна – для зручнасці спартсменаў і балельшчыкаў – будуць устаноўлены 14 лавачак.

Дарэчы, паклапаціліся тут і пра абарону ад магчымых падтапленняў – праз укладку дрэнажных сістэм. Гэтыя і іншыя віды работ ускладзены на ПУП “Гравеліт” з Полацка, якое выйграла тэндар і каля месяца таму ўзялося за справу. Пазыку на неабходнае фінансаванне – а гэта 260 тысяч еўра – у рамках рэалізацыі праекта “Мадэрнізацыя сістэмы адукацыі Рэспублікі Беларусь” выдаў Міжнародны банк рэканструкцыі і развіцця. Па задуме, праз праведзеную мадэрнізацыю Ушацкая школа павінна стаць своеасаблівым сацыяльным цэнтрам раёна.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *