Грыбы – каштоўны харчовы прадукт, па хімічным саставе падобны на раслінныя і жывёльныя. Па ўтрыманні вітаміна В1 яны не саступаюць збожжавым культурам, вітаміна РР у іх амаль столькі ж, колькі ў дражджах і печані, а вітаміна D – як у сметанковым масле. Грыбы таксама багатыя мікраэлементамі, неабходнымі для жыццядзейнасці арганізму. Але ўжываць іх можна не ўсім.
З асцярожнасцю трэба есці такі прадукт тым, хто мае захворванні печані, кішэчніка, а таксама цяжарным. Дзецям да 14 гадоў увогуле трэба адмовіцца ад грыбоў: у маладым арганізме адсутнічае фермент, які расшчапляе бялок гэтых дароў лесу.
Іх ужыванне даволі часта становіцца прычынай атручванняў. Найперш – ад неядомых грыбоў (бледнай паганкі, мухамораў, ілжывых апенек), моцныя яды якіх не разбураюцца пры кулінарнай апрацоўцы. Пацярпець можна і ад умоўна-ядомых: некаторых відаў сыраежак, свінушак, смаржкоў, чарнушак і іншых, якія змяшчаюць раздражняльныя, горкія атрутныя рэчывы.
Першыя прыкметы атручвання выяўляюцца праз 3-12 гадзін пасля ўжывання дароў лесу. З’яўляецца рэзкі боль у жываце, ваніты, панос, слабасць, галаўны боль. У далейшым могуць быць сутаргі, галюцынацыі, трызненне.
Збіраць трэба толькі ядомыя, якія не выклікаюць сумненняў грыбы. Нельга браць старыя – у іх утвараюцца атрутныя рэчывы. Паколькі лясныя знаходкі могуць паглынаць з навакольнага асяроддзя і назапашваць таксічныя рэчывы, іх неабходна адварваць па 50 хвілін, адвар зліваць, прамываць праточнай вадой. Не купляйце кансерваваныя грыбы на рынках і па-за устаноўленых для гандлю месцаў. І памятайце: такі прадукт хутка псуецца – доўга захоўваць, перавозіць на вялікія адлегласці яго нельга. Пры першых прыкметах атручвання неадкладна звяртайцеся да ўрача.
Ала НІКІЦЕНКА, інструктар-валеолаг Ушацкага РЦГЭ.