Ученица Ушачской детской школы искусств Анастасия Петровская стала лауреатом областного конкурса «Лучше всех»

Культура Образование и молодежь

Яшчэ адным поспехам папоўнілася скарбонка творчых дасягненняў Ушацкай дзіцячай школы мастацтваў. Прадстаўніца фартэпіяннага аддзялення Анастасія Пятроўская стала адным з лаўрэатаў новага праекта “Лепш за ўсіх”, які арганізавалі сёлета ўпраўленне культуры Віцебскага аблвыканкама і абласны метадычны цэнтр народнай творчасці.

Удзел у конкурсе маглі прыняць дзеці і падлеткі з усіх раёнаў Прыдзвіння, якія развіваюць свае таленты ў розных напрамках – інструментальным, вакальным, харэаграфічным, арыгінальным жанры. На першым этапе дзецям трэба было даслаць арганізатарам відэаролік з прэзентацыяй свайго творчага нумара ці хобі. Паступіла больш ста заявак, і па рашэнні журы 34 удзельнікі атрымалі права выступіць у гала-канцэрце праекта, які адбыўся ў Шаркаўшчыне. У іх лік трапіла і Насця. Свой нумар яна выканала выдатна. Трэба падкрэсліць, што ігрой на фартэпіяна займаюцца многія дзеці, таму стаць у гэтым “лепш за ўсіх” няпроста і ганарова.

Мы запыталіся ў дзяўчынкі, якім чынам яна рыхтавалася да канцэрту, ці моцна хвалявалася перад выхадам на сцэну. “Праграму да конкурсаў мы з маім педагогам Аленай Міхайлаўнай Падворнай пачалі рыхтаваць яшчэ ў верасні, і хоць я добра ведаю творы, непасрэдна перад выступленнем штодня займалася дома не менш гадзіны. А таму асаблівага хвалявання не было: я ж не ўпершыню выступаю на конкурсах!” – падзялілася з намі юная піяністка.

І сапраўды, толькі за гэту вясну дзяўчынка паўдзельнічала ў некалькіх праектах. Мы ўжо расказвалі пра яе перамогу ў фестывалі юных піяністаў “Натхненне”, а нядаўна ў яе калекцыю дадаўся дыплом лаўрэата І ступені міжнароднага конкурсу “Палітра зорак”. Так трымаць, Насця!

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *