Урожай кукурузы в этом году на Ушаччине уменьшился

Сельское хозяйство

ААТ “Ільюшынскі” ўжо завяршыла ўборку кукурузы. Пад гэтую культуру ў гаспадарцы традыцыйна адводзяць немалыя плошчы – 400 гектараў. Таму аграрыі максімальна канцэнтравалі сілы, каб своечасова ўбраць “царыцу палёў”. Сёлета яна не вельмі ўрадзіла, бывалі ў ільюшынцаў і куды больш важкія ўраджаі, тым не менш, закладзена некалькі траншэй з сіласным кормам.

Ураджайнасць у гаспадарцы на розных участках вагалася ад 140 да 200 цэнтнераў з гектара. Для гэтай культуры, канечне, зусім невысокі паказчык, і ў нашых умовах яна дае ў два разы больш. Тым не менш, гэта ўсё ж добры падмурак кармавой базы, бо сілас з кукурузы – вельмі пажыўны і адзін з самых любімых ласункаў для буронак. Каб такія дарагія ў прамым і пераносным сэнсе кармы былі якаснымі, у гаспадарцы стараліся захоўваць тэхналогію пры закладцы.

Усяго ў “Ільюшынскім” сабрана 5108 тон зялёнай масы, закладзена звыш 4500 тон сіласу. На адну галаву вялікага статку буйной рагатай жывёлы з улікам нарыхтаванага раней сенажу і сена зараз прыходзіцца 23,9 цэнтнера умоўных кармавых адзінак. Гэта плюс да мінулагодняга паказчыка амаль на тры адзінкі.

◆ Акрамя “Ільюшынскага” з уборкай кукурузы ўжо справіліся ў ААТ “Агра-Селішча”, але ў гэтай гаспадарцы пад кукурузу было адведзена ўдвая менш плошчаў – 200 гектараў. У астатніх сельгаспрадпрыемствах кормаўборачная тэхніка яшчэ на палетках.

Асноўны цяжар падчас уборкі кукурузы сёлета лёг на Мікалая Уладзіміравіча Ступко (на здымку). Нарыхтоўку кармоў у гаспадарцы як улетку, так і восенню ўжо нельга ўявіць без гэтага стараннага і адказнага механізатара. Паскорыць тэмпы і так хутка ўбраць культуру дапамаглі і дадатковыя адзінкі – камбайн і тэхніка для адвозкі з полацкай інтэграцыйнай структуры.

Сёлета ў сельгаспрадпрыемстве зноў сеялі кукурузу на зерне – спецыяльна для гэтай мэты было адведзена 30 гектараў, якія таксама ўжо ўбраны: намалочана 134 тоны.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *