Лишний сахар — плохое зрение! 14 ноября — Всемирный день борьбы против сахарного диабета

Здравоохранение

14 лістапада – Сусветны дзень барацьбы супраць дыябету. Цукровы дыябет – метабалічнае захворванне, якое характарызуецца павышэннем узроўню глюкозы крыві і прыводзіць да развіцця недастатковасці розных органаў, асабліва вока, нырак, нервовай і сардэчна­сасудзістай сістэм. Клінічным праявам дыябету папярэднічае працяглы перыяд. Чалавек адчувае сябе здаровым, але ў яго арганізме ўжо адбываюцца змены і парушэнні. Насцярожыць павінны павышаны апетыт, смага, поліурыя, зніжэнне масы цела, запаленчыя і гнайнічковыя захворванні скуры.

Распаўсюджаным ускладненнем цукровага дыябету з’яўляецца дыябетычная рэтынапатыя – частая прычына поўнай страты зроку. Галоўная яе небяспека ў тым, што паражэнне сасудаў сятчаткі і сеткаватай абалонкі доўгі час застаецца незаўважаным. На ранніх стадыях чалавек не адзначае зніжэння зроку – і толькі калі змены распаўсюджваюцца на цэнтральную вобласць, адбываецца шырокае кровазліццё, у яго з’яўляюцца скаргі на невыразнасць, скажэнне прадметаў, цёмныя плямы перад вачыма. На жаль, дапамагчы пацыентам з грубымі зменамі на вочным дне атрымліваецца не заўсёды – хвароба часта прыводзіць да зніжэння працаздольнасці, глыбокай інваліднасці, асабліва ў людзей маладога ўзросту. Каб папярэдзіць такія наступствы, трэба раз у год праходзіць дыспансернае назіранне ва ўчастковага тэрапеўта і абавязкова здаваць аналіз крыві на глюкозу.

На жаль, прафілактыкі цукровага дыябету ў поўным сэнсе гэтага слова не існуе. Аднак ёсць мерапрыемствы, выконваючы якія можна пазбегнуць развіцця хваробы.

Вядзіце актыўны лад жыцця. Любая фізічная актыўнасць змяншае ўтрыманне цукру ў крыві і павялічвае адчувальнасць да інсуліну.

Ужывайце прадукты з вялікім утрыманнем харчовых валокнаў. Такая ежа нармалізуе работу кішэчніка, паніжае ўзровень халестэрыну, спрыяе зніжэнню лішняй вагі, паляпшае кантроль цукру ў крыві.

Адвядзіце палову вашага рацыёну цэльным збожжавым прадуктам. Гэта дазволіць кантраляваць крывяны ціск, прадухіліць з’яўленне сімптомаў цукровага дыябету.

Кідайце курыць. Адной з прычын цукровага дыябету з’яўляюцца стрэсы і перажыванні. Курэнне ж змяншае супраціўляльнасць арганізма, ствараючы тым самым добрае асяроддзе для развіцця хваробы.

Худзейце. З кожным скінутым кілаграмам вы палепшыце сваё здароўе.

Вядома, што любое захворванне лепш папярэдзіць, чым потым лячыць. Прытрымліваючыся названых рэкамендацый, вы зможаце заставацца здаровымі на доўгія гады!

Д.ПРАННІК, урач­-афтальмолаг Ушацкай ЦРБ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *