Попробовать себя ведущими телепроекта смогли воспитанники Ушачской детской школы искусств

Культура

Апошнім часам юных ушачан нярэдка можна ўбачыць на тэлевізійным экране. Так, у пачатку гэтага года некалькі нашых школьнікаў сталі героямі рэспубліканскага інтэлектуальнага тэлепраекта «Я ведаю!». Ну а нядаўна выхаванкі эстраднага аддзялення Ушацкай дзіцячай школы мастацтваў Надзея Раманоўская і Паліна Салаўёва дэбютавалі ў якасці вядучых перадачы «Без дарослых» музычнага канала «Еўропа плюс TV Беларусь».

У рамках гэтай праграмы, якая выходзіць кожны тыдзень, дзеці і падлеткі расказваюць, якую музыку яны слухаюць, распавядаюць пра розных выканаўцаў, вядуць тэматычныя рубрыкі. Сертыфікат на ўдзел у кастынгу для праекта ўшачанкі атрымалі ў якасці падарунка за перамогу ў музычных конкурсах. Разам са сваім педагогам Аленай Анатольеўнай Сазонавай яны запісалі відэа-візітоўкі, якія спадабаліся арганізатарам – і нашых дзяўчат запрасілі ў Мінск на здымкі дзвюх перадач. Трэба зазначыць, што стварыла праект Маладзежная культурна-асветніцкая арганізацыя «Вяршыня» – грамадскае аб’яднанне, якое падтрымлівае ініцыятывы, накіраваныя на духоўна-эстэтычнае развіццё моладзі. Перадача «Без дарослых» стала творчай пляцоўкай, дзе дзеці могуць выступіць у якасці вядучых, паказаць свае артыстычныя здольнасці. А як прыемна бачыць іх на тэлеэкране татам і мамам, бабулям і дзядулям, сябрам і настаўнікам!

◆ Перадача «Без дарослых» выходзіць на канале «Еўропа плюс TV Беларусь» кожны чацвер у 19.00, паўтараецца ў нядзелю ў 17.00 і ў сераду ў 10.00. Выпуск з удзелам ушачанак можна будзе паглядзець у заўтрашнім эфіры, а яго відэазапіс – у групе «Патрыёта» «ВКонтакте» і на Youtube-канале газеты.

За гэты час было знята каля 30 выпускаў, у якіх «засвяціліся» дзясяткі юных зорачак ад 4 да 17 год. «Першапраходцамі» праекта сталі дзеці са сталіцы, але арганізатары зацікаўлены ў пашырэнні кола ўдзельнікаў. Сярод вядучых нямала юных вакалістаў, мадэляў тэатра мод – так, напрыклад, напарнік Надзі і Паліны Дамінік Клязовіч, разам з якім ім належала весці рубрыку «рок-чарт», неаднойчы здымаўся для глянцавых часопісаў. Трэба было адпавядаць узроўню – і ўшачанкі грунтоўна падрыхтаваліся: падабралі касцюмы, прадумалі вобразы. «Вельмі цікава было акунуцца ў тэлевізійную «кухню», трапіць у рукі прафесійных візажыстаў, фатографаў, аператараў, сцэнарыстаў. Мы зусім не хваляваліся, бо ўсе аказаліся вельмі добразычлівымі!» – дзеляцца ўражаннямі дзяўчаты. Ну а калі пачаўся працэс – здымачная група была проста ў захапленні ад іх артыстызму і харызмы. Развітваліся ўсе добрымі сябрамі і выказвалі спадзяванне на новую сустрэчу. А кіраўнік грамадскага аб’яднання «Вяршыня» Юлія Ляховіч шчыра падзякавала школе мастацтваў за выхаванне юных талентаў, райвыканкаму – за дапамогу ў вырашэнні транспартнага пытання, прапанавала і іншым ушацкім дзецям паспрабаваць сябе ў тэлепраекце.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *