Когда мечты сбываются. Многие выпускники школ Ушаччины поступили в ВУЗы

Образование и молодежь Общество

Гэтыя маладыя людзі літаральна месяц – два таму сядзелі за падручнікамі, штурмавалі бібліятэкі – а зараз пажынаюць лаўры дасягнутага. Нядаўна яны даведаліся, што сталі студэнтамі прэстыжных вышэйшых навучальных устаноў нашай краіны. І хоць падводзіць вынікі ўступнай кампаніі 2021 года рана (да гэтай тэмы мы яшчэ вернемся), парадавацца за многіх ушацкіх юнакоў і дзяўчат ужо ёсць нагода.

В.Троцкая, Л.Макарэнка.

Вельмі ўдалай аказалася сёлетняя ўступная кампанія для выпускнікоў Глыбачанскай школы. Усе чацвёра, якія планавалі стаць студэнтамі ВНУ, ажыццявілі сваю мару. Так, Валянціне Троцкай і Таццяне Кірпічонак пакарыўся Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт – спецыяльнасці “Дашкольная адукацыя” і “Мытная справа” адпаведна, Лізавеце Макарэнка – Акадэмія ветэрынарнай медыцыны, а прызёру раённага этапу навукова-практычнай канферэнцыі “Эўрыка” Дзянісу Чумаку – Акадэмія Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь. Зрэшты, нічога дзіўнага ў такім выніку педагогі з Глыбачкі не бачаць. “Загадзя абмеркавалі планы старшакласнікаў на паступленне, прадумалі праграму падрыхтоўкі, зрабіўшы акцэнт на прадметы, якія спатрэбяцца на ўступных іспытах, – расказвае намеснік дырэктара па асноўнай дзейнасці Г.В.Казлова. – Актыўна працавалі не толькі на ўроках – праводзілі факультатывы, дадатковыя заняткі. Без праблем паступілі і тыя, хто выбраў сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы”.

На жаль, такімі поспехамі не могуць падзяліцца сёлетнія выпускнікі Ільюшынскай школы. Трое спрабавалі свае сілы для паступлення ў прэстыжныя ВНУ, аднак набраных балаў крыху не хапіла. Між тым, упэўнена дырэктар навучальнай установы Т.А.Пахолак, засмучацца не трэба: годную адукацыю медыцынскага і педагагічнага профіляў (менавіта яны аказаліся ў ільюшынцаў у прыярытэце) можна і ў каледжах. Туды ж гэтыя юнакі і дзяўчаты прайшлі ў ліку першых.

Д.Мацвеенка.

Даволі “сціпла” выглядае спіс паступіўшых у ВНУ з ліку выпускнікоў 11 “А” класа Ушацкай школы – усяго два прозвішчы. “Маючы не надта высокія вучэбныя дасягненні, многія адразу збіраліся ў сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы, – кажа класны кіраўнік С.Д.Галай. – Хтосьці, канечне, замахнуўся на “вышку”, аднак, улічваючы даволі высокія конкурсы і прахадныя балы на абраныя спецыяльнасці, не ўбачыў сябе ў спісе залічаных. Дарэчы, многае залежала ад загадзя распрацаванай стратэгіі. Так, Даніла Красноў да апошняга адсочваў даныя пададзеных дакументаў на спецыяльнасць “Геадэзія” ў ПДУ і, толькі пераканаўшыся, што пройдзе, адвёз свае ў прыёмную камісію”. Упарта ішла да сваёй мэты – паступлення ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт фізічнай культуры – выхаванка аддзялення кулявой стральбы ДЮСШ Дар’я Мацвеенка. Сёлета на бюджэтную форму навучання тут набіралі ўсяго 7 студэнтаў-стралкоў – трапіць у іх лік, як разумееце, было надзвычай няпроста. Аднак Даша ўсё лета, нават падчас здачы экзаменаў і ЦТ, хадзіла ў цір, дзе разам з трэнерам П.Ю.Варатынскім напрацоўвала неабходныя навыкі. Падтрымаў яе Пётр Юльянавіч і падчас уступных іспытаў – разам з ёй ездзіў у сталіцу на здачу нарматыву. Гэта, па словах дзяўчыны, дапамагло псіхалагічна, ды і страляць з вінтоўкі, да якой прывыкла, а не выдадзенай у ВНУ, было прасцей. Як вынік – трапныя стрэлы і, улічваючы таксама неблагія балы на ЦТ, залічэнне.

Сапраўды “зорнай” аказалася ўступная кампанія для выпускнікоў 11 “Б”. З 26 юнакоў і дзяўчат на бюджэтную форму навучання ў ВНУ прайшлі ажно 14, яшчэ 9 будуць спасцігаць азы навук на ўмовах аплаты, прычым, многія – не з прычыны недахопу балаў, а асаблівасцей абранай спецыяльнасці. Найбольш папулярнай установай стаў Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт – яго студэнтамі сталі ажно сямёра выпускнікоў (гаворка ідзе толькі пра бюджэтнікаў!): Ілья Каваленка, Кірыл Лемеш, Паліна Карабань, Валерыя Стуканава, Ганна Геут, Арцём Карпёнак і Алег Баруноў. Атрымліваць яны будуць спецыяльнасці на аўтатрактарным, будаўнічым, энергетычным факультэтах. Тэхнічны профіль абралі для сябе і новаспечаныя студэнты Полацкага дзяржуніверсітэта – іх пяцёра. У іх ліку – Іван Корнеў: “Набываць буду спецыяльнасць “Электразабеспячэнне”. У нашай дзяржаве гэтая сфера зараз актыўна развіваецца, бачу яе перспектывы, таму без працоўнага месца, упэўнены, не застануся. Конкурс сюды сёлета быў не надта невялікі, але балаў патрабавалася шмат! І вельмі дапамагло, што вывучаў фізіку і матэматыку, па якіх здаваў ЦТ, на павышаным узроўні”.

Важнасць “профілю” падкрэслівае і Людміла Аляксандраўна Худалеева, вопытны настаўнік матэматыкі, класны кіраўнік 11 “Б”. Два гады ўзмоцненай работы, па яе словах, традыцыйна падцягваюць веды. За доказамі далёка хадзіць не трэба: сёлета ўсе 11 прадстаўнікоў профільнай групы яе класа, здаўшы цэнтралізаванае тэсціраванне па фізіцы ці матэматыцы (і абедзвюх навуках), без праблем сталі студэнтамі ВНУ, прычым, 9 прайшлі на бюджэтную форму навучання. Акрамя ўжо прыгаданых гэта БДУ і ВДУ імя П.М.Машэрава. “Раю будучым старшакласнікам, іх бацькам сур’ёзна падумаць аб далейшым паступленні. Калі зробіце стаўку на тэхнічную спецыяльнасць, запішыцеся ў профільную – фізіка-матэматычную – групу. У дапамогу таксама – факультатывы, у тым ліку платныя”, – кажа Л.А.Худалеева.

Прыемная навіна прыйшла нядаўна ў Вялікадолецкую школу: студэнткай Віцебскага дзяржуніверсітэта імя П.М.Машэрава стала сёлетняя выпускніца Маргарыта Алексяёнак. Дзяўчына годна здала цэнтралізаванае тэсціраванне, паказаўшы вышэйшы за сярэднерэспубліканскі вынік. Паспяхова справілася і з трыма творчымі конкурсамі, якія патрабуюцца на новую спецыяльнасць педагагічнага факультэта “Музычнае мастацтва, рытміка, харэаграфія”. Як расказала дырэктар школы Р.Л.Аніскевіч, сёлета было ўсяго 20 бюджэтных месцаў. І вельмі прыемна, што Рыта, якая, дарэчы, з адзнакай скончыла дзіцячую школу мастацтваў, прайшла ў ліку першых.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *