У кадастрового инженера Руслана Прудникова земельные участки на строгом учете

Общество

Напэўна, дзіўна прагучыць, але не герой нашага аповеду выбраў у свой час будучую прафесію, а хутчэй – яна яго. Прычым, так захапіла, што ні перамена месца жыхарства, ні іншыя жыццёвыя абставіны не прымусілі юнака ад яе адмовіцца.Напэўна, дзіўна прагучыць, але не герой нашага аповеду выбраў у свой час будучую прафесію, а хутчэй – яна яго. Прычым, так захапіла, што ні перамена месца жыхарства, ні іншыя жыццёвыя абставіны не прымусілі юнака ад яе адмовіцца.

Напрыканцы школьнага навучання ўраджэнец Мсціслаўшчыны меркаваў звязаць свой лёс з будаўніцтвам і ўжо рыхтаваў дакументы для паступлення ў Магілёўскі дзяржуніверсітэт. Унесці карэктывы ў гэтыя планы прымусіла яркая “рэкламная кампанія”, якую правяла з Русланам Аляксандравічам і яго блізкімі знаёмая. Дзяўчына расказвала пра ўсе выгоды навучання ў Горацкай сельгасакадэміі, якая да таго ж знаходзіцца блізка ад дома.

– З выбарам спецыяльнасці нават не вагаўся, – расказвае Р.А.Пруднікаў. – Як і планаваў, стаў інжынерам, толькі не ў будаўнічай галіне, а па зямельным кадастры. Дарэчы, справа аказалася па душы – упэўніўся ў гэтым, калі ў 2015 годзе пачаў працоўную дзейнасць.

У аддзеле землеўпарадкавання Ушацкага райвыканкама, якім на працягу 4 апошніх гадоў кіруе Людміла Іванаўна Андрэйчык, Руслан Аляксандравіч працуе адносна нядаўна. У маленькім калектыве з усяго трох чалавек асвоіўся хутка, узяўшы на сябе вялікі і адказны ўчастак. Гэта і абслугоўванне Сарочынскага, Глыбачанскага, Вяркудскага сельсаветаў, і ажыццяўленне дзяржкантролю за эфектыўным, мэтавым выкарыстаннем зямель, папярэджанне і недапушчэнне самавольнага заняцця ўчасткаў.

Нібы зачараваная, гляджу на экран камп’ютара галоўнага спецыяліста. Адкрытая праграма дазваляе завочна трапіць у любую кропку не толькі раёна – краіны ў цэлым. Выбіраем населены пункт, канкрэтны ўчастак – і ўсе аб’екты на ім бачны як на далоні. Можна нават “праматаць гісторыю” і паглядзець, у якім годзе яны з’явіліся. Такім чынам, тлумачыць Р.А.Пруднікаў, удаецца зняць усе спрэчныя моманты з карыстальнікамі зямель. Быў, напрыклад, выпадак, калі грамадзянін, каб пазбегнуць адказнасці, настойваў, што самавольна чужую тэрыторыю не займаў, саджалка ж, якая “выйшла” за межы яго ўчастка, была спрадвеку. Некалькі хвілін – і адваротнае даказана. Пасля пачутых звестак аб часе, калі быў выкапаны водны аб’ект, мужчына прызнаў сваю віну.

– Спраў у нас, сапраўды, шмат, – дзеліцца суразмоўца. – Гэта і разгляд зваротаў грамадзян, юрыдычных асоб, індывідуальных прадпрымальнікаў, якія ўжо валодаюць ці толькі збіраюцца аформіць зямельныя ўчасткі, і работа з самімі ўчасткамі. Кожны кавалачак зямлі на строгім уліку!

Зрэшты, сумненняў у гэтым не ўзнікае – пухлыя папкі з дакументацыяй, розныя карты ў кабінетах аддзела літаральна паўсюль. Між тым, у летнюю пару спраў у спецыялістаў яшчэ прыбавіцца. Як і выпісаных падчас кантрольных аб’ездаў пратаколаў па фактах парушэння зямельнага заканадаўства. У ліку найбольш частых – незахаванне землекарыстальнікамі парадку на сваіх участках, заросласць апошніх бур’яном.

– Жыву з сям’ёй у Полацку, але ахвотна прыязджаю на работу ва Ушачы, – прызнаецца Р.А.Пруднікаў. – Па душы мне аказаўся ваш край і людзі, з якімі даводзіцца кантактаваць. Так склалася, што Магілёўшчына мяне адпусціла, а Віцебшчына гасцінна прыняла. І гэтаму я шчыра рады.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *