Пожарной службе — 170 лет!

Общество

У баявой гатоўнасці

На пульт аператыўнага кіравання ва Ушачах паступае паведамленне аб здарэнні, у пажарнай часці аўтаматычна падымаюцца вароты, высокапраходныя МАЗы з запасам вады ў 10 тон кожны імчаць з сірэнамі на выклік. Цыстэрна забяспечвае падачу 40 літраў вады за секунду на адлегласць 50 метраў – такі напор літаральна змятае агонь. Нават цяжка ўявіць, што на зары стварэння пажарнай службы ўзбраенне і аснашчанасць былі больш чым сціплымі: бочка з вадой на 400 літраў, 2 кароткія рукавы, рыдлёўка, 8 вядзёр, вяроўка, багор, дзве сякеры, грувасткая ручная помпа. Усё гэта перамяшчалася на коннай цязе, а для абслугоўвання адной ручной пажарнай помпы патрабавалася каля паўсотні чалавек: 12 у дзве змены качалі каромыслы нагнятальнага механізму, 8 абслугоўвалі рукавы і ствол, а астатнія, выстраіўшыся ў адзін ці два рады, падносілі да трубы вёдрамі ваду. Дальнасць дзеяння вадзянога струменю дасягала 10 метраў пры максімальным напружанні – каля 20 вядзёр за хвіліну. З той пары і да цяперашняга часу тэхніка і ўзбраенне прайшлі свой эвалюцыйны шлях. Падраздзяленні МНС зараз аснашчаны спецтэхнікай і сучасным абсталяваннем. Напрыклад, нават ва Ушачах зараз з’явілася пажарная аўталесвіца. Хоць у параўнанні з гарадамі ў нас мала шматпавярховак (і тыя максімум у пяць паверхаў), трэба быць гатовым да ўсяго. Як гаворыцца – на ўсялякі пажарны.

Першае згадванне аб пажарнай камандзе ва Ушачах адносіцца да 1905 года.

Маладая змена не падвядзе!

Сёння 50 супрацоўнікаў райааддзела па надзвычайных сітуацыях у любую хвіліну гатовы прыйсці на дапамогу людзям. У гэтым годзе ў рады ўшацкіх выратавальнікаў уліліся трое маладых людзей – усе ўраджэнцы раёна. Атрымаўшы вышэйшую адукацыю вярнуўся на малую радзіму Мікалай Баратынскі і адразу атрымаў адказную пасаду начальніка дзяжурнай змены. Выратавальнікамі-пажарнымі сталі Максім Клемянцёнак і Максім Клімашэўскі. Гэтым двум хлопцам асабліва запомніцца іх першае прафесійнае свята: у Дзень пажарнай службы яны ва ўрачыстай абстаноўцы ў Віцебску на пляцоўцы ля аблвыканкама прымалі прысягу на вернасць Беларусі і яе народу. А віншавалі іх з гэтай падзеяй начальнік Віцебскага абласнога ўпраўлення МНС С.М.Мялешкін і намеснік старшыні аблвыканкама В.В.Дурноў.

“Хлопцы ўжо аддзяжурылі не адну змену, прывыкаюць да нялёгкіх будняў, прымаюць удзел у грамадскім жыцці калектыву, упэўнены, што яны будуць годна выконваць свае абавязкі”, – адзначыў намеснік начальніка Ушацкага РАНС М.В.Кісель. Дарэчы, у калектыве яшчэ ёсць вакансіі, тут чакаюць рашучых і смелых маладых людзей, якія гатовы абараняць краіну і людзей ад любых надзвычайных сітуацый.

Радзей праяўляць прафесіяналізм

Н.Марковіч, Д.Дахін.

Кульмінацыяй святкавання стала ўрачыстасць у раённым цэнтры культуры, раздзяліць святочны момант з прадстаўнікамі прафесіі прыйшлі іх родныя і знаёмыя, а таксама ветэраны. Не маглі не прыняць запрашэнне ад кіраўніцтва аддзела Алена і Алег Рагавешкі, якія прысвяцілі службе ў МНС дзясяткі год. Толькі нядаўна адправіўся на адпачынак Сяргей Сыс, а таму жыва цікавіўся ў калег рабочымі справамі. Прыгадваў свае баявыя будні былы начальнік каравула Ігар Елісееў. Медаль “20 год органам і падраздзяленням па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь” атрымаў былы начальнік аддзела Генадзь Рубанік, які хоць ужо даўно на пенсіі, не прапускае падобных святочных дат. Шмат увагі ў гэты дзень дасталася Дмітрыю Лёлю: ён прымаў віншаванні не толькі са святам, а і з юбілеем, які адзначаў напярэдадні. Хоць і не ўсе ветэраны змаглі прыйсці на ўрачыстасць, прыгадалі ў гэты дзень кожнага, хто звязаў сваё жыццё з нялёгкай справай.

Дзякуючы зладжаным дзеянням супрацоўнікаў МНС сёлета ў вобласці выратавана 70 жыццяў.

“170 гадоў крэпне і развіваецца служба, але галоўная яе каштоўнасць – людзі, якія ахвяруюць сваім жыццём дзеля выратавання чужога. Жадаю, каб менш было надзвычайных сітуацый і з іх вы заўсёды выходзілі дастойна”, – адзначыла ў сваім выступленні старшыня раённага Савета дэпутатаў Н.М.Марковіч і ўручыла работнікам МНС Ганаровыя граматы і падзякі.

А.Мартынюк.

Адзначана праца ўшацкіх пажарных не толькі на раённым узроўні. З пагонамі прапаршчыка вяртаўся са свята вадзіцель Ілья Крывапушчанка: чарговае спецыяльнае званне на адну ступень вышэй прадугледжанага па займаемай пасадзе ён атрымаў за значны ўклад у ліквідацыю пажараў і ўзорную службу. На аднаго “Выдатніка” стала больш у калектыве – адпаведны нагрудны знак атрымаў старшы інструктар-выратавальнік пажарнага аварыйна-выратавальнага паста №12 Віталь Баркоўскі, які не толькі дасканала выконвае абавязкі, а і пастаянна адстойвае гонар калектыву на спартыўных спаборніцтвах. Памятныя нагрудныя знакі атрымалі начальнік дзяжурнай змены Андрэй Раманоўскі і выратавальнік-пажарны Аляксей Харэвіч. За высокія паказчыкі ў службовай дзейнасці і ўзорнае выкананне абавязкаў Падзякі Віцебскага абласнога ўпраўлення МНС уручаны інспектару інспекцыі нагляду і прафілактыкі Віталю Карэйшу і дыспетчару Аляксею Мартынюку. Яшчэ шэраг супрацоўнікаў адзначаны Падзякамі начальніка райаддзела. Дарэчы, Дзмітрый Дахін упершыню сустракаў прафесійнае свята ў ролі кіраўніка. “У 2022-м годзе аддзел стаў самым спартыўным у рэспубліцы, шмат зроблена па прафілактыцы і выратаванні людзей сёлета. Хачу падзякаваць кожнаму за работу, мы згуртаваны і баяздольны калектыў, гатовы для аператыўнага вырашэння задач”, – падкрэсліў Дзмітрый Віктаравіч.

Д.Лёля, Г.Рубанік, І.Елісееў.

Адзіны тэлефонны нумар пажарнай аховы “01” быў уведзены ў 1933 годзе. Зараз выклікаць выратавальнікаў можна па тэлефонах 101 і 112 нават калі тэлефон “не ловіць” сувязь.

Шмат віншаванняў прагучала ў гэты дзень ад арганізацый Ушаччыны, суб’ектаў прафілактыкі, з якімі выратавальнікі вырашаюць многія задачы. І ўсе, канечне, жадалі ім сухіх рукавоў і каб радзей даводзілася праяўляць свой прафесіяналізм.

Экскурс у прафесію

У звычайны дзень трапіць у пажарную часць няпроста: вас абавязкова сустрэнуць на тэрыторыі і толькі пры патрэбе вырашыць нейкія пытанні з кіраўніцтвам, атрымаць даведку ці іншае выдадуць часовы пропуск на візіт. Баявое распалажэнне, зразумела, закрыта ад наведвальнікаў. А вось 25 ліпеня выратавальнікі зрабілі Днём адчыненых дзвярэй і прымалі ў сябе гасцей. Нягледзячы на дождж, жадаючых завітаць на экскурсію аказалася нямала. Наведвальнікі школьнага лагера і проста ўшачане заходзілі сем’ямі з дзецьмі. Ім дазвалялася пасядзець у кабіне пажарнай машыны і крэсле дыспетчара, уключыць мігалкі, прымераць баявую форму, паглядзець, як сушаць рукавы і многае іншае. Дзецям і дарослым не верылася, што абмундзіраванне выратавальніка важыць больш 20 кілаграмаў, а сабрацца на выклік можна і трэба ўсяго за 18 секунд. Упэўніліся, што спаць на змене пажарным не прыходзіцца: пазаймаліся з імі ў трэнажорнай зале і паглядзелі, як і дзе праходзяць вучэбныя заняткі. Ідэальны парадак у часці і бліскучыя машыны пацвярджалі, што на гэта таксама траціцца шмат часу. А яшчэ здзівіліся, што ў пакоі для адпачынку ёсць… акварыум з рыбкамі. Канечне, нагадалі выратавальнікі ўсім гасцям і аб правілах бяспекі, а таксама нумарах экстранных службаў. Напярэдадні юбілейнай даты ў часці пабываў і актыў БРСМ у рамках рэспубліканскага праекта “Адзін дзень з МНС”, моладзь даведалася аб прафесіі пажарнага, правёўшы разам з імі некалькі гадзін на дзяжурнай змене.

Падрыхтавала Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *