«Страх в нашем деле недопустим»: рентгенолаборант Тамара Шахновская работы не боится

Общество

На раённай Дошцы гонару сёлета прозвішчы ажно пяці супрацоўнікаў Ушацкай раённай бальніцы і два з іх – з рэнтгеналагічнага кабінета. Яго загадчыцы – Таццяны Мікалаеўны Сідарэнкі і рэнтгеналабаранта Тамары Пятроўны Шахноўскай. Заслужана? Безумоўна. Вось ужо два гады ўвесь штат бальніцы працуе ў надзвычайных умовах, а многія хворыя праходзяць флюараграфію. Хаця мы не задумваемся, якія сёння па ліку…

Дзённая нагрузка рэнтгеналабаранта – 29 адзінак. Колькі чалавек трэба прыняць за змену? Па-рознаму. Бо, напрыклад, здымак лёгкага на пульмаскане раўняецца адзінцы, а рэнтген спіны – 5,5. Таму калі браць толькі флюараграфію, то атрымліваецца 29 чалавек. А ў час усплёску каранавіруса нагрузка на спецыялістаў рэнтгенкабінета павялічвалася ў разы. У маі мінулага года, у першую хвалю, быў перыяд, калі Т.Шахноўская працавала адна без дзвюх напарніц. Ды і падчас дзяжурстваў на доме выпадала па 10-12 выклікаў. “А калі сёлета ў кастрычніку прыязджалі ў суботу, то ўжо і заставаліся, каб не ганяць машыну. Але якім бы складаным не выдаўся дзень, на рабоце заўсёды “апранаю ўсмешку”. Ад тваіх праблем пацыенту лягчэй не стане, у іх сваіх хапае”, – гаворыць Т.П.Шахноўская.

– Ці выводзіць з раўнавагі такі графік, людзі, якія просяцца прыняць па-за вызначаным часам? – пытаюся ў Тамары Пятроўны і чую імгненны адказ: “Канечне не. Гэта ж хворыя, іншых у нас не бывае. Разумееш, што здымак патрэбны, каб выявіць дыягназ, як мага хутчэй аказаць правільную дапамогу. І флюараграфію зараз робім толькі па накіраванні ўрача. Літаральна да кожнага пацыента патрэбны індывідуальны падыход. Аднаго супакоіць, каму і строга сказаць, каб не раскісаў. Мы ж не толькі здымкі лёгкіх робім. З якімі жудаснымі траўмамі паступаюць людзі пасля дарожна-транспартных аварый. Такіх пацыентаў роўна пакласці складана, яны могуць і не чуць цябе ад болю, а здымак трэба зрабіць, і не абы-як, а каб чытаўся”.

Праца рэнтгеналабаранта адрозніваецца ад звычайнай нагрузкі медыцынскай сястры. Тут не мераеш ціск, не ставіш кропельніц, як у “дзённым стацыянары”, дзе да гэтага працавала Т.Шахноўская. Давялося зноў паехаць вучыцца. Дарэчы, гэта яна робіць ахвотна, а паколькі ўпартая – заўсёды дабіваецца свайго. У школе добра ведала хімію, у абласных алімпіядах удзельнічала, ды і зараз пастаянна цікавіцца навінкамі сайта Міністэрства дзяржатамнагляду, спецыялісты якога нядаўна прыязджалі з праверкай. Назіралі, як вызначаецца доза выпраменьвання (для кожнага пацыента індывідуальна), раз у квартал у Мінску здымаюць паказчыкі дазіметраў, якія мацуюцца на вопратцы кожнага спецыяліста кабінета. Менавіта ад рэнтгеналабарантаў залежыць дакладнасць дыягназаў. “Калі здымак «жорсткі», то і прачытаць урачу яго складаней, хаця калі-небудзь Таццяна Мікалаеўна просіць зрабіць менавіта такія. Тут свая спецыфіка”.

“Ці не страшна? Увесь час з выпраменьваннем маеце справу, а ў кавід менавіта праз вас праходзілі ўсе хворыя?” На пытанне Тамара Пятроўна зноў адказвае хутка: “Пра гэта не думаеш, робіш сваю справу. Мы ж камбінезоны апранаем, заўсёды ў масках, калі прымаем хворых з тэмпературай, ды і ў ахоўных камізэльках працуем. Страх у нашай справе недапушчальны. Баішся – значыць панікуеш. Паніка – значыць напартачыш. Страшна потым, калі прыгадваеш, з якімі траўмамі паступілі пасажыры мікрааўтобуса, што разбіўся ў Сарочыне. А спачатку я баялася нават укол у вену рабіць – калі не траплю, хвораму ж балюча будзе. За людзей перажываеш. Адчайна сябе адчуваеш, калі не можаш дапамагчы. І як найвялікшую радасць прыгадваю выпіску студэнта з чэрапна-мазгавой траўмай з таго аўтобуса. Мы ўсе сачылі за яго станам, перапісваліся ў сетках. І ён маладзец, выжыў”.

Дарэчы, цяжкім пацыентам, якіх адразу дастаўляюць на аперацыі ці ў рэанімацыю, здымкі робяць на спецыяльным апараце, што стаіць у аддзяленні. І важыць ён 475 кілаграмаў. Падымаць, канечне, не трэба, але адчувальна і проста перасоўваць, накіроўваць пад патрэбны вугал. Нялёгкая і апаратура новага рэнтгенадыягнастычнага комплексу. Толькі фізічна Тамара Пятроўна лічыць сябе загартаванай – у бацькоў заўсёды вялікая гаспадарка была, ды і зараз трымае, так што мышцы натрэніраваны. Работы яна не баіцца, ну а ў паліклініцы, калі першы час працавала на выдачы бальнічных лістоў, часта брала падпрацоўкі. Грошы патрэбны, асабліва калі адзін выхоўваеш дваіх дзяцей. Зараз яны дарослыя і самая вялікая матчына радасць – калі збіраюцца разам. “Сын і дачка ў мяне залатыя, паслухмяныя і ва ўсім дапамагаюць. Я і сама гатаваць люблю, а Дзяніс у інтэрнэце экзотыку адшукае, якая потым часта як аліўе. Ну а калі далучаецца Алёна, то навагодні стол за 2 гадзіны ўтрох рыхтуем. Дарэчы, у мяне ёсць звычай, колькасць страў на стале павінна быць па апошніх лічбах новага года, сёлета – 22. Шмат нарыхтовак раблю – ад тушонак да салатаў. Вельмі люблю адпачываць у сасновым лесе, ну а лепшая рэлаксацыя – алмазная вышыўка. Зацягвае – і ў гадзіну ночы разумееш, што позна, але сам сабе кажаш, ну яшчэ адзін колер… Але спаць кладзешся надзвычайна спакойны. Усім раю пры нервовай рабоце”.

Вось такія рознабаковыя нашы героі дня. А яшчэ прыкмеціла, што на дзвярах рэнтгенкабінета вы нават не ўбачыце паўнацэннага гадзіннага перапынку, толькі тэхнічныя на кварцавую апрацоўку. Тады калегі збіраюцца сваім вельмі дружным саставам у пакоі адпачынку. Дваццаць хвілін спакою, дзе перад сваімі можна і ўсмешку зняць: зразумеюць і дапамогуць, што было неаднойчы.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *