«Резкий» ушачанин, кража продуктов питания и незваный гость. Хроника происшествий в Ушачском районе

Происшествия

У народзе кажуць: як Новы год сустрэнеш – так яго і правядзеш. Калі аналізаваць крымінагенную абстаноўку ва Ушацкім раёне напачатку 2022-га, дакладна хочацца верыць у праўдзівасць такога меркавання. Настолькі спакойнага месяца праваахоўнікі нават не прыпомняць. За першыя 20 дзён студзеня ўзбуджана ўсяго адна крымінальная справа. Для параўнання: у снежні 2021-га іх было звыш 10.

“Рэзкі” ўшачанін – цярплівы глыбачанін

Амаль кіношныя падзеі з бойкай, панажоўшчынай разгарнуліся 28 снежня ў Глыбачцы паміж двума таварышамі 1981 і 1986 гадоў нараджэння. Канфлікт хутка набіраў абароты – у ход пайшлі не толькі абразлівыя словы, пагрозы, але і кулакі. Магчыма, выплеснуўшы негатыў, мужчыны і маглі б памірыцца, вось толькі госць з райцэнтра (маладзейшы з іх) схапіўся за халодную зброю і ўдарыў свайго апанента. З цяжкімі цялеснымі пашкоджаннямі той трапіў у бальніцу. Дарэчы, адбылося гэта толькі на наступны дзень і па ініцыятыве знаёмай, якая літаральна схапілася за галаву, калі ўбачыла ў пацярпелага вялікую дырку ў брушной сценцы.

Гарачыя разборкі

Схапіўся за нож у сварцы з сужыцельніцай і ўшачанін 1984 года нараджэння. На шчасце, у “ход” зброю ён не пусціў – абышоўся толькі пагрозамі забойствам. Аднак і за гэта адкажа перад законам, у адносінах мужчыны ўзбуджана крымінальная справа.

Нечаканы “падарунак” да Новага года

Неадназначна завяршылася сварка сужыцеляў з райцэнтра, якая адбылася яшчэ ў жніўні 2021-га. Тады мужчына 1973 года нараджэння дазволіў сабе падняць на “другую палавінку” не толькі руку – ударыў і кружкай. Нязначныя траўмы ўшачанка вырашыла прабачыць свайму крыўдзіцелю, таму не настойвала аб прыцягненні яго да крымінальнай адказнасці. Але ж факт атрымання ёй цялесных пашкоджанняў быў зафіксаваны і ўзяты праваахоўнікамі на кантроль. У выніку 29 снежня, аналізуючы нюансы розных гадавых правапарушэнняў, пракурор раёна рашыў, што дамашні тыран дарма застаўся без сур’ёзнага пакарання. Крымінальная справа ўсё ж была ўзбуджана.

Злачынец шырокага профілю

У райаддзел міліцыі звярнулася пенсіянерка з Вяркуд, якая паведаміла, што ў перыяд з 13 па 16 снежня з яе гаспадарчай пабудовы зніклі кансерваваныя прадукты агульным коштам 253 рублі. Злодзей пранік у памяшканне, узламаўшы дзвярны замок. Хутка было ўстаноўлена, што зрабіў гэта беспрацоўны жыхар аграгарадка Глыбачка 1983 года нараджэння. Дарэчы, адказваць перад законам яму давядзецца не толькі па гэтай крымінальнай справе. Таксама ў снежні з дачнага дома пенсіянеркі з Наваполацка ў вёсцы Якаўкі ён выкраў прадукты харчавання і туалетныя прыналежнасці на суму 48 рублёў. Праз акно залез і ў чужы дачны дом у роднай Глыбачцы – тут яго “здабычай” стала пральная машына “Волга-8” коштам 40 рублёў.

Няпрошаны госць

Усяго некалькі дзён адсутнічаў дубраўчанін на сваёй дачы ў вёсцы Якаўкі. Аднак гэтага часу пакуль невядомаму злодзею хапіла, каб правесці там “рэвізію”. Ліквідаваўшы перашкоду ў выглядзе дзвярнога прабою, ён пранік у адну з гаспадарчых пабудоў, адкуль вынес аўтазапчасткі, электрарухавік, вуглашліфмашынку агульным коштам 1160 рублёў. Праваахоўнікі шукаюць “госця”.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *