Чемпионат по интеллектуальным играм «Эрудит-2021» провели на Ушаччине в новом формате

Образование и молодежь

Медыя-кантэнт, анлайн-зносіны, фотафіксацыя працэсу… Чэмпіянат па інтэлектуальных гульнях “Эрудыт-2021” праводзіўся сёлета на Ушаччыне ў новым фармаце – з актыўным выкарыстаннем IT-тэхналогій.

Яго ўдзельнікі, а гэта прадстаўнікі ўсіх школ раёна, дэманстравалі свае розум, кемлівасць не ў сценах цэнтра дзяцей і моладзі, як звычайна (тут размясціўся толькі штаб віктарыны), а ў родных альма-матэр. Такое дыстанцыраванне, па словах арганізатараў, выклікана няпростай эпідсітуацыяй. Аднак гэта юных знатакоў ніколькі не расчаравала – яркіх эмоцый, азарту яны атрымалі, як заўсёды, шмат.

Практычна дзве гадзіны доўжылася інтэлектуальнае спаборніцтва, якое складалася з трох этапаў: размінкі, “Сваёй гульні” і “Што? Дзе? Калі?” У кожным блоку заданняў упор рабіўся не толькі на веды па самых розных дысцыплінах, але і логіку. Самыя ўважлівыя часта знаходзілі адказ у самім пытанні.

У выніку ўпартай барацьбы “золата” чэмпіянату дасталася камандзе “Штучны інтэлект” з Ушацкай школы, на другім месцы – “Разумісты” з Вялікадолецкай, на трэцім – “Знатакі” з Глыбачанскай. Зрэшты, нельга сказаць, што прайгралі і іншыя ўдзельнікі. Яны з карысцю правялі выхадны, ацанілі свой узровень на фоне моцных сапернікаў і галоўнае – папоўнілі запас ведаў для наступных інтэлектуальных баталій.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *