Березинский заповедник — удивительное место! Ученики Ушачской школы делятся впечатлениями от экскурсии

Образование и молодежь

Залатая восень – цудоўная пара падарожжаў па родным краі. І яна нам запомнілася паездкай у Бярэзінскі біясферны запаведнік.

Суботняй раніцай мы сабраліся на плошчы райцэнтра. Настрой ва ўсіх выдатны, ды і надвор’е парадавала яркімі фарбамі. І вось мы ў дарозе – размаўляем, жартуем. Не паспелі азірнуцца, як ужо аказаліся на месцы. Плошча запаведніка складае больш за 85 тысяч гектараў, размяшчаецца ж ён на тэрыторыі трох раёнаў: Лепельскага, Докшыцкага, Барысаўскага.

Экскурсавод пазнаёміў з музеем прыроды, расказаў шмат цікавых фактаў пра жыццё, звычкі лясных насельнікаў. Напрыклад, я даведаўся, што падлічыць узрост лася і аленя можна па колькасці галін на яго рагах. Толькі да гэтай лічбы трэба дадаць адзін, паколькі ў першы год жыцця рогі ў капытных не растуць. Уразіла таксама інфармацыя пра тое, што гарнастай падчас палявання можа загіпнатызаваць здабычу сваім незвычайным танцам.

Не менш захапляльным аказалася наведанне экалагічнай сцежкі працягласцю ў чатыры кіламетры. Яна праходзіць праз лес побач з балотам. Паспрабавалі ў гэты дзень і знайсці выхад з лабірынту. Па павер’і, калі гэта не атрымаецца, душа застаецца там блукаць. Але мы лёгка справіліся з такой задачай.

Далей быў музей міфалогіі. Цікава было даведацца, што раней людзі лічылі, што ўсе мы жывём на дрэве ў самым цэнтры, знізу знаходзіцца пекла, а зверху – рай. Нашай увазе прапанавалі невялікі мультфільм, як чалавек, паміраючы, ператвараецца ў лебедзя.

Шмат эмоцый падарыла экскурсія па лясным заапарку. Тут мы пазнаёміліся з мядзведзіцай Умкай, якая вельмі любіць апельсіны і нават сама іх ачышчае ад лупіны. З задавальненнем пакармілі і іншых жывёл, некаторых пагладзілі.

Сапраўды, дзіўнае месца, тым больш недалёка ад Ушач. Раю ўсім наведаць Бярэзінскі запаведнік – не пашкадуеце! А мы, вучні 6 “А” і 6 “Б” класаў Ушацкай школы, удзячныя за такія выдатныя выхадныя класным кіраўнікам Алене Валер’еўне Правада і Наталлі Мікалаеўне Герцык, а таксама вадзіцелю школьнага аўтобуса Віктару Рыгоравічу Кулінічу. Чакаем наступных займальных падарожжаў.

Мечыслаў ЛЁЛЯ, вучань 6 “А” класа.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *