Диспетчер центра оперативного управления РОЧС Наталья Печура первой принимает на себя психологический удар

Общество

“Дзяжурная служба МНС. Чым вам дапамагчы?” Гэтыя словы чуе кожны, хто тэлефануе па нумарах 101 і 112. А з прывітання пачынаецца адлік часу, на працягу якога дыспетчар павінен высветліць дэталі здарэння, ацаніць сітуацыю і прыняць дакладнае рашэнне. Часта менавіта ад яго прафесіяналізму залежыць чалавечае жыццё. Выдатна разумее гэта і надзвычай адказна ставіцца да абавязкаў дыспетчар цэнтра аператыўнага кіравання райаддзела па надзвычайных сітуацыях Наталля Сямёнаўна Пячура.

Спакойна паразмаўляць з ёй падчас дзяжурства ў пятніцу не атрымалася: моцны вецер зрываў дахі на будынках, абрываліся правады, валіліся дрэвы – інфармацыя аб здарэннях сцякалася ў цэнтр, нездарма яго называюць сэрцам аддзела. З усімі гэтымі рабочымі момантамі Наталля спраўлялася аператыўна, бо за яе плячыма ўжо 8 гадоў дыспетчарскага стажу. Зрэшты, у гэтую прафесію ўраджэнка гарпасёлка прыйшла не адразу. Працавала інжынерам па ахове працы ў ДРБУ-105, а вышэйшую адукацыю наогул атрымала па спецыяльнасці “эканоміка і аўдыт”. Калі ж даведалася пра вакансію дыспетчара ў аддзеле МНС, вырашыла паспрабаваць. Не кожная жанчына рашыцца на такі крок, але ў Наталлі моцны характар. Першапачаткова, канечне, было вельмі няпроста, унікнуць у справу Н.С.Пячуры дапамагаў вопытны спецыяліст Аляксей Сцяпанавіч Мартынюк. Прыгадвае, што ў першы год работы вясной у раёне было вельмі шмат палаў, тэлефон у асобныя дні не паспяваў “памаўчаць”.

Калі паступае званок, дыспетчар павінен вызначыць, колькі сіл і сродкаў накіроўваць да месца здарэння, якія іншыя службы задзейнічаць. Напрыклад, на тушэнне жылога дома абавязкова выязджае 4 пажарныя разлікі. Пры гэтым трэба выдатна арыентавацца па зоне сігналу, пры неабходнасці накіроўваць да месца калег з суседніх раёнаў. Перыядычна здараюцца выпадкі, калі суседзям патрэбна дапамога ўшачан, тады па рацыі раздаюцца адпаведныя пазыўныя. Часам грамадзяне, якія паведамляюць аб здарэнні, нервуюцца, маўляў, навошта задаюць шмат пытанняў. Між тым, у гэты час у пажарнай часці ўжо падымаюцца вароты і разлікі імчаць на здарэнне. А шматлікія ўдакладняючыя факты перадаюцца ім ужо па шляху.

Сёння дыспетчар павінен ведаць мноства дакументаў, цэлы пералік алгарытмаў, якіх прытрымліваюцца пры паступленні трывожнага сігналу. І нават замежную мову – на той “усялякі пажарны”, калі аб дапамозе могуць папрасіць іншаземцы. Наталля не толькі пастаянна павышае сваю кваліфікацыю, а і як усе працаўнікі службы здае залікі па фізічнай падрыхтоўцы.

– Работа дыспетчара ніколі не была і не будзе простай. Вядома, мы не заходзім у ахопленыя агнём дамы, але першымі прымаем на сябе псіхалагічныя “ўдары”. Часта людзі плачуць, могуць нецэнзурна выказвацца: яны ў паніцы, ім страшна, часам не могуць дакладна паведаміць адрас, а каштоўныя секунды ідуць! – зазначае Наталля Сямёнаўна.

Хоць і мае дастаткова вопыту, аднак усё роўна кожны раз хвалюецца да таго моманту, пакуль выратавальнікі не вернуцца ў часць. “Кожны выклік – гэта стрэс. Паверце, хваляванне прысутнічае нават у байцоў, якія адслужылі і па 20 гадоў і многае пабачылі. Самым складаным у маёй кар’еры быў выпадак, калі практычна адначасова паступілі сігналы аб пажарах у Лазоўцы і Матырыне. Сказаць, што было няпроста ў гэты момант – не сказаць нічога”, – прыгадвае Н.С.Пячура.

Запомніцца ёй і апошняя змена 2021-га. Раніцай 31 снежня жыхар вёскі Казьяне паведаміў, што бачыць над суседняй Пілатоўшчынай зарыва, а знаёмы з населенага пункта не адказвае на тэлефон. Дыспетчар аператыўна накіравала да месца выратавальнікаў, а пазней ужо і астатнія службы. Вось толькі гаспадару палаючага дома ўжо не было ніякай магчымасці дапамагчы, узгаранне ў практычна пустой вёсцы было заўважана вельмі позна…

Трэба адзначыць, што не заўсёды работа дыспетчара, як і ўсяго каравула, укладваецца ў вызначаныя 24 гадзіны. Бывае, што выклік паступае за гадзіну-дзве да заканчэння змены, зразумела, што ў такія моманты і размовы не ідзе пра рабочыя рамкі. Зрэшты, на сон дыспетчару за суткі адводзіцца ўсяго 4 гадзіны, у гэты час падмяняе хтосьці іншы з каравула.

Ці лёгка сябе адчувае ў мужчынскім калектыве? На гэтае пытанне Наталля Сямёнаўна адразу адказвае, што ўсе гэтыя гады ёй камфортна працаваць з трэцім каравулам, начальнікам якога з’яўляецца сапраўдны прафесіянал Максім Валер’евіч Дукмасаў. Між тым, менавіта калегі папрасілі абавязкова адзначыць, што Н.С.Пячура адказвае за яшчэ адзін накірунак аддзела – вырошчвае кветкі для азелянення як часці, так і пастоў.

Пасля сутак яна здымае форму і дома з выратавальніка пераўтвараецца ў клапатлівую маму – Наталля выхоўвае дваіх дзяцей. Менавіта сям’я дае сілы і дапамагае настроіцца на няпростую справу.

Вольга КАМАРКОВА.



1 комментарий по теме “Диспетчер центра оперативного управления РОЧС Наталья Печура первой принимает на себя психологический удар

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *