Что положить под ёлку? Заглянули в торговые точки, специализирующиеся на подарках и вот что нашли

Общество

Лепш, чым самі святы, можа быць толькі падрыхтоўка да іх. Непаўторны стан чакання дзіва, колькі б год табе ні споўнілася. І старт дадзены. Па горадзе, няхай не ў поўную моц, гарыць ілюмінацыя, у кожным магазіне сустракае ўбраная ёлка, а самыя прадбачлівыя ўжо шукаюць навагоднія падарункі. Што падабраць родным і знаёмым? Мы вырашылі спрасціць вам задачу і зазірнулі ў гандлёвыя кропкі, якія спецыялізуюцца на падарунках.

Прадавец Ушацкага філіяла Юлія Ярмош.

Пачнём з універмага. Нельга сказаць, што аддзел навагодніх упрыгожванняў надта вялікі, аднак дожджык, шары, штучныя ёлкі, гірлянды ў наяўнасці і прычым па мінулагодніх цэнах. Затое дзіцячых цацак – на выбар, ну і зразумела, адзення, парфумы, галантарэі… Як заўсёды, абраны падарунак можна набыць з 15-працэнтнай скідкай у дні штомесячнай акцыі. А якой адчувальнай яна будзе на норкавыя шубкі – шыкоўны падарунак (на якія і так устаноўлена мінімальная 10-працэнтная нацэнка і магчыма растэрміноўка на год).

У харчовых магазінах Ушацкага філіяла аблспажыўтаварыства, уключаючы вясковыя, завезены навагоднія падарункі беларускіх кандытарскіх фабрык, а таксама цукеркі ў асартыменце. На бачнае месца ў цэнтры залы перамясціліся традыцыйныя святочныя прадукты, пачынаючы з гарошка, алівак, і заканчваючы ікрой. Як паведамілі ў філіяле, навагоднія сюрпрызы яшчэ наперадзе, таму сачыце за рэкламай у газеце.

Ну а зараз пройдземся па камерцыйных крамах.

Асабліва падарункаў чакаюць дзеці – таму распачнём з магазіна, разлічанага на самую юную пакупніцкую аўдыторыю. А вы ўвогуле ведалі, што ва Ушачах ёсць міні-“Дзіцячы свет”? Для нас гэта стала сюрпрызам: чулі, што не так даўно на другім паверсе будынка КБА адкрылася крама “Умнейка” з таварамі для дзяцей, але не думалі, што тут такі багаты асартымент. Калі хочаце абнавіць гардэроб для дзіцяці ад першых дзён жыцця да 10 год – вам дакладна сюды. На паліцах – якасны трыкатаж кампаній “Марк Фармэль” і “Юла”, уборы для ранішніка і адзенне на кожны дзень. А яшчэ тут вялікі выбар канцтавараў і цацак. Маленькія мастакі дакладна абрадуюцца, напрыклад, “Чамадану творчасці”, у якім 208 прадметаў (кошт 43 рублі), ці сапраўднаму мальберту, дзе можна як замацаваць папяровы ліст, так і маляваць крэйдай (72 руб.). Ёсць і падарункавая “класіка” – цацачная чыгунка (65 руб.). Ну а “фішкай” крамы прадавец Людміла назвала развіваючыя гульні, якіх тут проста безліч – вось адкуль такая назва магазіна! Звярніце ўвагу на сортары і дошкі Мікіціна – недарагі (ад 10 руб.) і карысны падарунак, які зойме малыша і паспрыяе яго развіццю.

Гэтай краме мы надалі шмат увагі, бо раней пра яе не расказвалі. Пра іншыя распавядзём карацей. Магчыма, хтосьці яшчэ не ведае, што на другі паверх КБА пераехаў магазін “Сямейка”, які раней быў на трэцім. Аснова яго асартыменту – бюджэтнае адзенне і абутак для дзяцей і дарослых, ёсць тут і навагоднія касцюмы.

Традыцыйна перад святамі пакупнікі не абмінаюць “Прэстыж” і “Камфорт”, размешчаныя ў будынку дома №16 па Ленінскай. У першым, напрыклад, можна апрануцца да карпаратыву (зараз якраз прыбыла партыя вячэрніх сукенак), купіць свежы джэмпер для любімага мужа – бліжэй да Новага года тут запланаваны скідкі. Ну а калі зусім не хочацца мудрагеліць – ідзіце ў другі па шкарпэткі, калготкі ды карсетныя вырабы.

Ну а як жа абысці ўвагай размешчаны насупраць “Віраж”? На тутэйшых паліцах – гадзіннікі, цацкі і шмат чаго іншага. Але ж мы праанансуем новую секцыю «Алхімія смаку», якая зацікавіць гурманаў. Калі ў час святочнага застолля вы хочаце здзівіць гасцей не толькі стравамі, а і арыгінальнымі напоямі, можаце набыць у “Віражы” спецыяльныя наборы траў і прыпраў, якія ператвораць звычайную гарэлку ці класічны дыстылят у экзатычны кальвадос, піна каладу ці наліўку “Слівовы спатыкач”.

Ад дарослых захапленняў зноў вярнёмся да дзіцячых: магазін цацак “Пуся”, размешчаны ў будынку рэдакцыі, сустрэў нас проста вялізным асартыментам. Так, аматары алмазных карцін могуць выбраць з паўсотні розных малюнкаў, тут ёсць “ватрушкі” і “лядзянкі”, “лега” ад 1,5 рубля, а домікі з кардону, якія трэба размаляваць і скласці, зоймуць дзяўчынак на ўсе канікулы. Заўважылі мы на паліцы нават квадракоптар (кошт – 126 руб.).

Наступны наш адрас – другі паверх аўтастанцыі. Магазін “Акцэнт” займае аж тры тэматычныя пакоі і тут дакладна можна падабраць падарунак на любы густ. Напрыклад, папулярныя зараз недарагія ўпрыгожанні з медыцынскага сплаву, біжутэрыю, сумкі, рукзакі і кашалькі, фотарамкі, прыгожыя шкатулкі, самыя розныя цацкі, сярод якіх, напрыклад, модныя зараз лялькі серыі “LOL” у шарах і капсулах ад 5 рублёў. Шукаеце штосьці для сяброўкі – падарыце дыванок для фітнэсу.

Тут жа размешчана і крама, назва якой кажа сама за сябе, – “Усё за капейку”. Вось ужо дзе дакладна пануе навагодні настрой! Тут ёсць календары, тэматычныя абрусы, кубкі, свяцільнікі, электрагірлянды ў цэнавым дыяпазоне ад 3 да 20 рублёў, ёлачныя цацкі ды і сама штучная лясная прыгажуня (кошт 90 руб.). “Каб асартымент пераказаць, дык газеты не хопіць! – канстатуе прадавец Таццяна. – У нас ёсць усё! Нават кактус, які танцуе і спявае!” Што за расліна такая – цікаўцеся ў краме. Дарэчы, яшчэ адзін магазін з такой жа назвай і асартыментам адкрыўся сёлета ў экс-памяшканні “Вострава чысціні” – там ярка, прыгожа і святочна. Зазірнулі мы ў яго, калі прыйшлі ў цэнтр гандлю і паслуг, які сфарміраваўся ў пакоях былога ваенкамата па вуліцы Савецкай.

Ну вось што, скажыце, парадуе сапраўдную жанчыну больш, чым флакончык фірменных духоў? Гаспадыня крамы “Свет парфумы” Ганна паклапацілася, каб да свята на паліцах былі прадстаўлены вырабы самых прэстыжных марак з Францыі, Італіі, Іспаніі, Германіі. Тут можна купіць туалетную ваду і за 10, і за 400 рублёў. А яшчэ набыць невялікі пробнік элітнай парфумы за 25. Ёсць нават дзіцячая вада з упакоўкай у форме цукеркі. Мы ж склалі маленькі рэйтынг крамы, паводле якога ў тройцы самых запатрабаваных аказалася арабская вада “Zebra” брэнда “Razazi”, іспанская “Zara”, французская “Kilian” і нямецкая “Molecules”, якая на кожным чалавеку ўтварае розныя адценні паху.

А чым парадаваць на свята дамаседку-рукадзельніцу? Вядома ж, наборам нітак з магазіна “Пража”. Прынамсі, некаторыя пастаянныя пакупніцы і самі вырабляюць з іх падарункі для блізкіх. Не маглі адвесці вока ад невялічкай выставы, якую гаспадар Надзея аформіла са звязаных кручком цацак, што яны прынеслі ў краму.

Магчыма, мы прыгадалі не ўсе ўшацкія кропкі. Як мінімум, ёсць яшчэ багатыя на навагодні тавар гандлёвыя рады рынку. Але калі ў гэтым калейдаскопе адрасоў і прапаноў вы вылучылі нешта цікавае – наш агляд не быў дарэмны. Збірайцеся на шопінг – і няхай у навагоднюю ноч пад ёлачкай усе вашы сябры і блізкія знойдуць тое, што іх парадуе!

Падрыхтавалі Наталля БАГДАНОВІЧ,
Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *