Ушачане приняли участие в республиканском фестивале национальных культур в Гродно

Культура

Напачатку чэрвеня старажытнае Гродна на некалькі дзён ператвараецца ў своеасаблівы кірмаш, на якім дэманструюцца здабыткі прадстаўнікоў самых розных нацый і народнасцей, якія ў згодзе і сяброўстве жывуць у гасцінным беларускім доме. Сёлетні ХІ Рэспубліканскі фестываль нацыянальных культур упершыню прайшоў пад патранатам ЮНЕСКА, а гасцямі маштабнага свята сталі людзі амаль 40 нацыянальнасцей.

Былі сярод іх і жыхары нашага раёна – удзельнікі народнага клуба нацыянальных культур “Дружба” Ільюшынскага СДК, у якім аб’ядналіся прадстаўнікі польскай, украінскай, башкірскай, рускай, беларускай культур. Ушачане прынялі ўдзел у тэатралізаваным шэсці па вуліцах горада, рабоце шматнацыянальнага падворка, на якім спявалі, танцавалі, знаёмілі гродзенцаў і гасцей свята са сваімі нацыянальнымі традыцыямі. Украінская песня ў выкананні Марыны Андзінай адкрыла канцэрт эстрадных выканаўцаў, сама ж маладая ўшацкая спявачка стала дыпламантам фестывалю.

На жаль, у сучасным свеце праблема рэлігійных і міжэтнічных канфліктаў не губляе сваёй вастрыні, а таму яшчэ большы гонар адчуваеш за нашу Беларусь, якая сваім прыкладам паказвае, што ў здаровым грамадстве могуць мірна ўжывацца прадстаўнікі самых розных нацыянальнасцей і канфэсій.

М.САЗОНОВА, загадчык аддзела метадычнай работы раённага цэнтра культуры і народнай творчасці.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *