В Ушачской райбольнице ответили на жалобы читателей в соцсетях по поводу коронавируса

Здравоохранение

Ва Ушацкім раёне, як у цэлым па вобласці і рэспубліцы, зараз адзначаецца рост захваральнасці на COVID-19. Калі напачатку жніўня такіх пацыентаў было ў нас каля 10, то зараз амаль у пяць разоў больш. Удакладніць некаторыя асаблівасці работы райбальніцы ў такіх умовах, даць тлумачэнні на скаргі, якія пакінулі ў групах “Патрыёта” ў сацсетках нашы чытачы, мы папрасілі галоўнага ўрача ЦРБ Анжаліку Анатольеўну МІРАНКОВУ.

– Улічваючы няпростую эпідсітуацыю, калі многім хворым на каранавірус патрабуецца шпіталізацыя, было вырашана адмовіцца ад накіравання іх у профільныя медустановы

Полацка, Наваполацка, а займацца лячэннем на месцы. Ужо 3 верасня ў бальніцы праведзена неабходнае перапрафіляванне пад гэтыя мэты ложкавага фонду. Пакуль месцаў хапае ў інфекцыйным аддзяленні, пры неабходнасці ж “рэфармуем” і частку тэрапеўтычнага.

– Пад кабінетамі тэрапеўтаў (урачоў агульнай практыкі) – вялізныя чэргі. Нават калі чалавек прыйшоў са звычайнай рэспіраторнай віруснай інфекцыяй, не выключана, што “падчэпіць” яшчэ і CОVID-19…

– Такія хваляванні перабольшаны. Пацыентаў з павышанай тэмпературай і падазрэннем на каранавірус урач прымае ў інфекцыйным кабінеце, куды прадугледжаны асобны ўваход (побач з дзіцячым аддзяленнем). Тут жа пры неабходнасці бяруцца і аналізы.

Нават калі чалавек з CОVID-19 пайшоў да спецыялістаў, якія праводзяць тэрапеўтычны прыём, небяспека распаўсюджання інфекцыі будзе мінімальнай. Справа ў тым, што з’яўленне сімптомаў – “падказка” на заканчэнне інкубацыйнага перыяду захворвання. А менавіта падчас яго (ад моманту заражэння) чалавек уяўляе найбольшую пагрозу для акружаючых.

На 6 верасня на Ушаччыне ад CОVID-19 прышчэплена 3873 чалавекі. Як нам расказаў галоўны дзяржаўны санітарны ўрач раёна П.А.Саўчанка, першую дозу вакцыны атрымалі 2167, дзве – 1706.

– Наша чытачка западозрыла ў сябе каранавірус (павысілася тэмпература, знікла абанянне) і мусіла трапіць на прыём да тэрапеўта. Вось толькі калі прыехала з раёна, атрымаць талончык не змагла: скончыліся…

– У такім выпадку трэба было адразу ісці ў інфекцыйны кабінет. Па-першае, таму што былі сімптомы магчымага CОVID-19. Па-другое, на прыём жанчына дакладна б трапіла, паколькі ажыццяўляецца ён тут не па талоннай сістэме. Не аказацца ў непрыемнай сітуацыі дазволіў бы і просты тэлефонны званок, зроблены папярэдне ў рэгістратуру.

Карыстаючыся выпадкам, нагадаю ўшачанам схему дзеянняў пры пагаршэнні самаадчування. Калі экстраннага візіту медыкаў не патрабуецца, адчуваеце слабасць, лёгкія сімптомы недамагання, звярніцеся ў рэгістратуру па нумары 5-21-57 – пасля ўдакладнення сімптомаў вам параяць, што рабіць далей (прыйсці на прыём у паліклініку ці пачакаць прыезду спецыялістаў дома). Калі ж з’явіліся высокая тэмпература, адышка, іншыя сімптомы захворвання, выклікайце хуткую дапамогу па нумары 103.

– Прафілактыка CОVID-19 актуальнасці не губляе?

– Канечне, не. Мінімізуйце наведанне месцаў масавага знаходжання людзей. Усюды – у магазінах, аптэках, банках – захоўвайце дыстанцыю ў 1,5-2 метра. Не забывайцеся рэгулярна мыць рукі з мылам, выкарыстоўваць антысептычныя сродкі. Пазбягайце блізкага кантакту з людзьмі, у якіх маюцца сімптомы, падобныя на прастуду ці грып. А тыя, хто яшчэ не правакцынаваліся ад каранавіруса, зрабіце гэта – расійскі прэпарат “Спутнік V” маецца ў нас у дастатковай колькасці.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *