5 декабря 2021 года – День юриста в Беларуси

Общество

Паважаныя юрысты! Шчыра віншую вас з прафесійным святам!

Яно аб’ядноўвае спецыялістаў розных сфер дзейнасці і звязана з вялікай адказнасцю за лёсы людзей. Без ведання законаў немагчыма паспяхова працаваць у сучасных умовах. Менавіта ад вас залежыць абарона інтарэсаў дзяржавы і правоў чалавека. Гэта накладае асаблівыя маральныя, этычныя і прававыя патрабаванні да вашай дзейнасці. Упэўнены, што ваш высокі прафесіяналізм, актыўная грамадзянская пазіцыя будуць і надалей залогам умацавання стабільнасці і правапарадку ў дзяржаве.

Жадаю ўсім моцнага здароўя, міру, шчасця, дабрабыту, мэтанакіраванасці, адданасці ў служэнні Закону.

Старшыня раённага выканаўчага камітэта У.Г.АЎДОШКА.


 

“Суддзя і эмоцыі – паняцці несумяшчальныя”

Суддзя – гэта складаная прафесія, якая патрабуе якаснага і справядлівага правасуддзя, велізарнай адказнасці, як перад дзяржавай, так і перад грамадзянамі. Трэба не толькі выдатна разбірацца ў заканадаўстве, якое пастаянна ўдасканальваецца, але і мець жыццёвы вопыт. У гэтым упэўнена і наша сённяшняя суразмоўца. Напярэдадні Дня юрыста наша інтэрв’ю са Старшынёй суда Ушацкага раёна Аксанай Мікалаеўнай МІШУТА.

– У нашай краіне на пасаду суддзі можа прэтэндаваць грамадзянін Рэспублікі Беларусь, які дасягнуў 25-гадовага ўзросту і мае вышэйшую юрыдычную адукацыю. А калі Вы прыйшлі ў прафесію, дзе пачыналі працоўны шлях і набывалі вопыт?

– Сваю прафесійную дзейнасць я пачынала ў 1997 годзе ў судзе Полацкага раёна і г.Полацка на пасадзе сакратара судовага пасяджэння, потым працавала кансультантам суда, судовым выканаўцам. Праз два гады работы ў судзе зразумела, што хачу быць суддзёй. З 1999 па 2005 год вучылася ў Полацкім дзяржаўным універсітэце на юрыдычным факультэце. У 2009-м была назначана суддзёй суда Полацкага раёна і г.Полацка, а з 5 студзеня 2021 – Старшынёй суда Ушацкага раёна. Адпрацаваўшы суддзёй 11 гадоў, атрымала вялікі вопыт у разглядзе спраў.

– Вы займаеце пасаду Старшыні суда. Гэта ў першую чаргу суддзя або кіраўнік?

– Лічу, што Старшыня суда павінен умець разгледзець любую справу, а таксама як кіраўнік арганізаваць работу так, каб усё функцыянавала як добра адладжаны механізм. Акрамя таго немалаважную ролю адыгрывае работа з грамадзянамі, штотыднёва ажыццяўляецца адпаведны прыём.

– Якімі якасцямі, на Ваш погляд, павінен валодаць суддзя?

– Перш за ўсё, працавітасцю і цярпеннем. Рабоце неабходна аддаваць усяго сябе, любіць яе, бо гэта велізарная адказнасць за лёсы людзей. Важна не толькі веданне заканадаўства, але і ўменне падысці да кожнай справы індывідуальна, вывучыць усебакова, не прапу­сціць што-небудзь важнае, не памыліцца. Суддзя павінен быць і псіхолагам, умець размаўляць з людзьмі. Гэта не толькі прафесія, гэта лад жыцця.

– Упершыню на пасаду Старшыні суда Ушацкага раёна назначана жанчына. Скажыце, Вам няпроста справіцца з эмоцыямі пры вынясенні прыгавораў, рашэнняў?

– Суддзя і эмоцыі – паняцці несумяшчальныя. У судзе, у першую чаргу, я спецыяліст.

– Колькі спраў разгледжана ў судзе Ушацкага раёна ў гэтым годзе, можаце сказаць, якія пераважаюць, вылучыць найбольш складанае, важнае?

– Усе працэсы без выключэння важныя. За 10 месяцаў вынесена 186 рашэнняў па грамадзянскіх справах, сярод іх пераважаюць спрэчкі, якія вынікаюць са шлюбна-сямейных адносін. 43 прыгаворы па крымінальных – сярод іх больш злачынстваў супраць уласнасці грамадзян. Вынесена 337 пастаноў па справах аб адміністрацыйных правапарушэннях. У параўнанні з аналагічным перыядам папярэдняга года, колькасць спраў засталася на ранейшым узроўні. Увайшло ў практыку правядзенне выязных пасяджэнняў суда не толькі ў мэтах прафілактыкі здзяйснення злачынстваў, а і для зручнасці грамадзян, аказання садзейнічання іншым судам. Напрыклад, у гэтым месяцы адбыўся разгляд крымінальнай і грамадзянскай спраў у судзе Браслаўскага раёна.

– Скажыце некалькі слоў пра калектыў.

– Сёння ён складаецца з 13 супрацоўнікаў, кожны з іх валодае неабходным узроўнем ведаў. Гэта адказныя, працавітыя людзі, гатовыя падставіць плячо адзін аднаму. Да разгляду кожнай справы скрупулёзна падыходзіць Таццяна Паўлаўна Хрыпач, якая з лістапада мінулага года праходзіла ва Ушачах стажыроўку ў судзе Ушацкага раёна і ў чэрвені гэтага года назначана на пасаду суддзі. Да гэтага яна атрымлівала вопыт у судзе горада Наваполацка сакратаром судовага пасяджэння. Самы вопытны наш супрацоўнік – гэта вядучы спецыяліст Яўгенія Анатольеўна Клачок, якая працуе ў судзе Ушацкага раёна з 1999 года і адказна падыходзіць да сваіх абавязкаў. Да прафесійнага свята гэтыя два спецыялісты адзначаны ўзнагародамі раённага ўзроўню. З 2014 года ў судзе працуе Марына Ігараўна Паршонак – сакратар судовага пасяджэння, якая таксама паспяхова і граматна спраўляецца са сваёй работай. Немалаважную ролю ў рабоце суда адыгрываюць супрацоўнікі, што займаюцца абслугоўваннем будынка – Алена Аляксандраўна Васілеўская,  Станіслаў Аляксандравіч Васілеўскі, Аксана Леанідаўна Лукашэвіч. Дзякуючы іх карпатлівай і нябачнай рабоце створаны камфортныя ўмовы для ажыццяўлення правасуддзя. Таксама хочацца адзначыць работу вадзіцеля суда  Сяргея  Яўгенавіча Лабенка, які беражліва адносіцца да тэхнікі і ўзорна выконвае свае функцыі. У цэлым, добрых слоў заслугоўваюць усе нашы работнікі.

Віншую сваіх калег і ўсіх юрыстаў з прафесійным святам. Здароўя вам і поспехаў!

– Дзякуй за размову!

Падрыхтавала В.КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *